Хаім Вэйцман. Хаімава хімія



…Таму што, магчыма, зь яе, хіміі, усё і пачалося.

У 1882 годзе ў Нямеччыне выйшла кніга прафэсара Дзюрынга, якая мела арыгінальную назву “Аб яўрэйскім пытаньні”. Ці мо лепш сказаць: “прафэсара Антыдзюрынга” – дзякуючы Энгельсу ў гісторыю ён трапіў пад гэтай мянушкай. Хто вывучаў марксізм-ленінізм, памятаюць такога пэрсанажа савецкіх мульфільмаў.

Уласна кажучы, пан Антыдзюрынг быў спэцыялістам па мэханіцы, а ў вольны час бавіўся тым, што спальваў віртуальных яўрэяў. Карацей, хімік-аматар. Яны там усе ў душы былі хімікі, гэтыя непрыкметныя людзі ў сваіх нюрнбэргах і невінаватбэргах.

“Ня ў нашым духу зьнішчаць яўрэйскі народ у імя рэлігіі, цяпер гэта мусіць зрабіць раса”, -- пісаў пан Антыдзюрынг у гэтай нашумелай кніжцы. – “Што тычыцца дроваў, каб раскласьці вогнішча сярэднявечча, тое самае, якое трохі адсырэла, і полымя ўжо не ахоплівае яго, як належыць – дык трэба падліць у яго сьвежай нафты, каб закіпелая кроў спаленых на ім яўрэяў напоўніла сваім водарам пратэстанцкія насы…”

Чым не хімічная формула ўратаваньня сьвету ад “лішняга” народу?

У тым самым 1882-м васьмігадовы яўрэйскі хлопчык зь беларускага мястэчка Моталь Хаім Вэйцман таксама думаў пра хімію. Бацькі вырашылі аддаць яго пасьля школы ў Пінскую рэальную вучэльню, дзе ён мусіў адвучыцца сем гадоў. Так, вучэльня была ня простая, а з хімічным ухілам – у выпускных клясах тут праходзілі такія цудоўныя прадметы, як агульная і аналітычная хімія, хімічныя тэхналёгіі і іншыя фокусы. Навучэнцаў ганялі ня толькі па праграме, а і па сапраўдных заводах, якіх у Пінску хапала: на бровар, на стэарынавую фабрыку, на вінакурню.

Праз паўстагодзьдзя кніжку Дзюрынга дастануць з пылу і абвесьцяць адной зь вяршыняў нямецкай філязофскай думкі. А потым яна зноў растварыцца ў нябыце, як у кіслаце. А яшчэ гадоў празь дзесяць Хаім Вэйцман зробіцца першым прэзыдэнтам новастворанай, нібы ў выніку цудадзейнай хімічнай рэакцыі, Дзяржавы Ізраіль.

Уся гісторыя ёсьць хіміяй. Хіміяй веры і хіміяй забыцьця. І альхіміяй надзеі, самай ненадзейнай і самай прыгожай навукі.

Калі я вучыўся ў савецкай школе, ні пра Антыдзюрынга, ні, барані божа, пра Хаіма Вэйцмана нам нічога не расказвалі. Ні на ўроках хіміі, ні на ўроках гісторыі. Галоўнымі хімікамі былі Ленін і Мендзялееў. А самым загадкавым і злавесным пакоем у кожнай больш-менш вялікай школе была так званая “Лябаранцкая”.

Падобная адначасова да пункту прыёма шклатары і таго закутка паліклінікі, у якім таропка здаюць на аналіз мачу і какашкі, яна знаходзілася за сьцяной кабінэта хіміі і была заўжды замкнутая на ключ. У Лабаранцкую пускалі ня ўсіх, а толькі самых правераных і прыбліжаных. Тых, хто ня мог нічога разьбіць або пераблытаць. Як і кожны пэдагог, настаўнік хіміі ўпотай лічыў, што ягоны прадмет – найгалоўны. Што бяз хіміі ў нас няма шанцаў зрабіцца прыстойнымі людзьмі. Хіба што нейкімі адкідамі грамадзтва, якіх ніколі ня пусьцяць у Вялікую Лябаранцкую гэтага сьвету, дзе ўсё такое крохкае і прыгожае.

Настаўнік Дзьмітры Карніенка зь Пінскай рэальнай вучэльні таксама не пускаў абы-каго ў сваю Лябаранцкую. Але Вэйцману як самаму здольнаму вучню ўваход туды быў адкрыты ў любы час. Толькі вось дзьверы ўнівэрсытэтаў Расейскай імпэрыі для яўрэеў былі замкнутыя. Кожнаму дзюрынгу ясна, што сапраўдным хімікам можа быць толькі ісьцінны арыец.

Таму ня дзіва, што, скончыўшы вучэльню, хлопец з Моталя амаль адразу зьехаў з краіны і без праблем паступіў у Фрыбурскі ўнівэрсытэт у Швайцарыі. Так пачалася яго кар’ера хіміка. Спачатку эмігранта, потым падданага Злучанага каралеўства, вынаходніка новага спосабу вытворчасьці ацэтону, які так прыдаўся брытанскаму войску падчас першай сусьветнай, што Вэйцмана называлі вартым помніка.

Чымсьці ён падобны да Альфрэда Нобэля. Нобэля з Моталя. Матыля зь Беларусі, які ледзь не атрымаў Нобэля па хіміі за свае вынаходніцтвы.

А вось што да кар’еры палітыка… Тут ключы ад Лябаранцкай яму таксама дасталіся.

Пачаткам гэтай кар’еры можна лічыць ліст, які Хаім Вэйцман напісаў свайму настаўніку, яшчэ жывучы ў Моталі. Пазнаёміўшыся з ідэямі Герцля, местачковы хлопец, у якога, дарэчы, было адзінаццаць братоў і сясьцёр, выклаў настаўніку сваё бачаньне “яўрэйскага пытаньня”, якое не давала спакою ўсім антыдзюрынгам Эўропы. Яўрэі ўсяго сьвету мусяць імкнуцца ў Сіён і жыць там у сваёй дзяржаве – так вырашыў юны хімік Вэйцман. На той час яму было адзінаццаць гадоў. З гэтым перакананьнем ён пражыў усё жыцьцё – і перакананьне спраўдзілася. З ідэяй Герцля пра тое, што яўрэям варта перасяліцца ў Афрыку, куды іх так хацелі выправіць эўрапейскія прагрэсіўныя дзеячы, Вэйцман ніколі не пагаджаўся. Толькі Палястына – казаў ён. Абяцаная, запавяданая Зямля.

“Усе народы гэтага сьвету падзяляюцца на тых, якія праганяюць яўрэяў, і на тых, якія іх да сябе не пускаюць” – так ён бачыў мапу сьвету, калі ўжо зрабіўся палітыкам, лідэрам сіянісцкага руху. Цікава, да каго ён адносіў нас, беларусаў? Ці верыў у праславутую беларускую талерантнасьць? І ці можна верыць у талерантасць акіяну?

Бо менавіта акіянам здаваліся Вэйцману іншыя жыхары гэтай краіны. Пра гэта ён піша ў сваіх успамінах:

“Гарадок, дзе я нарадзіўся, стаяў на беразе невялікай рэчкі, у балоцістай мясцовасьці, якая займала большую частку Менскай, ды і суседніх беларускіх губэрняў, на пляскатай, адкрытай раўніне, змрочнай і аднастайнай. Увесну і ўвосень усё ператваралася ў мора гразі, узімку панавалі лёд і сьнег, летам – нязьменны воблак пылу. І паўсюль на гэтай раўніне, у сотнях гарадкоў і мястэчак, жылі яўрэі, жылі даўно, маленькія выспачкі ў чужым акіяне…”

Досыць пазнавальны беларускі краявід. О краю мой родны, як выкляты богам, колькі ты зносіш нядолі і няправільных мэтэапрагнозаў, але як жа я люблю гэтую раўніну, гэтую някідкую пляскатасьць, гэтую “змрочнасьць”, якая насамрэч ёсьць усяго толькі стрыманасьцю, і гэтую “аднастайнасьць”, якая ў сапраўднасьці – як чарада музычных паўтораў, неабходных для гармоніі рытмічнага малюнка. Але хімік і палітык Вэйцман бачыў гэта інакш на самым дне сваёй памяці. І меў на гэта свае прычыны.

Здаецца, улады тут так і ня вырашылі, што лепей: гнаць адсюль яўрэяў або не пускаць іх. У выніку яны жылі тут, як свае чужыя. Або чужыя свае.

Прыкладна ў той самы час, калі будучы першы прэзыдэнт Ізраілю прыйшоў у гэты сьвет, галоўны альхімік беларушчыны, паэт і будучы клясык беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч так пісаў пра суайчыньнікаў і адзінаверцаў Хаіма Вэйцмана:

“Жыд да немец – дзеці аднэй маткі,
І мова падобна, і адны ўхваткі,
І абодва ласы на чужую працу,
І, мусіць, абодва ядуць з кроўю мацу.
Абодва абдураць, абдзяруць, як ліпку,
Адбяруць і сошку за бітую скрыпку…”

І гэтак далей. Ну проста Дзюрынг і Герцль нейкія, абняўшыся, з турыстычным візытам у Паўночна-Заходнім краі…

Маца з кроўю – арганічная хімія цемрашальства і дурной прапаганды.

Вядома, пра мацу і ліпку -- гэтак кажа ня сам Багушэвіч. Так думае-гадае сабе пэрсанаж ягонага верша, той самы любы аўтару мужык, “чужы акіян”, прабіраючыся сабе (досыць баязьліва, як для акіяну) па тлумным горадзе, а мо і па мястэчку. У іншым вершы ўжо сам аўтар прызнае, што “жыдоўскі розум” можа быць прыкладам для тутэйшых: “Каб так мы зрабілі, можа бы, і нас ня білі?”

Аднак на гэтай зямлі білі ўсіх. Білі свае, ва ўгоду чужым, білі чужыя, не разьбіраючы, хто тут каму свой. Хімія не спалучаецца з патасам, але зь нянавісьцю – так. Багушэвіч, кажучы ад імя беларускага мужыка, “чужога акіяну”, зьвяртаўся то да бога, то да безыменнай бабулькі. Хаіму Вэйцману за ягоныя заслугі перад дзяржавай надарылася магчымасьць папрасіць для сябе штосьці ва ўладароў Брытанскай імпэрыі. Гэта было падчас трыюмфу, адразу пасьля першай сусьветнай. Тады ён і сказаў знакамітае:

“Мне нічога ня хочацца для сябе асабіста. Але я хацеў бы нешта папрасіць для свайго народу”.

І да яго прыслухаліся. Можа, ня надта ахвотна, можа, не зьбіраючыся выконваць абяцанае, можа, насуперак геапалітычным інтарэсам. Але гэта была ўжо незваротная хімічная рэакцыя: Палястыну ўпершыню прызналі ў тым ліку і яўрэйскай. Асабістыя заслугі Вэйцмана перад імпэрыяй немагчыма было ігнараваць. “Урад Яго Вялікасьці з ухвалаю разглядае пытаньне пра стварэньне ў Палястыне нацыянальнага ачагу для яўрэйскага народу і прыкладзе ўсе намаганьні для спрыяньня дасягненьню гэтай мэты”.

Да стварэньня Дзяржавы Ізраіль заставалася амаль трыццаць гадоў.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
16. Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой
17. Ральф Лярэн. Гулец у пола
18. Луіс Барт Маер. Пакуль рычыць леў
19. Валерыя Навадворская. Так гартавалася сталь
20. Гўінэт Пэлтроў. Яўрэйская прынцэса
21. Шымон Пэрэс. Вайна, мір і іншыя вершы
22. Шон Пэн. Салодкі і брыдкі
23. Мая Плісецкая. Карма Кармэн, або танец непакоры
24. Давід Сарнофф. TV EYE
25. Ігар Стравінскі. Вясна не для ўсіх
26. Павел Сухі. Неба ў тваёй галаве
27. Хаім Суцін. Калмык і Пушкін
28. Леў Выгоцкі. Пэдагогіка для дэфэктыўных
29. Уладзімер Высоцкі. Песьні Прынца Дацкага