Уладзімер Высоцкі. Песьні Прынца Дацкага
Калі Чырвоны чалавек, пра якога піша Сьвятлана Алексіевіч, напраўду яшчэ існуе, дык памерці яму наканавана ад таго, што аднойчы ён ня зможа выбраць паміж Высоцкім і Кабзонам. Антысавецкае – таксама савецкае; народны паэт – невясёлы аксюмаран; у вечнасьці застанецца Акутагава, а не Акуджава. Той, хто спасьцігне гэтыя простыя рэчы, можа гаварыць пра Ўладзімера Высоцкага, не плацячы яму ні даніны павагі, ні іншых пошлых пошлін. Урэшце, калі Высоцкі ня бог, значыць, і Кабзон таксама.
Хай гэта будзе суцяшэньнем для апошняга савецкага чалавека.
Бог ня бог, а тое, што Ўладзімер Высоцкі быў сапраўды народны паэт для жыхароў СССР, аспрэчваць не выпадае – нават калі ты не любіў Высоцкага і не цікавіўся ягонай творчасьцю, ты ня мог ня ведаць ні як ён выглядае, ні ягоных песьняў, ня мог не запомніць на ўсё жыцьцё гэты шорсткі і трывожны голас. Ад Высоцкага нідзе немагчыма было схавацца: з магнітафонаў гучаў забаронены Высоцкі, з экрана тэлевізара хрыпеў Высоцкі дазволены, а са двара чуўся Высоцкі ў выкананьні нецьвярозых камсамольцаў. Культ Высоцкага ішоў з самага народнага дна, усплываў, як утопленае ўладамі цела чыстага і п’янага таленту. Высоцкага слухалі ўсе: пралетарыі, у тым ліку люмпэны, інтэлігенцыя, у тым ліку сельская, кадэбэшнікі і крымінальнікі, і нават клятая намэнклятура. Пад Высоцкага “касілі” – а побач Ясь касіў канюшыну, і невядома, хто быў больш папулярны: Высоцкі або “Песьняры”.
Што Высоцкі народны паэт, бясспрэчна. Толькі вось народу такога – савецкі – ніколі не існавала. Ён быў выдуманы для Чырвоных людзей, каб яны не пазабівалі адно аднога. Для гэтай наднацыянальнай супольнасьці, ахвяраў дзіўнага экспэрымэнту, унукі якіх ня ведаюць, хто такі Глеб Жаглоў, а праўнукі ня будуць ведаць, хто такі Гамлет, было абсалютна відавочна, што ў СССР сапраўдны народны паэт мусіць пісаць толькі па-расейску.
Дык што, Высоцкі – расейскі паэт?
Не зусім. Высоцкі – народны паэт без народу. Магчыма, у гэтым таксама прычына ягонай шалёнай папулярнасьці. Яго любілі людзі без нацыянальнай ідэнтычнасьці – ім ня трэба было ўпісваць Высоцкага ў свае нацыянальныя культурныя коды. Ён быў свой для ўсіх. Ягонай радзімай была расейская мова – мова, якой нельга было не валодаць. Высоцкі – каляніяльны аўтар. Сваім талентам ён прымусіў рабоў з далёкіх плянтацый навек палюбіць мэтраполію.
Культурны ўзровень жыхароў савецкай імпэрыі быў невысокі і ўвесь час апускаўся ўсё ніжэй і ніжэй. Было памылкай вінаваціць іх у гэтым – доступ да сучаснай сусьветнай культуры ў СССР заўжды быў абмежаваны. Парадаксальным чынам чым больш магчымасьцяў меў Чырвоны чалавек што да музэяў, канцэртаў і бібліятэк, тым менш ён нешта разумеў у мастацтве. Магчыма, таму і расьцьвіла на абшарах імпэрыі так званая “бардаўская песьня” – выродлівае і прымітыўнае мастацтва, ня музыка, не паэзія, не тэатр, а так, намяшана ўсяго патрошку, няхітры крыклівы сінкрэтызм, і таму ўсё збольшага зразумела. А дакладней, зразумела ўсё, бо зьверху – накрыўка чыгуннага савецкага гермэтызму. Бардаўская песьня існавала і ў іншых краінах сацлягеру, і там гермэтызм быў свой, але чыгун – усё роўна савецкі…
Уладзімір Высоцкі – самае цікавае, што спарадзіў гэты жанр у СССР. Пасьля яго сьмерці пачаў ужо ўбірацца ў рост савецкі рок, зьява ня менш прымітыўная, але значна больш палітызаваная і арыентаваная на Захад. Высоцкага можна было б назваць праайцом савецкага року -- ён быў бы выдатным фронтмэнам якога-небудзь перабудовачнага гурта з назвай кшталту “Коні і пісталеты”.
Высоцкі -- кепскі музыка. Але навошта панку ведаць ноты? Парваная струна Высоцкага ляжыць тамсама, дзе струна басухі Сіда Ўішэса – у месцах сустрэчы, якія немагчыма зьмяніць і дзе ніякай музыкай насамрэч і ня пахне. А пахне там самаруйнаваньнем і фаталізмам. Сумнеўныя гульні, аднойчы пачаўшы гуляць у якія, ужо немагчыма спыніцца. Такія людзі і робяцца кумірамі мільёнаў.
Пры жыцьці народны паэт Высоцкі апублікаваў у савецкім друку толькі адзін верш. Здавалася, ці ж гэта ня доказ таго, што гаворка пра сапраўдную літаратуру? Вядома, не. Нязручнасьць і талент не заўжды азначаюць адно і тое. Верш “Я не люблю” таксама ёсьць за што не любіць:
“Я не люблю фатального исхода,
От жизни никогда не устаю.
Я не люблю любое время года,
Когда весёлых песен не пою”.
Па вялікім рахунку, Высоцкі – даволі пасрэдны паэт, бо нічога так ня шкодзіць літаратуры, як надрыў і патас. Знакаміты расейскі надрыў і шчодры някрасаўскі патас. Гэтага майна ў ягоных тэкстах столькі, што паэзія пад імі рэдка мае шанцы ацалець. Ад Высоцкага засталося некалькі добрых вершаў – яны вылецелі з вагону надрыву, калі ён падаў у мора народнай любові. Магчыма, былі і іншыя, але пра іх мала хто ведае. Вагон пайшоў на дно. Да іншых тапельцаў і тапёраў.
Такія паэты і робяцца папулярнымі – яны задавольваюць галоўныя патрэбы эпохі. А людзі эпохі разьвітога сацыялізму мелі патрэбу ў рамантычным, справядлівым і мужным героі. Таму: Штырліц, Высоцкі, Цой… У кожнага Чырвонага чалавека гэты шэраг свой, але Высоцкі апынецца ў любым сьпісе.
Калі думаеш пра тое, хто ў Беларусі быў падобны да Высоцкага, адразу прыходзіць на памяць Анатоль Сыс. Гэткі самы шаман, алькаголік і бажаволак, буян, нонканфарміст, відачынец: трагік і комік у адной асобе. Хіба што пад сяміструнную гітару не сьпяваў. Але тэксты… Гэта і Высоцкі мог прахрыпець:
“Мне на сэрцы золатам вышывалі краты
Кроў балюча капала на маю душу…”
Праўда, Высоцкі вышыванку не насіў, ён любіў чорную скуру. Дый вершы Сыса танчэйшыя, і, што важна, у іх ёсьць нацыянальнасьць. Рэч што тады, што цяпер небясьпечная. Але і Сыс мог напісаць нешта гэткае:
“Час зачатья я помню неточно —
Значит память моя однобока,
Но зачат я был ночью, порочно
И явился на свет не до срока”.
Высоцкага на Беларусі, як і на ўсёй прасторы былой імпэрыі, старэйшае пакаленьне шануе і памятае. І нават перакладае – факт, пры жыцьці Высоцкага неверагодны. І пры гэтым зусім ня кожны тут ведае, што Ўладзімір Высоцкі мае беларускія карані.
Вэрсіяў таго, якія гэта карані, некалькі. Адна з апошніх, больш-менш даказаная дакумэнтальна, такая. Дзед Высоцкага, пра якога сам паэт ня раз успамінаў, Вольф Шлёмавіч Высоцкі жыў у Берасьці (тады: Брест-Літовскій). Ён быў сынам ураджэнцаў мястэчка Сялец, што знаходзіцца зусім недалёка: мешчаніна Шлёмы Высоцкага і Хашы-Фэйгі Булькаўштэйн. Вольф Высоцкі скончыў Кіеўскі камэрцыйны інстытут – ягоная дыплёмная праца была прысьвечаная разьвіцьцю броварнай прамысловасьці ў Расейскай імпэрыі. Цікава, што дырэктарам гэтай установы быў Мітрафан Доўнар-Запольскі, вядомы беларускі гісторык і этнограф.
У 1917 Вольф Шлёмавіч зрабіўся Вольфам Сямёнавічам, а неўзабаве Вольф Сямёнавіч – Уладзімірам Сямёнавічам. У Кіеве нарадзіўся бацька будучай савецкай супэрзоркі – Сямён, які потым пераедзе ў Маскву. Так зьявіўся на сьвет “расейскі” род Высоцкіх, якім так ганарацца на Ўсход ад Беларусі.
У Беларусі Высоцкі быў часта. Ягоныя тутэйшыя знаёмыя любяць расказваць, што Высоцкага тут ніхто ня бачыў цьвярозым. Што ж, у гэта можна было б паверыць, але… Вядомы факт, што дзесьці ў вёсцы паблізу ад Наваградку Высоцкі і Марына Ўладзі правялі месяц, які можна было б з поўным правам назваць мядовым: спалі на сене, елі і пілі тое, што куплялі ў сялянаў, хадзілі ў лес ды на рэчку. Толькі ён, яна і беларуская прырода, якой напляваць, хто ты – бард, чорт ці зорка савецкага кіно. Існуе легенда, што ў лесе Высоцкага аднойчы ледзь не пабілі партызанскія сыны, талерантныя беларусы. Мясцовыя вырашылі, што парачка нахабна прыкідваецца: ну ня могуць Высоцкі і Ўладзі проста так блукаць ваколіцамі іх калгасу. Ведаючы, які ў нашых суайчыньнікаў комплекс непаўнавартасьці, у легенду таксама верыцца.
Высоцкі здымаўся ў Турава, піў гарэлку ў гатэлі “Менск”, а потым браў гітару… Сябры адчынялі акно, і ўвесь Ленінскі праспэкт зьбіраўся пад вокнамі паслухаць: “Высоцкі! Ды ня можат быць! Магнітафон, наверна. Не, ну зуб даю, праўда, Высоцкі! Вы-соц-кі!” Цікава, ці можна ў жывым чалавеку, які выглядвае з акна гатэля, пазнаць любімы табой вобраз? Напэўна, калі б гэта было ў Амэрыцы, яго даўно б ужо застрэліў які-небудзь фанатык. Але Высоцкі забіў сябе сам, не чакаючы Амэрыку ў госьці.
Ня самы лепшы паэт, хутчэй бард, чым музыка, вядомы актор, прафэсійны Глеб Жаглоў, піток, наркаман, няшчасны мача. Кім жа ён быў насамрэч?
Магчыма, Гамлетам. Гэтай роляй ён ганарыўся больш за ўсе астатнія. Называў шэксьпіраву гісторыю “бяздоннай п’есай” – а сам намагаўся намацаць у ёй самае дно.
“Я ня граю прынца Дацкага, я паказваю сучаснага чалавека. Так, можа быць, самога сябе. Але які ж гэта быў цяжкі шлях да сябе… “
Гамлета ён зграў, калі яму было столькі ж гадоў, колькі ягонаму пэрсанажу. І потым прызнаваўся: калі б не атрымалася, гэта не зрабілася б канцом ягонай акторскай кар’еры – падумаеш, ёсьць іншыя ролі ў бяздонным савецкім кіно… Не, гэта было б канцом яго самога як актора, ва ўласных вачах. Мы – гэта нашыя межы. Падысьці да іх ушчыльную – гэта і ёсьць мастацтва.
Альгерд Бахарэвіч
1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
16. Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой
17. Ральф Лярэн. Гулец у пола
18. Луіс Барт Маер. Пакуль рычыць леў
19. Валерыя Навадворская. Так гартавалася сталь
20. Гўінэт Пэлтроў. Яўрэйская прынцэса
21. Шымон Пэрэс. Вайна, мір і іншыя вершы
22. Шон Пэн. Салодкі і брыдкі
23. Мая Плісецкая. Карма Кармэн, або танец непакоры
24. Давід Сарнофф. TV EYE
25. Ігар Стравінскі. Вясна не для ўсіх
26. Павел Сухі. Неба ў тваёй галаве
27. Хаім Суцін. Калмык і Пушкін
28. Леў Выгоцкі. Пэдагогіка для дэфэктыўных