Леў Выгоцкі. Пэдагогіка для дэфэктыўных



“Я гатовы”. Злавесныя, велічныя і ўрачыстыя словы, пасьля якіх ужо няма дарогі назад.

“Я гатовы”. Гэтымі словамі адказаў некалі Гамлет прывіду свайго бацькі – і ўвайшоў у гісторыю (а мог бы і ўцячы, і ўсё б сталася зусім інакш). “Я гатовы”, -- прамаўляе нецярпліва Фаўст, гартаючы старонкі Кнігі.

“Я гатовы”. Так празь некалькі стагодзьдзяў скажа пэрсанаж знакамітай навэлы Кафкі “Ператварэньне”. Ягоная сям’я яшчэ ня ведае, што адбылося, дзьверы ў пакой зачыненыя, і адтуль чуецца глухі голас няшчаснага каміваяжора, які зрабіўся інсэктай: “Bin schon fertig“.

Гатовы да чаго? Да пераходу ў іншы стан, да падарожжа ў невядомасьць, пра якую ніхто ня можа табе расказаць. Да разьвітаньня са звыклымі межамі быцьця, да новага існаваньня. Да небясьпечнага экспэрымэнту над самім сабой.

„Я гатовы”, -- такімі былі і апошнія словы вучонага-псыхоляга Льва Выгоцкага, які памёр у Маскве ў 1934 годзе. Выпраўляючыся ў шпіталь для сухотнікаў, ён узяў з сабой толькі адну, улюбёную кнігу, таго самага “Гамлета”, якога ведаў на памяць.

“Заўжды гатовы!” – адгукнуліся мільёны савецкіх дзяцей, ускінуўшы рукі ў піянэрскім салюце.

Тых савецкіх дзяцей Леў Выгоцкі дасьледваў амаль усё сваё нядоўгае жыцьцё. Савецкія дзеці вырасьлі, Кафка зрабіўся быльлю, Мэфістофэль сустрэўся ў Маскве з Майстрам, а Леў Выгоцкі... Можна сказаць, яму пашанцавала – калі б ён пражыў яшчэ некалькі гадоў, яго, хутчэй за ўсё, расстралялі б як шкодніка. Сухоты апярэдзілі чэкістаў, але памяці ўсё роўна давялося выбірацца з-пад абломкаў. Да канца саракавых пра яго забыліся, і нават прывіду Выгоцкага было забаронена зьяўляцца ў школах і ўнівэрсытэтах.

Толькі ў шасьцідзясятых, калі імя Выгоцкага было адкрытае на Захадзе, у сусьветнай псыхалёгіі пачаўся сапраўдны бум, зьвязаны зь ягонай асобай. “Спадзяюся, вы ведаеце, што ваш бацька для нас геній?”—запыталіся пажылую ўжо дачку Льва Выгоцкага, калі яна сустрэлася з амэрыканскімі псыхолягамі. Былі перакладзеныя ягоныя асноўныя працы, у тым ліку “Мысьленьне і маўленьне”, сучасныя навукоўцы ўзброіліся яго тэорыямі, а распрацаваную Выгоцкім культурна-гістарычную канцэпцыю абвясьцілі ледзьве не найважнейшым адкрыцьцём у псыхалёгіі 20 стагодзьдзя. “Моцарт псыхалёгіі” – так яго будуць называць у Амэрыцы, дзе, штопраўда, моцартамі і бэтговэнамі любяць называць ня толькі вучоных, але і сабакаў, ды якім быў бы сьвет, калі б не сабака Паўлава? Але так было не заўжды.

“Гора-тэарэтыкі” – гэта самая мяккая характарыстыка, якой адорвалі на пачатку трыццатых самога Выгоцкага і ягоных калегаў у Савецкім Саюзе. Адорвалі, дарэчы, ня самыя цёмныя людзі: Чукоўскі, Макаранка…

Уся рэч у тым, што Выгоцкі быў адным зь лідэраў пэдалёгіі – экспэрымэнтальнай навукі, сама назва якой зрабілася лаянкай на доўгія дзесяцігодзьдзі ў Расеі і на ўсёй постсавецкай прасторы. Сказаць, што цябе цікавіць пэдалёгія, было тым самым, што абвясьціць сябе астролягам, альхімікам або нэкрамантам.

“Ён атрымаў адукацыю ў Харкаве, дзе ў той час атайбавалася група пэдолягаў, гора-тэарэтыкаў, якія сьцьвярджалі, што пралетарскім дзецям не патрэбныя ні казкі, ні цацкі, ні песьні”, -- піша Чукоўскі пра аднаго з пасьлядоўнікаў Выгоцкага, удзельніка знакамітай Харкаўскай псыхалягічнай школы.

“Я шчыра спрабаваў разабрацца ў пэдалягічнай тэорыі, але зь першых жа радкоў у мяне разрэджваліся мазгі, -- абураўся Макаранка. – Што гэта: трызьненьне вар’ята, сьвядомае шкодніцтва, д’ябальскі зьдзек з усяго нашага грамадзтва або проста біялягічная тупасьць? Я ня мог зразумець, як пытаньне агромністай практычнай важнасьці, выхаваньне мільёнаў савецкіх дзяцей, будучых рабочых, інжынэраў, вайскоўцаў, аграномаў вырашаецца пры дапамозе простага, цёмнага клікунства, ды яшчэ на вачох ва ўсіх…”

Вельмі характэрнае тут падазрэньне ў шкодніцтве. Ведаў пан Макаранка, чым палохаць ідэйных праціўнікаў…

Чым жа так раздражнялі пэдолягі і сам Выгоцкі прыхільнікаў клясычнай, адзіна правільнай пэдагогікі?

Магчыма, тым, што занадта настойліва гаварылі пра асяродзьдзе і спадчыннасьць, ня надта зручныя тэмы для новай, савецкай імпэрыі. Магчыма, сваімі бясконцымі тэстамі, якімі яны замучылі ні ў чым не вінаватых савецкіх дзяцей, як праклятыя буржуіны Мальчыша-Кібальчыша. Тым, хто працаваў у пэдалягічных лябараторыях 20-х гадоў, карцела ведаць усе псыхалягічныя асаблівасьці сваіх апекаванцаў, каб распрацоўваць новыя, прагрэсіўныя мэтодыкі навучаньня. Гэта цяпер дзіцячымі псыхолягамі нікога ня зьдзівіш і яны спакойна разгульваюць па вуліцах, а тады да іх ставіліся насьцярожана. Гэта цяпер псыхалягічнымі тэстамі нікога ня ўразіш, а тады яны ўспрымаліся як нешта абсалютна лішняе: гэта ж дзеці, а не пацыенты дурдому! Нашто ім тэсты, калі ёсьць тэксты? Правільныя тэксты Чукоўскага, Макаранкі і іншых савецкіх пэдагогаў.

Да таго ж дарагія дзеткі, гэтае будучае гарматнае мяса і сьвежыя яйцаклеткі на стале ў савецкай дзяржавы, пэдолягамі бязьлітасна сартаваліся: адораныя налева, дэфэктыўныя направа (да іх плянаваўся свой, асаблівы падыход). Так працавала культурна-гістарычная тэорыя Выгоцкага: вышэйшыя псыхічныя функцыі трэба разьвіваць, яны не працуюць самі па сабе. Як правіла, у групу адораных траплялі дзеці былой эліты: інтэлігенцыі, белагвардзейцаў, папоў, чыноўнікаў. У дэфэктыўныя: дзеці рабочых і сялянаў. Такая сартыроўка выглядала вельмі падазрона. У сярэдзіне 30-х, пасьля доўгай барацьбы, пэдалёгія была разгромленая, абвешчаная ілжэнавукай, “гора-тэарэтыкі” выкрытыя, экспэрымэнты згорнутыя, вінаватыя аддадзеныя пад суд.

Мо і правільна? Кожнаму, хто ў юныя гады працаваў савецкім дзіцём, так і хочацца спытаць: за што Выгоцкі ненавідзеў казкі, цацкі і песьні? Чыста савецкае пытаньне. Літаратуру Выгоцкі любіў – як псыхоляг. І дзяцей таксама. Здаецца, ён любіў іх, як Хармс: дзіўнай любоўю дасьледчыка чужога яму сьвету… Любоўю хірурга, якому не дапаможа цацачны нож.

Згодна з культурна-гістарычнай тэорыяй Выгоцкага, чалавек разьвіваецца па дзьвюх лініях: натуральнай і культурнай. Натуральная, дагістарычная лінія – гэта прыроднае, фізыялягічнае разьвіцьцё чалавека ад ягонага нараджэньня да сутыкненьня з навакольным сьветам, калі ў жыцьці чалавека зьяўляецца Знак. Адчуваньні, успрыманьне, дзіцячая памяць, дзіцячае мысьленьне, міжвольная ўвага, міжвольная памяць – праявы натуральнай лініі. Абстрактнае мысьленьне, мова, адвольная ўвага, уяўленьне – гэта ўжо вышэйшыя псыхічныя функцыі, якія дае нам Знак, найвышэйшая прылада нашай псыхічнай дзейнасьці. Ніжэйшымі псыхічнымі фунцыямі мы кіраваць ня можам, вышэйшыя можам карэктаваць і рэгуляваць. Здаецца, проста. Проста і злавесна. Псыхолягі заўжды раздражняюць сваім жаданьнем залезьці чалавеку пад чэрап, пранікнуць на цёмны бок сьвядомасьці, куды лепш не хадзіць ні пралетарыю, ні эліну, ні юдэю…

Трэба быць ненармальным, каб лезьці туды, на той бок сьвядомасьці – асабліва ў цёмную ноч гісторыі, якая ўжо надыходзіла над Эўропай. Зрэшты, Выгоцкага ненармальнасьць ніколі не палохала. Яна яго прыцягвала, як прыцягваюць хмарачосы людзей з боязьзю вышыні. Як псыхоляга яго вельмі цікавілі менавіта дзеці з анамаліямі разьвіцьця, ён лічыў, што “нармальныя” і “дэфэктыўныя” дзеці разьвіваюцца па адных законах, проста культурная лінія ў другіх занадта слабая. Менавіта дэфэкталёгія дазволіла яму выехаць у дваццатых з СССР і паглядзець Эўропу – яго запрасілі на міжнародны кангрэс дэфэктолягаў. Выгоцкі пабываў у Бэрліне, Амстэрдаме, Парыжы, Лёндане. Мог застацца, але не захацеў. Ён лічыў сябе марксістам. Марксістам, які чытае Фройда і Адлера, Бехцерава і Паўлава, Шэксьпіра і Джойса (апошні тады вельмі зацікавіў псыхолягаў і псыхааналітыкаў). Марксістам, які казаў, што ён матэрыяліст у псыхалёгіі, што знак для чалавечай псыхікі тое самае, што прылада працы ў ягоных руках. Марксістам, які занадта часта паўтараў слова “свабода”… “Дзеяньне чалавека, якое ўзьнікла ў працэсе яго культурна-гістарычных паводзінаў, ёсьць свабодным дзеяньнем. Дзеяньнем, накіраваным у будучыню”, -- пісаў ён.

Ён не баяўся будучыні. Гэта і ёй таксама былі адрасаваныя ягоныя словы, сказаныя перад сьмерцю, словы прынца Гамлета: “Я гатовы”. Калі той легендарны момант лічыць завяршэньнем ягонага жыцьця, робіцца ясна, у чым сэнс культурна-гістарычнай лініі разьвіцьця чалавека, якую вызначыў Выгоцкі. У гатовасьці ствараць уласнае жыцьцё з дапамогай знакаў культуры. А такім знакам можа быць і чысты ліст паперы. Яго, гэты ліст, нельга не згадаць, хаця б напрыканцы.

Яўрэй з інтэлігентнай сям’і, Леў Выгоцкі нарадзіўся ў беларускай Воршы, скончыў з залатым мэдалём гімназію ў Гомелі, вучыўся ў двух маскоўскіх унівэрсытэтах. А потым вярнуўся ў Гомель. Год быў ня просты, а 1917-ы. Выгоцкі выкладаў псыхалёгію, лёгіку, эстэтыку, тэорыю мастацтва, выдаваў літаратурна-мастацкі часопіс, арганізаваў тэатр. І вось прыйшло запрашэньне ў Ленінград на Зьезд псыханэўролягаў. Нікому не вядомы Выгоцкі выступаў з дакладам. Гамяльчук гаварыў дваццаць хвілін, і ўвесь гэты час перад ім ляжаў ліст паперы. Выступ быў бліскучы і ўзрушыў усіх. Калі выступоўца скончыў і спусьціўся ў залю, усе пабачылі, што ліст абсалютна чысты.

Так Леў Выгоцкі аказаўся патрэбны савецкай навуцы. Тыя, хто яго адкрыў, неўзабаве зробяцца так званым “колам Выгоцкага”, гуртком інтэлектуалаў, які не распадзецца і празь дзесяцігодьдзі. Можа, у гэтым і ёсьць задача тых, хто гатовы і не баіцца – пакідаць па сабе кругі: канцэнтрычныя колы, што зацягнуць у сябе нават самых баязьлівых і “дэфэктыўных”.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
16. Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой
17. Ральф Лярэн. Гулец у пола
18. Луіс Барт Маер. Пакуль рычыць леў
19. Валерыя Навадворская. Так гартавалася сталь
20. Гўінэт Пэлтроў. Яўрэйская прынцэса
21. Шымон Пэрэс. Вайна, мір і іншыя вершы
22. Шон Пэн. Салодкі і брыдкі
23. Мая Плісецкая. Карма Кармэн, або танец непакоры
24. Давід Сарнофф. TV EYE
25. Ігар Стравінскі. Вясна не для ўсіх
26. Павел Сухі. Неба ў тваёй галаве
27. Хаім Суцін. Калмык і Пушкін