Павел Сухі. Неба ў тваёй галаве
Вядома, што Гербэрт Ўэлс – ня толькі пісьменьнік, але і адзін зь першых філёзафаў-футуролягаў – вышэй за ўсіх людзей ставіў Лётчыкаў.
Яшчэ на пачатку мінулага стагодзьдзя людзі за штурваламі аэраплянаў падаваліся яму прадвесьнікамі новай эры, кастай Абраных, якія здолеюць пакончыць зь цемрашальствам, войнамі і несправядлівасьцю і павядуць чалавецтва да вышыняў духу. Ўэлс проста не ўяўляў сабе, што людзі з крыламі могуць быць звычайнымі забойцамі. Гэтую веру ў лётчыкаў Ўэлс захаваў на ўсё жыцьцё – ні нямецкая авіяцыя над Лёнданам, ні амэрыканцы над Хірасімай не расчаравалі яго ў іхным высокім пакліканьні. Настолькі моцнае ўражаньне зрабілі на маладога Ўэлса першыя лятучыя караблі…
Відаць, нешта падобнае адчуваў і Павел Сухі, сын беларускага вясковага настаўніка, калі сто гадоў таму задзіраў галаву ў неба над Гомелем. У небе ляцелі качкі аблокаў і славуты авіятар Утачкін. Качкі ляцелі ў Афганістан, Анголу, Віетнам, Эгіпет, Карэю, ва ўсе тыя гарачыя краіны, дзе некалі будуць ісьці ня менш гарачыя паветраныя баі. А Утачкін быў у турнэ па Расейскай імпэрыі – дэманстраваў недаверлівым і сонным правінцыйным грамадзянам найноўшы цуд тэхнікі, аэраплян.
Лётаць было марай. Будаваць караблі, якія панясуць людзей вакол сьвету над аблокамі і гарадамі – было больш за проста мару. Гэта было тое самае, што спрычыніцца да стварэньня сьвету наноў.
І Павел Сухі спрычыніўся. Ягоныя караблі зьмянілі сьвет – і працягваюць яго зьмяняць. Праўда, у высокую місію лётчыкаў больш ніхто ня верыць, і зь вялікай літары іх ня піша. Але і стагодзьдзе на зямлі зусім іншае.
Надышла эра, калі словы “высокая місія” больш нічога ня значаць.
Эра кароткіх забойчых абрэвіятураў. З чатырох літар або з трох – ня так важна. Абрэвіятуры гучаць злавесна – як самалёты ў чыстым небе нявіннай чалавечай мовы…
Звар’яцелы геній мовазнаўства, расейска-грузінскі акадэмік Мікалай Мар у трыццатых гадах даказваў, што ўсе мовы сьвету пайшлі ад чатырох першаэлемэнтаў: сал, бэр, рош, ён. Ён жа вучыў, што некалі слова “вада” на ўсіх мовах гучала як “су”. Менавіта ад гэтых двух гукаў пайшлі пярловы суп, адсырэлыя сухары, супэргерой ІСУс, які ўмеў хадзіць па вадзе, і нават Суд Заводзкага раёну горада Менска, які высяляе з кватэраў людзей, што ня плацяць за вадаправод.
Тэорыя акадэміка Мара пасьпяхова забылася. Цяпер “Су” на ўсіх мовах сьвету значыць “самалёт канструкцыі Паўла Сухога”. Беларускага хлопца, які ўзьняўся на самы верх савецкай інжэнэрнай і вучонай эліты, туды, дзе жывуць небажыхары-авіяканструктары, дэміюргі трапасфэры. Больш за паўстагодзьдзя самалёты, распрацаваныя Паўлам Сухім, лётаюць над зямлёй і наводзяць страх на ворагаў. Нават у непрацоўным стане яны выконваюць сваю пачэсную стратэгічную ролю – напрыклад, так было ў КНДР, дзе старыя, праржавелыя зьнішчальнікі “Су-7” яшчэ дваццаць гадоў таму грозна стаялі на аэрадромах, быццам бы гатовыя па першым загадзе падняцца ў паветра, каб абараніць вучэньне чучхэ і асабіста дарагога правадыра.
Хай вораг трапеча.
Горад, дзе нарадзіўся Павел Сухі, таксама можна пры жаданьні прывязаць да таго самага “су” – бо назву ён меў досыць вадзяную: Глыбокае. Гэта цяпер ён сталіца малочнай прамысловасьці (уяўляем неразбаўленую ніякай су згушчонку) і райскі райцэнтр. А ў 1895, калі нарадзіўся Павел Сухі, Глыбокае было проста вялікай вёскай. Адсюль і пачаўся шлях Паўла Сухога ў сьвет. Новае стагодзьдзе ён сустрэў у Гомелі, дзе скончыў гімназію, паказаўшы здольнасьці да моваў і матэматыкі. І тое, і другое яму прыдасца на ўсё жыцьцё. Праўда, ня ўсе мовы аднолькава карысныя для людзей. Беларускую мову Павел Сухі забыў – не прыдалася. Але яна была яму зусім не чужая, гэтая мовачка-дзюймовачка. Кажуць, з бацькамі Паўла Сухога быў знаёмы малады Якую Колас, які падараваў ім сваю кніжку “Песьні жальбы”. Быў у гэтай кнізе верш, які пачынаўся так:
“Як лёгкі дым, як лёгкі пар,
Расталі ў небе кучы хмар.
Ой, гладзь нябёс далёкая,
Крыштальная, глыбокая!”
Мальца, які ўвесь час глядзіць у неба – а менавіта такім быў Павел Сухі – яны не маглі не хваляваць. На тое, што аўтар верша так і ня змог вырашыць, ці ёсьць розьніца паміж дымам і парай, Павел ня стаў зьвяртаць увагу. Урэшце, паэт Колас скончыў усяго толькі настаўніцкую сэмінарыю, а Павел Сухі паступіў у Маскоўскі унівэрсытэт, на матэматычнае адзьдзяленьне, а потым у Тэхнічнае імпэратарскае вучылішча – якая тут паэзія. Для ягоных бацькоў гэта быў найвышэйшы ўзровень, на які мог узьняцца сын. Для Паўла Сухога – першай прыступкай да неба. Неўзабаве ён ужо чалец авіяцыйнага гуртка. Неба робіцца ўсё бліжэй. Неба зьмяняецца так імкліва – толькі б пасьпець. Неба ляціць кудысьці на Захад. А аблокі ўжо не нагадваюць качкі. Яны нагадваюць вялікія лятучыя караблі. Тыя самыя…
Цэпэліны ў небе…
Неба ў цэпэлінах…
Праўда, на першай сусьветнай, куды забралі студэнта Сухога, ён служыў ня лётчыкам, а артылерыстам – на Заходнім фронце. Расейская імпэрыя выйшла з вайны, Сухі вярнуўся ў маскоўскі вір, а адтуль – зноў у Гомель. Пачаліся ягоныя блуканьні па Беларусі: настаўнік у Лунінцы, потым уцякач ад польскай коньніцы, зноў Гомель. Гэта ў той неспакойны час, калі пра неба давялося на нейкі час забыцца (але не адрачыся), Сухі пачаў кашляць – усё мацней і мацней, быццам кананада, што няўхільна набліжаецца да гораду. Зрэшты, кашлялі ўсе навокал, трунаў у горадзе было болей, чым нараджалася дзяцей. Шкарлятына, тыфус – на мове тых гадоў гэтыя словы былі бадай што сынонімамі сьмерці.
Але бог пашкадаваў – як авіяканструктар авіяканструктара. Сухі ацалеў – толькі голас зьмяніўся да непазнавальнасьці. Гэта з тае пары ягонае звычайнае беларускае прозьвішча пачало адпавядаць характару: пра нешматслоўнага, з глухім змрочным голасам Сухога пачалі казаць, што і чалавек ён так – строгі, невясёлы, маўклівы, ня надта зычлівы. Ясна, што памыляліся – але вобраз быў створаны выразны: суворы, паважны і халодны. Акурат для авіяцыйнага дэміюрга.
Авіяканструктарам у сапраўдным значэньні гэтага грувасткага слова Сухі зрабіўся ў Маскве, куды паехаў у 1921 працягваць вучобу. Яму пашанцавала – кіраўніком ягоным быў сам Андрэй Тупалеў, стваральнік ня менш знакамітага, але значна больш мірнага “Ту”. Таго самага, пра які ў СССР сьпявалі вясёлыя песенькі на матыў пахавальнага марша:
“Ту-104 самый лучшій самолет,
Ту-104 нікогда не упадет…”
Ту і Су.
Каін і Авэль самалётабудаўніцтва. Абодва лётаюць дагэтуль. Абодва пакідаюць сьляды на небе – а часам і на зямлі. І абавязкова – у жыцьцях і проста біяграфіях, якія жыцьцямі так і ня сталі.
Дыплёмная праца Паўла Сухога называлася ўнушальна:
“Аднамясцовы зьнішчальнік з маторам у 300 конскіх сілаў”.
З таго часу самалёты Сухога будуць пераважна зьнішчаць, а таксама руйнаваць, узрываць, забіваць і падбіваць. І іх таксама будуць нішчыць, бязьлітасна і зь нянавісьцю. Другая сусьветная не прынясе самалётам Су шмат славы – але статыстыка пакажа, што бамбардавальнікі Су гінулі ў паветраных баях удвая радзей за іншыя самалёты. Зорным часам для Сухога зробіцца вайна ў Карэі – Су мог бы быць адным з сымбаляў той вайны. Калі нейкая вайна мае права мець іншы сымбаль, апрача ўсьмешлівай сьмерці ў касцы міратворца і зь біноклем у занадта ладных, як для ваякі, руках…
Напэўна, хлопчыкі робяцца дарослымі менавіта ў той момант, калі раптам пачынаюць бачыць за такой цудоўнай і такой магутнай вайсковай тэхнікай вочы тых, хто ад яе загіне. Калі за абрысамі гордага зьнішчальніка або бамбардавальніка раптам зьявіцца зусім ня гордая, але зьляканая на сьмерць постаць чалавека, што перажывае паветраны налёт на свой горад.
Але на гэта здольныя адзінкі. Шмат хто з хлопчыкаў так ніколі і не сталее, бо ніяк не нагуляецца ў вайну. Зь іх атрымліваюцца палітыкі і генэралы. Палітыкам і генэралам пазарэз патрэбны чалавечы канструктар. І геніяльны авіяканструктар пад рукой – каб кубікі падалі, падалі, падалі, каб жывыя салдацікі спатыкаліся аб іх і крычалі: “За родзіну!”, каб аблокі ляцелі туды, куды ім скажуць, і несьлі сьмерць, сьмерць, сьмерць…
Павел Сухі фактычна зробіцца родапачынальнікам савецкай ваеннай рэактыўнай авіяцыі, а наогул пад ягоным кіраўніцтвам будзе распрацавана 50 канструкцый самалётаў. “Тупалеў і Сухі заваявалі для Расеі неба” – так будуць гаварыць, калі ні першага, ні другога ўжо ня будзе ў жывых, калі краіны пад назвай СССР, што ляцела ў будучыню ўпэўнена і безаглядна, як “самый лучшій самолет”, ужо ня будзе існаваць. Але неба Расеі будзе мала. І зямлі мала – як той свадзьбе з савецкага супэргіта брэжнеўскіх часоў. І толькі дурань будзе абвіначваць у гэтым створаныя Сухім самалёты.
Павел Сухі памёр у 1975-м – у той самы год нарадзіўся аўтар гэтых радкоў, і будзь ён пракляты, калі ў сямігадовым узросьце не захапляўся савецкімі самалётамі Сухога.
Самымі лепшымі ў сьвеце.
Самалётамі з гісторыяй на бартах.
Альгерд Бахарэвіч
1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
16. Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой
17. Ральф Лярэн. Гулец у пола
18. Луіс Барт Маер. Пакуль рычыць леў
19. Валерыя Навадворская. Так гартавалася сталь
20. Гўінэт Пэлтроў. Яўрэйская прынцэса
21. Шымон Пэрэс. Вайна, мір і іншыя вершы
22. Шон Пэн. Салодкі і брыдкі
23. Мая Плісецкая. Карма Кармэн, або танец непакоры
24. Давід Сарнофф. TV EYE
25. Ігар Стравінскі. Вясна не для ўсіх