Ігар Стравінскі. Вясна не для ўсіх



Куды накіроўваюць свае стомленыя постсавецкія ступакі турысты з былога СССР, ўпершыню апынуўшыся на вэнэцыянскай высьпе-пагосьце Сан-Мікеле? Вядома, да Бродзкага, Стравінскага і Дзягілева. На магіле Бродзкага пакідаюць цыгарэты, запальнічкі, асадкі, паперкі (кветкі – гэта само сабой) – пішы, Іосіф, мы помнім, мы ганарымся і нават сёе-тое чыталі. Магіла Дзягілева нагадвае блышыны рынак: капялюшыкі, пуанты, насоўкі, хустачкі, кніжкі, газэты і нават візытоўкі – па сутнасьці, гэта тое самае, што надрапаць на магільным помніку “Здесь былі Петя і Оля”, але больш “інтэлігентна”…

Магілы Стравінскага і ягонай жонкі Веры, як ні дзіўна, пустыя і досыць строгія. Толькі кветкі і белы мармур. Можа, іх штодня прыбіраюць, а можа… Хочацца верыць, што публіка інстынктыўна адчувае: Стравінскаму проста не пасуюць ніякія сымбалічныя рэчы. А вечнасьці, у якой ён апынуўся – і пагатоў. Дый пры жыцьці ён ня надта верыў у тое, што музыка здольная нешта выяўляць:

Сэнс існаваньня музыкі ня ў тым, што яна нешта выяўляе. Калі нам здаецца, што яна гэта робіць, гэта толькі ілюзія… дадатковая якасьць, якую мы па нейкай маўклівай згодзе ёй прыпісалі, гвалтоўна навязалі, як абавязкову форму адзеньня… Музыка – адзіная сфэра, дзе чалавек рэалізуе цяперашняе. Недасканаласьць ягонай прыроды ў тым, што ён асуджаны адчуваць на сабе цякучасьць, плыткасьць часу, успрымаючы яго заўсёды ў катэгорыях мінулага або будучага, ён ня здольны адчуць час як нешта ўстойлівае, сапраўднае, тое, што ёсьць цяпер…

Гэта з кнігі Стравінскага “Хроніка майго жыцьця”. Мала хто з мастакоў наважваўся даць адказ на пытаньне, чым ёсьць ягонае ягонае мастацтва. Што такое літаратура, музыка, жывапіс, тэатр… Стравінскі паспрабаваў:

Фэномэн музыкі дадзены нам выключна для таго, каб унесьці парадак ва ўсё існае, і перш за ўсё – у стасункі паміж чалавекам і часам”.

Ён наогул – адзін з тых мастакоў, якія ўвесь час зьмяняліся і ўвесь час кідаліся з галавою ў нязьведанае. У маладосьці – апантаны вагнэрыянец, нацыяналіст, які чэрпаў натхненьне ва ўсім расейскім, народным, “ісконном”. Муза прыходзіла да яго ў какошніку і паказвала пашпарт на імя незабыўнай Арыны Радзівонаўны – Стравінскі не пратэставаў. Пачалася вайна – і ў сваіх эўрапейскіх падарожжах пачаўся іншы, новы Стравінскі, нэаклясычны, Стравінскі-эўрапеец, які сваёй музыкай уносіў парадак ня толькі ў дачыненьні чалавека і часу, але і ў сваю прыватную геапалітыку – скарачаючы кожным творам адлегласьць паміж Масквой і Парыжам, Пецярбургам і Бэрлінам, Расеяй і Захадам.

Заставаўся ўсяго крок да Стравінскага-касмапаліта, грамадзяніна сьвету, які некалькі разоў мяняў падданства і сам вырашыў ствараць абсалютна новую музыку, музыку, якую чалавек можа пачуць, толькі зьмяніўшы сваю прыроду, Стравінскага-авангардыста. Як вынік – цяпер яго шануюць усе: Стравінскага граюць, у яго вучацца, яго выкарыстоўваюць экспэрымэнтатары і традыцыяналісты, масавая культура і “інтэлігенты”… Стравінскі – вялікая загадка расейскай душы для самой расейскай душы. Расейскі чалавек замірае перад ім у недаўменьні і захапленьні: яму не хапае ні сьцягоў, ні какошнікаў, ні крыжоў, каб абвешаць Стравінскага з ног да галавы. Ён па звычцы называе Стравінскага нашым – і як фальшыва гучыць гэтае “наш”. Музыка не бывае нашай або чужой. Бо нічога не выяўляе… А час – ён адзін на ўсіх. І кожны сам вырашае, у якім Стравінскім яму жыць і якога Стравінскага чуць.

Такога мастака ў жыцьці звычайна непазьбежна суправаджаюць скандалы – і іх на лёс Стравінскага хапіла зь лішкам. Тая “Вясна сьвяшчэнная”, якую так любяць як сьветлафорныя патрыёты, так і антыпатрыятычныя цёмныя сілы, з самага пачатку ўспрымалася як вясна не для ўсіх. Парыж, Тэатр Елісейскіх палёў, 1913. Пастаноўка “Вясны”: зь першых гукаў у залі сьмех, тупаньне, зьдзеклівыя крыкі… Гэта – ня музыка. Гэта – не балет. Гэта – l`abiechtot, абы-што: ад дзікунскай харэаграфіі людзі ў шоку, ня менш пачуцьцёвы, ламаны, жарсны рытм б’е іх па галаве і прымушае хапацца за сэрца. Што сабе дазваляе гэты расеец?

Публіка падзяляецца на дзьве амаль роўныя часткі, першая вітае нараджэньне новага мастацтва, другая бачыць у ім забойства ўсяго, што так дорага любому інтэлігенту… Стравінскага спрабуюць узьняць на шчыт францускія авангардысты, інтэрвію зь ім выходзіць у выглядзе маніфэста новай музыкі – кампазытару яшчэ доўга давядзецца ад яго адхрышчвацца. “Музыка нічога не выяўляе…” – кажа ён, але яго ня слухаюць. Мінае ўсяго толькі год, і пасьля пастаноўкі “Вясны” у тым самым Парыжы ўдзячныя прыхільнікі выносяць Стравінскага на руках і нясуць па вуліцах да самай Пляс дэ Трынітэ…

Да скандалаў ён звыкнецца. Самыя вядомыя зробяцца легендарнымі. У саракавых гадах у ЗША дырыжор Стравінскі быў абавязаны перад кожным канцэртам граць амэрыканскі гімн. Старыя аранжыроўкі ён лічыў слабымі і аднойчы ў Масачусэтсе вырашыў “перагарманізаваць” “The Star-Spangled Banner”. Для Стравінскага гэта было цалкам нармальна, але для шараговых амэрыканцаў выглядала так, быццам нехта вырашыў памяняць на сьцягу месцамі зорачкі і палоскі. На наступны дзень да Стравінскага прыйшла паліцыя і забараніла зьдзеквацца з нацыянальнага скарбу.

Не, ён ня ўдзельнічаў у войнах. Але яшчэ падчас першай сусьветнай напісаў свой-вакальна інструмэнтальны спэктакль “Гісторыя салдата” – у якім улавіў усё тое д’ябальскае, што пачуў у грукаце новай эпохі. Ягоную музыку наогул часта называюць чорнай, чортавай, д’ябальскай – і калі ўспомніць, колькі ў творах Стравінскага паганства, колькі зваротаў да цёмнай, лясной, земляной, грыбной народнай душы, дык робіцца ясна, чаму людзей ягоная музыка дагэтуль гіпнатызуе. “Мне цікава, як зьвер прачынаецца ў чалавеку, і як у зьверы прачынаецца чалавек” – так ён камэнтаваў адзін са сваіх самых вядомых твораў, “Пятрушку”, расейскага пэрсанажа народнага лялечнага тэатра, ляльку, што ў якой прачынаецца жыцьцё і чалавечыя эмоцыі. Бадай што кафкіянскае пераўтварэньне наадварот.

Гістарычна Пятрушка – і праўда “зьвер”, яшчэ ў 19 стагодзьдзі гэта жорсткая лялька, якая забівае сваіх ворагаў доўбняй або проста палкай. І, вядома ж, не такі ён і расейскі: малодшы брат старажытных загранічных лялек Пульчынэлы, Гіньёля і Пэдрыла. І ў беларускай батлейцы быў падобны пэрсанаж. Царква ніколі не ўхваляла ягонага існаваньня – што ня дзіўна, улічваючы, што адной з галоўных ахвяраў Пятрушкі заўжды быў поп. Стравінскі і праўда меў нейкую дамову з д’яблам. Як, зрэшты, і кожны мастак… Таму нездарма Пятрушка, знаходка для мадэрністаў, так зацікавіў кампазытара…

Але любы Леверкюн Стравінскаму будзе замалы. Стравінскі бег па сьвеце, не затрымліваючыся там, дзе маршы рабіліся занадта гучныя, а законы – занадта нечалавечыя, і ўсяляк пазьбягаў палітыкі. А калі і выказваўся пра яе, дык таксама – як кампазытар і дырыжор. “Што вы думаеце пра савецкую музыку?” – спыталі ў яго журналісты ў 1936 годзе.

“Я думаю, што народ, які перажыў такі паварот сацыяльнай структуры, ня можа ствараць цікавае мастацтва, яны там нешта робяць, але гэтае нешта – усяго толькі частка прапаганды”.

Хіба Стравінскі ня чуў пра Шастаковіча? “Лэдзі Макбэт” ужо прагучала, і амэрыканскія газэты пасьля прэм’еры назвалі савецкага кампазытара самым парнаграфічным кампазытырым у гісторыі опэры. Але Стравінскі сам мог бы прэтэндаваць на гэты тытул. Што тут: зайздрасьць, спаборніцтва або і праўда – поўная абыякавасьць да палітыкі?

“Стравінскага цяжка ўявіць сабе без унікальнага, складанага рытму”, -- кажуць цяперашнія музыкі. І адразу чамусьці прыгадваецца Афрыка… У 1962 годзе Стравінскі выступаў і там, у ПАР, са сваёй “Сымфоніяй псальмаў” – як дырыжор. Акурат у гэты год быў пасаджаны ў турму Нэльсан Мандэла. Але “палітыка забівае мастацтва”, быў перакананы Стравінскі. Хутчэй за ўсё, ён і ня чуў ні пра які апартэід…

Ён шмат чаго ня чуў і слухаў. Не хацеў слухаць. І нават наведаўшы ў шасьцідзясятых разам з жонкай Савецкі Саюз – ужо ў чыне клясыка, ён не падазраваў, што існуе такая краіна, як Беларусь, і ён мае да яе нейкае дачыненьне.

Ігар Стравінскі нарадзіўся ў Араніенбаўме, на лецішчы сваіх бацькоў. У гарадку зь нямецкай назвай, на вуліцы Швайцарскай, паблізу ад самага нерасейскага з расейскіх гарадоў, падданы расейскага імпэратара, кампазытар і дырыжор, апатрыд, а потым грамадзянін Францыі і ЗША, нашчадак старажытнага беларускага роду, касмапаліт… Вось такі радавод яму пасуе. Вось у ім сапраўды злучаюцца ўчора і сёньня.

Пытаньне, ці мае Ігар Стравінскі беларускія карані, спрэчнае для ўсіх нашых суседзяў, але толькі не для саміх беларусаў. Бо бацька кампазытара Фёдар Стравінскі, опэрны сьпявак і артыст знакамітага Марыінскага тэатра, паходзіць з Гомельшчыны. Менавіта там, пад Рэчыцай, ён зьявіўся на сьвет – праўда, далейшае ягонае жыцьцё больш зьвязана з Украінай і Расеяй. Фёдар Стравінскі належаў да шляхецкага роду Стравінскіх гербу Суліма – у залежнасьці ад таго, хто цікавіцца яго гісторыяй, гэты род абвяшчаецца то польскім, то украінскім, то беларускім. Такі ўжо тут від спорту: вызначаць, хто чый. І абменьвацца славутасьцямі, як шпіёнамі або ваеннапалоннымі, і грызьціся за іх. Бо герояў не хапае. Чалавек думае толькі мінулым і будучым.

А пачатак свой Сулімы вядуць наогул зь Нямеччыны, ад прускіх магнатаў. Самы знакаміты з Сулімаў – Завіша Чорны, пра якога пісаў Генрык Сянкевіч у сваіх “Крыжаках”. Род Стравінскіх гербу Суліма прыкладна ў 17 стагодзьдзі асеў на Мазыршчыне. Менавіта да яго, відаць, належаць усе Стравінскія, сярод якіх столькі музыкаў, што ў гэтым ёсьць штосьці містычнае: Фёдар і Ігар Стравінскія, Юры Стравінскі, піянст Павілас Стравінскі, дырыжор Марыюс Стравінскі, Юры Стравінскі, і нават нейкі расейскі панк-гітарыст… Відаць, абмінуў дагістарычны мядзьведзь кагосьці з праайцоў роду, пашкадаваў вуха.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
16. Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой
17. Ральф Лярэн. Гулец у пола
18. Луіс Барт Маер. Пакуль рычыць леў
19. Валерыя Навадворская. Так гартавалася сталь
20. Гўінэт Пэлтроў. Яўрэйская прынцэса
21. Шымон Пэрэс. Вайна, мір і іншыя вершы
22. Шон Пэн. Салодкі і брыдкі
23. Мая Плісецкая. Карма Кармэн, або танец непакоры
24. Давід Сарнофф. TV EYE