Давід Сарнофф. TV EYE



Ад першых пісьмёнаў і вузялкоў да дротавага тэлеграфу – некалькі тысяч гадоў. Ад тэлеграфу да інтэрнэту – усяго каля стагодзьдзя. Некалі чалавек пражываў свае сярэднестатыстычныя трыццаць бясконца доўга. Цяперашнія насельнікі плянэты, юзэры і лузэры, вокам міргнуць не пасьпяваюць. Інфармацыя хутчэй за вока. Жыцьцё хутчэйшае за міг.

Калі людзі зрабіліся такімі? І дзе? Магчыма, ў натоўпе, які атачыў ню-ёркскі тэлеграф у адзін з красавіцкіх дзён 1912 году, прагнучы навінаў?

Напэўна, у гэты дзень шмат хто адчуў, што гісторыя прыйшла да яго ў дом. Незразумела толькі было, што з гэтага ўсяго атрымаецца. Наступствы зразумелі адзінкі. Сярод іх быў і малады чалавек Дэвід, эмігрант з Расеі. Дэвід любіў радыё. Але радыё да пары маўчала.

Быў Давід Сарнофф тым маладым героем-тэлеграфістам, які першым злавіў сыгнал ад “Тытаніка” – або гэта прыгожая легенда, якую сам яе пэрсанаж старанна падтрымліваў цягам усяго жыцьця? Гэтага мы, відаць, ужо не даведаемся. Злыя языкі кажуць, што 14 красавіка 1912 году быў выходным і тэлеграфная кампанія, на якой працаваў Сарнофф, была папросту зачыненая. Але фатаграфавалі маладзёна ў тыя дні так часта, як могуць фатаграфаваць толькі ў Амэрыцы. Бо за нядзеляй прыйшоў панядзелак, і 21-гадовы тэлеграфіст фірмы “Марконі”, які трое сутак не адыходзіць ад апарату, падтрымліваючы сувязь спачатку з тонучым караблём, а затым з ратавальнікамі – гэта была сапраўды вартая ўвагі гісторыя.

І вартая радыё. Але радыё тады яшчэ ніхто не ўспрымаў так сур’ёзна. Забаўка, ня болей. Для такіх, як Дэвід, маладых і апантаных энтузіястаў. Зрэшты, якая розьніца – першы ён зьвязаўся з ахвярамі айсбэргу або ня першы. Нават калі б Дэвід Сарнофф нічога ня чуў у тыя дні пра “Тытанік” – пра яго, Дэвіда, усё роўна даведаўся б увесь сьвет. Пасьля самай знакамітай катастрофы ў Атлянтыцы Кангрэс ЗША прыняў пастанову пра абавязковае абсталяваньне радыёапаратурай усіх судоў, колькасьць пасажыраў і каманды на якіх перавышае 50 чалавек. Радыё канчаткова перамагло іншыя віды сувязі, без радыё больш нельга было абысьціся – надышла эра Дэвіда Сарноффа, радыёспэцыяліста і тэлеграфіста, які адным зь першых у Амэрыцы зразумеў вялікія пэрспэктывы радыёкропкі. Прычым як станоўчыя, так і адмоўныя.

Ва ўзросьце ўсяго 26 гадоў ён будзе прызначаны камэрцыйным дырэктарам Радыёкарпарацыі Амэрыкі. У 1923 у ЗША было ўжо два з паловай мільёны радыёпрыймачоў. Сарнофф будзе ўсё жыцьцё змагацца за амэрыканскае радыё, радыё забаваў, сэнсацый, музыкі, радыё палітыкі і радыё дэмакратыі, будзе біцца за “галасы”, што мусяць быць чутныя паўсюль: за “Голас Амэрыкі” і “Голас ААН”. Першы голас загаворыць адразу на розных мовах, другі так і застанецца праектам, пахаваным самімі Аб’яднанымі нацыямі. Радыё пераможа. Радыё прыйдзе ў кожны дом і зробіцца наймагутнейшым сродкам прапаганды. Радыёкропка ў беларускай хаце, якая гнусавым голасам мясцовага цара расказвае пра тое, што наш Тытанік непатапляльны – гэта таксама радыё Сарноффа. І Радыё Свабода ў іншай хаце. І Радыё Культура, і Радыё Ватыкан, і Радыё Тырана.

Шматмоўны джын, выпушчаны з бяздоннай бутэлькі шэрага прыймача.

Адкуль жа ўзяўся містэр Сарнофф? Не матэрыялізаваўся ж ён і праўда з радыёэтэру?

У назьве мястэчка, дзе Давід Сарноў зьявіўся на сьвет, таксама чуецца нешта радыйнае, інфармацыйнае. Вузьляны – ёсьць тут нешта ад радыёвузла, ад скручанага дроту, ад сонму міргатлівых кнопак і прыёму перадач. Паўтысячы чалавек жыло ў Вузьлянах у 1891 годзе, калі ў сям’і тамтэйшых жыхароў Абрама і Ліі Сарновых нарадзіўся сын Давід. Бацька Давіда быў маляром. У 1897 ён зьехаў у Злучаныя Штаты, а ў 1901 да яго далучылася і жонка з трыма сынамі і дачкой. Ужо тады Давід Сарноў быў надта актыўным маладым чалавекам: ён сьпяваў у сынагозе, добра вучыўся і адну за адной глытаў кніжкі, пра ўсё на сьвеце. Яму хацелася зрабіцца кімсьці, рэалізаваўшы амэрыканскую мару. У Ню-Ёрку ён за год асвоіў ангельскую, бо хацеў зрабіцца журналістам, але пачаць давялося зь іншага – 15-гадовым падлеткам ён адчыніў свой газэтны кіёск у Ніжнім Брукліне. Калі кіёск пачаў прыносіць неблагі прыбытак, Давід Сарнофф кінуўся ў іншую сфэру – тэлеграфная справа. Ён пайшоў працаваць не да кагосьці, а да нобэлеўскага ляўрэата Марконі! Тэлеграф, радыё, новыя тэхналёгіі – Сарнофф гарэў гэтым. Марконі ацаніў хлопца як сьлед. А “Тытанік” ужо спусьцілі са стапэляў… І сыгнал SOS ужо быў прыдуманы…

Але аднаго радыё Дэвіду Сарноффу было мала.

Гэтаму чалавеку ўвесь час усяго было мала. Яму заўжды было занадта сумна жыць сёньняшнім днём. І ўжо знакаміты амэрыканец Сарнофф прыдумаў нам тэлебачаньне.

“Я веру, што тэлевізія прыйдзе ў нашую самую блізкую будучыню”, -- сказаў ён у 1923. Празь некалькі гадоў яна прыйшла – і сьвет страціў цнатлівасьць. Кім мусіў пачувацца чалавек, які запусьціў амэрыканскае тэлебачаньне? Богам? Тэлеграфістам? Рэжысэрам? Але ў тым, відаць, і ёсьць д’ябальская задума тэлебачаньня: богам, тэлеграфістам і рэжысэрам адначасова адчувае сябе глядач. У гледача кнопка. Адзін раз націснуў – і сьвет ужо ніколі ня будзе такім, як раней.

Што да тэлебачаньня, дык гэта для амэрыканцаў Дэвід Сарнофф – бацька TV. Нямеччына, Савецкі Саюз, Брытанія – усе яны мелі і маюць сваіх герояў. Немцам і ангельцам было крыху лягчэй: адлегласьці не такія вялікія. Амэрыканцам і Саветам трэба было даць рады тысячам кілямэтраў. І насамрэч невядома, у каго зь іх атрымаўся першы крок. Але тое, што першы крок амэрыканцаў быў зроблены шырокі – сумневу не выклікае.

Пакуль Саветы думалі, як выкарыстаць першыя тэлевізійныя распрацоўкі ў мэтах індустрыялізацыі, а немцы разважалі, якія наступствы будзе мець тэлебачаньне для дзяржавы – Дэвід Сарнофф, кіраўнік Радыёкарпарацыі Амэрыкі, запрашае да супрацоўніцтва іншага эмігранта з Расеі – Уладзіміра Зварыкіна. “Колькі нам трэба грошай, каб запусьціць амэрыканскае тэлебачаньне?” – нецярпліва спытаў Сарнофф.

“Тышч сто баксаў”, -- падумаўшы, адказаў Зварыкін.

Сарноффу адказ не спадабаўся. Занадта мала ў ім было нулёў. Ён дабіўся фінансаваньня праекта ў памеры 50 мільёнаў – і ў 1931 у Ню-Ёрку пачаліся пробныя перадачы.

Ня спалі ў шапку і немцы. У 30-х у Райху было больш за 200 тэлевізараў, па якіх нават можна было паглядзець “узорную” Алімпіяду 1936-га. Нацысцкае міністэрства прапаганды, аднак, пабаялася тэлевізіі. А не пабаялася б – хто ведае, якой была б тая пачварная вайна і чым бы яна скончылася. У 1939-м у ЗША пачалося рэгулярнае тэлевяшчаньне. У Ню-Ёрку тады было ўсяго 3 тысячы тэлевізараў (у 1948 – ужо 750 тысяч плюс 127 тэлестудый). Першай амэрыканскай паўнавартаснай тэлеперадачай стаў рэпартаж зь Ню-Ёркскага міжнароднага кірмаша. Затым былі тэлевізійны выступ Рузвэльта, бэйсбольны матч… Такая вось праграма перадач на сёньня – а насамрэч, на заўтра і назаўжды. Бо зьмяняюцца спосабы – але відовішчы застаюцца тыя самыя.

Застаюцца і перамагаюць. Чалавек слабы – і тэлебачаньне было створанае для таго, каб нам гэта паказаць, зь сілай, яшчэ невядомай за ўсе часы існаваньня чалавецтва. Тое, як хутка чалавек звыкся з тэлебачаньнем і пачаў ад яго залежаць – пужае. Тое, зь якой лёгкасьцю тэлебачаньне маніпулюе чалавечымі супольнасьцямі – наводзіць на думку пра нашую адвечную недасканаласьць. У натоўпе людзей, ачмураных тэлевізарам да такой ступені, што яны больш ня здольныя крытычна ацэньваць рэчаіснасьць, пачуваешся большым мізантропам, чым ёсьць на самой справе.

І самае жудаснае тут тое, што цябе шторазу ўрэшце насьцігае сумнеў: магчыма, гэта ўсё – толькі зьнятае некім шоў?

Магчыма, гэта іх тэлевізійны сьвет – нармальны. А нетэлевізійнага сьвету больш няма.

Проста мы не заўважылі гэтага, бо не пасьпелі націснуць кнопку.

Дэвід Сарнофф, у нейкім сэнсе, падобны да айцоў атамнай бомбы. Ён сам не разумеў, якую пачвару нараджае. А калі зразумеў, было ўжо позна. Занадта позна нешта мяняць. Хаця гэта ўжо няважна. Вядома, што Сарнофф да канца дзён ганарыўся сваім дзецішчам. А ў гэты час у Амэрыцы гучалі песьні, дзе тэлевізія паўставала зусім не такой бяскрыўднай. Песьні пратэсту – як бы сьмешна гэта ні гучала. Ад тэлебачаньня ты тупееш.

“She got a TV eye on me
She got a TV eye…” –

як сьпяваў малады Ігі Поп, дзіця першых амэрыканскіх тэлевізараў. Тэлевізійнае вока Амэрыкі глядзела на яго, як багаты дзядзька на свайго дурнаватага пляменьніка. Тэлевізійнае вока савецкага рэжыму глядела на сваіх рабоў як на істотаў, якія павераць чаму заўгодна. Тэлевізійнае вока пуцінскай Расеі неадрыўна глядзіць на расейскамоўных жыхароў былой імпэрыі і гіпнатызуе іх, як быццам у гэтых людзей больш няма сваіх мазгоў. Як быццам зь імі можна рабіць што заўгодна.

Напэўна, з гэтым усім можна змагацца.

І магчыма, нават вольным інтэрнэтам, у якім цяжка выбраць сваю праўду, але яе там усё яшчэ можна выбіраць. Але і гэта сумнеўна. Здаецца, з тэлебачаньнем можна змагацца толькі іншым тэлебачаньнем. Кола замкнулася. Экран пагас.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
16. Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой
17. Ральф Лярэн. Гулец у пола
18. Луіс Барт Маер. Пакуль рычыць леў
19. Валерыя Навадворская. Так гартавалася сталь
20. Гўінэт Пэлтроў. Яўрэйская прынцэса
21. Шымон Пэрэс. Вайна, мір і іншыя вершы
22. Шон Пэн. Салодкі і брыдкі
23. Мая Плісецкая. Карма Кармэн, або танец непакоры