Мая Плісецкая. Карма Кармэн, або танец непакоры



Быць ці ня быць Маі Плісецкай балярынай, вырашыў усяго адзін зроблены ёй рэвэранс. Яна, на той час васьмігадовае птушаня, прадэманстравала яго прыёмнай камісіі балетнай школы, і суворы старшыня не раздумваючы прамовіў:

“Гэтую дзяўчынку мы бярэм”.

Значыць, распазнаў у ёй дарунак прыроды. Напэўна, у кожным балетмайстры, які засядае ў прыёмнай камісіі, жыве маленькі Гумбэрт Гумбэрт. Як бы дзіка гэта не гучала. Але каб вызначыць па няпэўных, сутаргавых рухах дзіцячага цела будучую грацыю Кармэн, Раймонды і летальны зыход лебедзя, трэба быць хаця б трошачкі вычварэнцам. Закаханым у прыгажосьць, тую самую прыгажосьць, якая ўвесь час высьлізгвае з-пад кантролю, уцякае, сплывае, зьнікае. Маі Плісецкай пашанцавала. Яе ацанілі і ўзяліся вылепіць зь дзяўчынкі прыму. Дзіўная кар’ера для дачкі начальніка прадпрыемства “Арктыквугаль”. Бліскучая кар’ера для дачкі ворагаў народу.

Так, на двары былі трыццатыя. Дзеці савецкіх начальнікаў марылі зрабіцца лётчыкамі, а не лебедзямі – толькі так можна было наблізіцца да партыйных небажыхароў. У тыя стаханаўскія гады, успамінае Плісецкая, уся моладзь думала толькі пра тое, як бы лунаць сталінскімі сокаламі ў паднябесьсі, тануць разам з чалюскінцамі, рапартаваць нябачнаму, але вялікаму Сталіну, што “заданіе Родіны выполнено”. Балет мала каго цікавіў. Рэвэрансы ўладзе і так умеў рабіць кожны, хто хацеў застацца ў жывых. Рэвэрансы ўладзе будуць патрабавацца і далей, пасьля сьмерці богачалавека Сталіна. Але рэвэрансы Плісецкай будуць выключна балетныя.

Праз трыццаць гадоў яна падпіша ліст Брэжневу з пратэстам супраць рэабілітацыі тырана. Яна будзе супрацьстаяць кіраўніку Вялікага тэатра Грыгаровічу. Яна заўжды будзе ў апазыцыі камуністычным правадырам – унутранай, схаванай, мастацкай, але апазыцыі. Заўжды будзе рабіць сваё насуперак “вышэстаяшчым”. А на пачатку новага тысячагодзьдзя як скажа ў інтэрвію, што “камунізм горш за фашызм” – уся кроў дваццатага стагодзьдзя выступіць у вачах розных зюганавых і жырыноўскіх, і пасьля сьмерці Плісецкай яе будуць усяляк паліваць брудам: за здраду, за тое, што мела літоўскі пашпарт, што кінула радзіму, што прадалася Захаду. Вядома, у Плісецкай былі асабістыя прычыны так гаварыць: бацьку расстралялі ў 1938, маці, калі яна адмовілася выракацца мужа, на восем гадоў адправілі ў лягер. Але хто-ніхто ўсё роўна ня зможа стрымацца: як можна так ненавідзець савецкую ўладу, калі яна дала табе ўсё – славу, грошы, магчымасьці рэалізаваць талент, паездкі па ўсім сьвеце? Дзе лёгіка?

“Не скарайцеся, да самага канца не скарайцеся, -- напісала яна перад сьмерцю. – Да апошняга моманту не здавайцеся, змагайцеся, ваюйце. Нават таталітарныя рэжымы, здаралася, адступалі перад апантанасьцю, перакананасьцю, упартасьцю. Мае перамогі на гэтым і трымаліся. Характар – гэта лёс”. Вядома, гэта ўсяго толькі словы. Па-сапраўднаму гаварыць Плісецкая ўмела целам, танцам, рухам. Толькі так яе чуў увесь сьвет. У Гішпаніі дагэтуль, калі ўспамінаюць Плісецкую, расказваюць пра яе прывітаньне каралю Хуану Карласу. Яе папрасілі выступіць з прамовай, яна сказала: я прывітаю караля рэвэрансам, у якім выкажу ўсё, што хацела.

І прывітала. І выказала.

І як жа хацелася б, каб Мая Плісецкая выказала – хай ня словам, хай танцам – тое, што яна думае пра цяперашніх сталіністаў. Пра сучасных сталінаў і гітлераў. Ды не, жывучы ў Літве і Нямеччыне, Плісецкая ня ведала пуцінскай Расеі. Хваліла Пуціна за тое, што ўмацаваў расейскі балет. Балет у краіне, дзе для яе самой апошнія дваццаць гадоў не было ні працы, ні адпаведнага прызнаньня.

Што такое камунізм і фашызм, Плісецкая ведала вельмі добра. У пачатку трыццатых яе бацьку некалькі разоў адпраўлялі на Шпіцбэрген, генэральным консулам і адказным за вугальную прамысловасьць. Дарога была доўгая… Спачатку Варшава. Потым Бэрлін, які ёй добра запомніўся і пасьля якога ў іншы Бэрлін, кінематаграфічны, яна ня верыла:

“Рабаціла ў вачох ад нарукаўных павязак на мундзірах штурмавікоў. Шэрыя глыбы дамоў, крыклівая акуратнасьць газонаў, строгія вуліцы, якія мылі пеністымі швабрамі, чужаземныя тумбы высокіх ходнікаў, спадніцы-штаны на дагледжаных модніцах…”

Потым была Данія, потым Нарвэгія, Барэнцбург. Празь нейкі час, на наступным савецкім параплаве, прыбылі двое ў аднолькавых касьцюмах, з прозьвішчамі, як у вадэвілі, Рагожын і Рагажан. Зь іхнымі дочкамі-піянэркамі Плісецкая любіла гуляць. Рагожын і Рагажан прыехалі, каб сачыць за бацькам Плісецкай, зьбіраць на яго дасье. “Камунізм горш за фашызм…”

Як жа так сталася, што дачка ворагаў народу і праўда зрабілася знакамітай савецкай балярынай?

Як вядома, балет быў важнай часткай савецкай індустрыі. Можна сказаць, стратэгічна важнай. Прыкладна такой самай, як атамная або касьмічная. Балетам можна было задобрыць увесь сьвет. Балет Вялікага тэатра ствараў савецкаму рэжыму чалавечы выраз твару. Балет сьведчыў, што СССР – ніякі не суцэльны канцлягер, а адзін Вялікі тэатр, асьветлены тысячамі лямпачак, прастора, поўная энэргіі, танцу, таленту і нават эротыкі! Гэта пазьней на Захадзе разабраліся, што да чаго, і вывелі вядомую тэарэму: чым вышэйшая якасьць дзяржаўнага мастацтва, тым меней у той краіне дэмакратыі і свабоды. Чаму савецкія балерыны так высока скачуць? Таму што хочуць пераскочыць праз калючы дрот! Асьляпіць Плісецкай атрымалася шмат каго… На Плісецкую вадзілі ўсіх важных гасьцей. На лебедзь, белую лебедзь, якой ужо тады нясьцерпна хацелася ў вырай.

Тую белую лебедзь Плісецкая зграла за сваё жыцьцё васямсот разоў. Васямсот разоў памірала на розных сцэнах, і няхай гэтая сьмерць была прапісаная ў бюджэце – памірала Плісецкая не за Савецкую Радзіму, не за Брэжнева, не за камунізм і мір ва ўсім мірэ – а за сябе.

А нарадзілася яна адзін-адзіны раз – у Маскве, той самай Маскве Булгакава, а значыць Волянда, Майстра, Маргарыты, у Маскве Маякоўскага і Лілі Брык, зь якой пасьля была блізка знаёмая. Імя Маргарыта, дарэчы, Маі Плісецкай у дзяцінстве чамусьці вельмі падабалася – лунала ў паветры булгакаўскай Масквы нешта гэткае... “Як цябе завуць, дзяўчо?” – пыталіся ў яе на вуліцы замілаваныя мінакі. “Маргарыта”, -- сур’ёзна адказвала яна. Колькі ў яе яшчэ будзе імёнаў… Маша, Мірта, Ганна, Кармэн, Адэта-Адылія, Раймонда. Дама з сабачкам. І проста – Дама…

Яна заўжды ганарылася, што яе дзед, зубны лекар Міхаіл Мэсэрэр, быў родам зь Вільні, скончыў Віленскі ўнівэрсытэт. У дзедавай сям’і гаварылі па-літоўску. Пэўне ж, гэта таксама адыграла сваю ролю, калі Мая Плісецкая атрымала літоўскае грамадзянства. У дзеда было дванаццаць дзяцей ад двух шлюбаў, Плісецкая казала, што іхныя імёны гучаць, як верш:

Пніна, Азарый, Матаній, Рахіль, Асаф, Элішэва, Суламіт, Эмануіл, Амінадав, Эрэла і іншыя…

Рахіль – гэта маці Плісецкай, акторка Рахіль Мэсэрэр. А бацька будучай прымы-балерыны нарадзіўся ў Гомлі. Цікава: калі ўраджэнцы Беларусі пачынаюць згадваць сваю Радзіму – асабліва калі яны яе зусім забыліся – у ход абавязкова ідуць такія словы, як “крыніца”, “ціхі”, “пыл”… Мая Плісецкая ня стала парушаць традыцыю. Пра бацьку яна ведала, што

“ён быў ураджэнцам ціхага яблыневага, прапыленага горада Гомля. Род Плісецкіх бярэ свае вытокі з тых шчымлівых сваёй нягучнай прыгажосьцю краёў беларускіх крыніц”.

Цішыня, пыл і яблыкі. Ды нягучныя крыніцы. Элегічная, амаль пастаральная карціна, якую прыемна ўяўляць, да якой прыемна адчуваць далучанасьць – але зь якой хочацца вырвацца кожнаму, хто адчувае ў сабе прыму. Лёс двух гамельчукоў, братоў Плісецкіх, склаўся па-рознаму. Першы зрабіўся камуністам, у сямнаццаць гадоў паверыўшы, як піша Плісецкая, у абсалютна “кніжную задуму” – ашчасьлівіць усё чалавецтва. Бацька Плісецкай быў добры і наіўны, і грошы яго не любілі. А вось Лестэр Плісецкі ня стаў нікога ашчасьліўліваць. Ён прадаваў яблыкі, назапасіў грошы на білет у Амэрыку і стаў там камэрсантам. У 1938 бацьку Плісецкай будуць кожны дзень успамінаць брата, будуць шыць справу за шпіянаж і супрацу з амэрыканскай выведкай…

Хто яго ведае, што лепш. Жыць у глухой правінцыі, пад яблынямі, ці бліжэй да цэзара і завірухі? Затое зусім блізка ад старых, бясьсільных цэзараў Мая Плісецкая перажыла, напэўна, адно з самых важных узрушэньняў свайго жыцьця.

Кастрычнік 1993. Па тэлевізары – “агідныя пысы нэабальшавікоў, у руках – партрэты Сталіна. Што будзе з краінай? Чырвона-карычневыя нападаюць на міліцыю, упершыню ў жыцьці я спачуваю міліцыянтам”.

У той вечар, калі паблізу ад яе Тэатра цярпеў паразу путч, апошні, як здавалася, гнілы выдых старой імпэрыі, Мая Плісецкая зьбіралася танцаваць у Вялікім – “Раймонда”, “Кармэн”, “Лебядзінае возера”. Ёй здавалася, што з імпэрыяй пакончана, паўсюль барыкады, дым, на вуліцах камэнданцкая гадзіна, але яна верыла ў перамогу новай Расеі. Гэта быў момант яе трыюмфу, гэта была яе помста за страх – і адзін з апошніх яе балетаў у краіне, якая думала, па сваёй старой звычцы, што ўстае з каленяў.

“Я гатовая. Стаю ў кулісе на мужчынскім баку. Імгненных пяцьдзясят гадоў, доўгіх-доўгіх-доўгіх пяцьдзясят гадоў я чакаю свайго выхаду ў апошняй кулісе на мужчынскім баку…

Можа, гэта мая зорная гадзіна?..”

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
16. Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой
17. Ральф Лярэн. Гулец у пола
18. Луіс Барт Маер. Пакуль рычыць леў
19. Валерыя Навадворская. Так гартавалася сталь
20. Гўінэт Пэлтроў. Яўрэйская прынцэса
21. Шымон Пэрэс. Вайна, мір і іншыя вершы
22. Шон Пэн. Салодкі і брыдкі