Шон Пэн. Салодкі і брыдкі



“Акторам ад Бога я сябе не лічу”, -- заяўляе пастарэлы, але, як і раней, “салодкі і брыдкі” Шон Пэн. Навошта тады яму гэтыя банальныя боскія атрыбуты: Оскары, якія пішуцца з такой самай літары, як і Бог, кар’ера, какецтва? Напэўна, такія акторы, як Пэн, ідуць у Галівуд для таго, каб паспрабаваць у жыцьці ўсё. Ну, ці амаль усё. Дзякуючы кіно Шон Пэн пасьпеў прымерыць на сябе штанцы самых розных “кепскіх хлопчыкаў”, пабыць бандытам, кадэтам афіцэрскай вучэльні, зэкам, забойцам і збаўцам, геніяльным гітарыстам, адважным гомасэксуалістам, інтэлектуалам і поўным дурнем…

Цяпер вось Шон Пэн зьбіраецца здымацца ў ролі Эндру Джэксана, сёмага прэзідэнта ЗША, таго самага рамантычнага мужыка з дваццацідаляравай купюры, пра якога цяпер робяць новы сэрыял. У Джэксана было два ворага: індзейцы і Ротшыльды. Што да ворагаў самога актора, дык такое адчуваньне, што ні з кім ён не змагаўся так зацята, як з журналістамі і ўласнымі жонкамі. Па журналістах ён страляў, біў іхныя чэсныя пысы і ламаў ім камэры, а жонак проста зьбіваў – у старых добрых традыцыях патрыярхальных кіназорак, які ўсё робяць “любя”, нават калі ненавідзяць саміх сябе. Напэўна, ён проста яшчэ ня зграў сваёй галоўнай ролі – ніколі не пераўвасабляўся ў кабету. Але час яшчэ ёсьць…

І ёсьць сілы. Зрэшты, фізычная сіла – гэта ня тое, чым заўжды славіліся героі Пэна. Іхная перавага ў іншым – у хітрасьці, спрыце, абаяльнасьці і заганнасьці. Публіка такіх любіць. І нават не падазрае, як цяжка актору насіць такую маску ў рэальным жыцьці. Людзі наогул любяць эгаістаў і цынікаў – бо тата з мамай іх вучылі, што ўласнае “эга” гэта кака, якую лепш не падымаць зь зямлі. Акторы падымаюць яе за нас. Дзякуй ім за гэта.

Здаецца, Шон Пэн ніколі не ўдаваў зь сябе “прафэсара”. Замест інтэлектуальных разваг ён абраў ролю барацьбіта за правы чалавека – тую ролю, у якой кіназорка можа прынесьці больш за ўсё карысьці рэальнаму сьвету. Ён наогул жыве на зямлі: зь любой літары. Вось ён размаўляе з Франсуа Аляндам пра тое, як дапамагчы ахвярам землятрусу, вось выступае на канфэрэнцыі, прысьвечанай клімату… “Выбару няма, трэба дзейнічаць. Грошы – гэта адзінае, што я магу даць. На жаль…”

Паспрабаваўшы ўсё ў жыцьці (або ў кіно – якая розьніца?) – ён любіць казаць, што быць акторам ёсьць перш-наперш цяжкой працай. Ну, праца дык праца. Гледачам усё роўна, з чаго бяруцца слодыч і брыдкасьць, галоўнае каб яны былі заўжды на стале.

Не, ён не ад Бога. У ім нават няма дару прароцтва.

“Кожнага разу, калі я спрабую прадказаць лёс новай стужкі, я памыляюся, -- кажа ён у інтэрвію. – Сьмешна! Фільмы, якія мне падабаюцца, зьбіраюць у пракаце мізэр, а тыя, што зарабляюць мільёны, я цярпець не магу. Зрэшты, я нічога ня маю супраць камэрцыйнага кіно. Хай будзе, калі людзі яго любяць… Можа, гэта проста старасьць?”

Можа. Але людзі купляюць Шона Пэна і старым.

Хаця хіба гэта старасьць?

Старасьць – гэта наогул умоўна, як кіно. Дакладней, як амэрыканскае кіно – для біяграфіі Шона Пэна геаграфія важная ня менш, чым для іншых геранталёгія.

Вось, напрыклад, Санта-Моніка, дзе нарадзіўся актор. Горад, які ганарыцца сваёй гісторыяй, якая налічвае, о май гад, амаль 250 гадоў. А цяпер перанясемся ў гарадок Мерач у Літве, на Віленшчыне, у тым самым краі, дзе нават пра неба так проста ня скажаш, літоўскае яно, беларускае або польскае, дык што хацець ад людзей. Калі гішпанцы заснавалі Санта-Моніку, Мерач ужо каля чатырох стагодзьдзяў існавала на мапах як адзін з гарадоў Вялікага Княства. Недзе тут, на гэтай загадкавай Віленшчыне, паблізу ад Мерачы, магнат Хжастоўскі стварыў некалі незалежную сялянскую рэспубліку. Карацей, важнае ў гісторыі Беларусі месца. І ня менш важнае – у жыцьці Шона Пэна.

Бо менавіта адсюль, зь Мерачы, паходзіў дзядуля актора, Мойша Пінон. Прозьвішча цалкам кінематаграфічнае: як і ўсе яўрэі, Піноны вядуць свой род ад біблейскіх пэрсанажаў, а біблейская гісторыя больш галівудзкая за сам Галівуд: тут табе і “кепскія хлопчыкі”, і брыдкія, і салодкія, і каханьне, і інцэст, і гвалт, і гэпі-энды…

Мо таму сярод актораў так шмат яўрэеў? Калі ўся гісторыя твайго народу – неверагодны ўзор культуры, перапляценьне тысяч малых і вялікіх гісторый… І нават мястэчка Мерач – адзін з мноства лякальных цэнтраў гэтай найбагацейшай культуры. Дарэчы, ужо ў 16 стагодзьдзі яно згадваецца, як паселішча, дзе яўрэі былі вызваленыя ўладамі ад адмысловага грашовага збору. Тут мірна суіснавалі і суіснуюць сынагога, касьцёл і царква. Чыста беларуская гісторыя… Сам Шон Пэн, трэба сказаць, лічыць сябе агностыкам. Што ж, гэта самы хітры адказ на пытаньне пра веру, які пакуль што здолела прыдумаць чалавецтва. Ці, прынамсі, самы міралюбівы.

У Мерачы аностыкаў было небагата. Цалкам мажліва, іх там не было наогул. У 1897 насельніцтва Мерачы складала дзьве з паловай тысячы чалавек, і амаль дзьве тысячы зь іх спавядалі юдэйскую веру. І прыкладна тады ж, недзе на мяжы стагодзьдзяў Мойша Пінон эміграваў у Новы сьвет. Таксама – чыста беларуская гісторыя, пра якую ў Беларусі чамусьці дагэтуль ня зьнята аніводнага мастацкага фільма. Запытацца б у Шона Пэна, як ён думае, чаму? Таму што гісторыя ўцёкаў – гэта не гераічная гісторыя. А мы так любім герояў, якія падымаюць нашае эга з роднай зямелькі. Ну, і таму што радзіма ў чалавека адна і гэтак далей…

З гэтай лухты тут і расьце тое, што мы па звычцы лічым мастацтвам.

На новай радзіме ў Пінона нарадзіўся сын Леа Пэн – як водзіцца, яго бацькі вырашылі, што быць Пэнам у Амэрыцы весялей і зручней, чым Пінонам. Леа Пэн зрабіўся рэжысэрам і ў 50-х нават ледзь ня трапіў у турму, западозраны ў камунізьме. Ягоная жонка ірляндка Айлін Раян была акторкай. Леа Пэн і Айлін Раян і сталі бацькамі адной з самых тытуляваных і знакамітых зорак Галівуду – Санта-Моніка і Мерач парадніліся, нават не падазраючы пра сваё дзіўнае сваяцтва.

Напэўна, усё ж ёсьць нешта падобнае ў Мерачы з гарадком Сюпэр’ёрам з “U Turn“? Толькі мы ўжо ніколі не даведаемся, што. Хіба што пра гэта здымуць кіно: ня тут, не цяпер, у іншай гісторыі.

Калі ён быў падлеткам, ён закахаўся ў кіно. Ён ведаў, што гэта – ягонае, як мы пазнаем любімых актораў нават па агучцы. Шон Пэн гадаваўся сярод актораў і рэжысэраў – гэта была ягоная стыхія. Як водзіцца, спачатку ў яго ніхто ня верыў – апрача яго самога.

У тыя часы вера яшчэ нешта значыла.

“Калі я рос, усё было інакш: калі, напрыклад, выходзіў фільм з Робэртам дэ Ніра – гэта была падзея! Бо ў ім была ўпэўненасьць, у фільме быў пасыл. А цяпер людзі проста спажыўцы…”

У вялікім кіно “падзей і пасылаў” Шон Пэн зьявіўся ў 1981 – і тады ж пасябраваў з Томам Крузам. Пра гэтае знаёмства расказваюць легенды. На галоўную ролю ў карціне “Адбой” прэтэндавала дзьве тысячы чалавек. Падчас рэпэтыцый Круз граў так бліскуча, што вялікая роля Шона Пэна дасталася яму, а Пэну аддалі ролю другога пляну. Круз адмовіўся – і толькі калі сам Шон Пэн пагадзіўся, што ягоны сябар спраўляецца лепш, пагадзіўся прыняць прапанову рэжысэра… І не памыліўся: ягоны посьпех быў блізка, зрабіць кар’еру Круз Пэну не перашкодзіў.

Дзіўна, вядома, чытаць пра такі “таварыскі дух”, што панаваў сярод будучых акулаў шоў-бізнэса, але сам Шон Пэн не бяз зьедлівасьці заўважае, што кіно з тых часоў крышку зьмянілася:

“Калі я пачаў займацца кіно, я геніяльна разумеў, як яго рабіць. Толькі цяпер на такія фільмы грошай не даюць. Цяпер фільмы ўжо не здымаюць – іх рэклямуюць”.

Але і сам Шон Пэн зьмяніўся: з таго часу, як ён стаў знакаміты і ўплывовы, ён вядзе бясконцую вайну за ўсё, ува што верыць. А ў тое, што выбар у нас шырокі, гэты даўно ўжо не “салодкі” і зусім “ня брыдкі” дзядзька акурат ня верыць: ты або за, або супраць.

Вось ён і змагаецца.

За Гаіці – краіну, народ якой “ніколі ня ведаў нічога, што можна было б назваць камфортам”. Шон Пэн шукае наркотыкі – каб у шпіталях Гаіці пацярпелым можна было зрабіць анэстэзію.

За аднаполыя шлюбы. За правы гомасэксуалістаў. Гарві Мілк – гэта было невыпадкова. Гарві Мілк абудзіў у Шоне Пэне зьвера, які прымушае шалець усіх гамафобаў сьвету.

Супраць Буша і Галівуду. За іхнае прызнаньне сваёй віны ў тым, што ў сьвеце ўсё больш зла.

Супраць падлюк-папарацы.

Ён бярэ інтэрвію ў братоў Кастра, ён лічыць сябе журналістам. Ён умее гаварыць – і каму, як не яму, размаўляць пра вялікія ілюзіі чалавецтва, калі яно ўсё яшчэ думае, што, напрыклад, з кліматам у нас усё ў парадку, а прырода можа яшчэ трошачкі пацярпець.

Ён ненавідзіць паліткарэктнасьць, асабліва калі гаворка ідзе пра кіно. Фразу пра тое, што цяперашнія фільмы прысьвечаныя пераважна таму, “як пацукі я…ць мышэй”, прыпісваюць менавіта Шону Пэну.

Ён “зялёны”, ён за “блакітных”, ён “вясёлкавы”, валявы і вясёлы. Толькі вось усьмешка нейкая крывая. Адразу відаць, наш чалавек.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
16. Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой
17. Ральф Лярэн. Гулец у пола
18. Луіс Барт Маер. Пакуль рычыць леў
19. Валерыя Навадворская. Так гартавалася сталь
20. Гўінэт Пэлтроў. Яўрэйская прынцэса
21. Шымон Пэрэс. Вайна, мір і іншыя вершы