Шымон Пэрэс. Вайна, мір і іншыя вершы



Большасьць нобэлеўскіх узнагарод даецца за тое, што нехта недзе здолеў хаця б крышку зьмяніць сьвет. І толькі адна – за бясьсільле гэта зрабіць.

Ішоў 1994 год. Фукуяма ўжо два гады як абвясьціў “канец гісторыі”, але яна паціху працягвала адбывацца. У Стакгольме чарговы раз назвалі ляўрэатаў самай вядомай прэміі сучаснасьці.

Фармаколяг Гілман адкрыў бялкі-пасярэднікі – і бялкі далей працягвалі прадастаўляць свае пасярэдніцкія паслугі, цяпер ужо цалкам легальна. Хімік Ола зрабіў унёсак у дасьледваньне карбкатыёнаў – і ўдзячныя карбкатыёны з новымі сіламі пачалі радаваць чалавецтва. Пісьменьнік Кэндзабура Оэ “стварыў у сваіх кніжках сьвет, які аб’ядноўвае рэальнасьць і міт” – і, напэўна, бяз гэтага ўяўнага сьвету ў нашым панылым грамадзтве далей жыць было складана.

Фізыкі Шал і Брокгаўз займаліся нэўтроннай дыфракцыяй – што было б з намі ўсімі, калі б ня гэтая высакародная галіна чалавечых ведаў? Эканамісты Нэш, Зэлтэн і Харсаньі аналізавалі кааліцыйныя гульні – у якія на гэтай плянэце гуляюць самыя ўплывовыя людзі і арганізацыі. Палітыкі Арафат, Рабін і герой гэтага эсэ Шымон Пэрэс таксама атрымалі ў 1994 сваю нобэлеўскую прэмію.

Прэмію Міру…

Але мір так і не надышоў. Ні на Блізкім Усходзе, ні на далёкім Захадзе, ні на Поўначы з Поўднем. Людзі працягваюць забіваць адно аднога з такім задавальненьнем, быццам нобэлеўскі закон для іх ня пісан і ніякай прэміі Міру не існуе. Быццам мір – гэта такая фікцыя, а за фікцыі, як вядома, прэміяў не даюць.

І ўсё ж паспрабаваць было варта. Іншыя ж спрабуюць – і часта не бяз посьпеху. Аднойчы, у 1939, прэмію міру ледзь не атрымаў Адольф Гітлер – ён быў намінаваны на яе за вырашэньне “чэхаславацкага пытаньня”, але потым напаў на Польшчу і за гэта прэмію яму было вырашана не даваць. А было цікава паглядзець у вочы Нобэлеўскаму камітэту ў 1945… Пройдзе ўсяго некалькі гадоў – і салдаты міратворца Гітлера ўвойдуць у беларускае мястэчка Вішнева пад Валожынам. На адной з вуліц паўстане гета, сынагогу спаляць, людзей будуць зьнішчаць спачатку дзясяткамі, потым сотнямі... У 1942 тут будзе забіта больш за тысячу яўрэяў.

Так загінуць усе сваякі Шымона Пэрэса, якія засталіся на радзіме.

Бо менавіта у Вішневе на Валожыншчыне ён і нарадзіўся – будучы прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль, нобэлеўскі ляўрэат і палітычны доўгажыхар: семдзесят гадоў у палітыцы – гэта рэкорд нават для знаных дыктатараў дваццатага стагодзьдзя, якіх з той палітыкі за вушы ня выцягнеш. Дык што ўжо казаць пра дэмакратычнага палітыка -- яму значна цяжэй утрымацца на плыву: выбары, перавыбары, пярэбары і барацьба фракцый, партыйныя рэбры трашчаць – карацей, усе перавагі народаўладзьдзя, здольнага перамагаць гітлераў і сталіных, але раз-пораз ня здольнага абараніцца ад бюракратыі і пустаслоўя ўнутры самога сябе…

У 1942, калі ў Вішневе былі зьнішчаныя ўсе яўрэі, Шымону Пэрэсу было дзевятнаццаць і ён даўно ўжо жыў у Палестыне. У 1934 Пэрэс з маці і братамі-сёстрамі перабраўся туды да бацькі. Гэта здарылася ва ўзросьце, калі забываць нешта робіцца ўсё цяжэй – і Шымон Пэрэс ніколі не забудзе ціхае Вішнева, беларуска-польска-яўрэйскае, малое сваімі маштабамі і падазрона вялікае сваімі помысламі. Бо тут заўжды адбываецца нешта неверагоднае: то прэзідэнт Ізраілю народзіцца, то жонка Янкі Купалы, то Сымон Будны лецішча сабе прыдбае. А надоечы ў мясцовым касьцёле адшукалі сапраўдны скарб: старыя дакумэнты, акварэлі невядомага мастака, арганныя трубы… Стагодзьдзямі Вішнева трапляе ў топы і трэнды, стагодзьдзямі ў сувязі зь ім ёсьць пра што пагаварыць – нібы яно працуе на нейкіх батарэйках і ня хоча правальвацца ў забыцьцё. Нібы ў гэтым месцы беларуская дрымучая стабільнасьць, тая самая, што на мяжы з летаргіяй, дае цеч, і скрозь нейкую энэргетычную дзірку ў Вішневе наша краіна кантактуе з космасам і гісторыяй.

У Вішневе Шымона Пэрэса таксама не забыліся. Але памятаюць яго ня як Шымона і ня як Пэрэса – а як звычайнага яўрэйскага мальца Сёму Перскага. “Ай, ён нічым не вылучаўся, -- кажуць тыя, хто вучыўся зь Сёмам у адной школе. – Ну, бегаў, ну, гуляў, ну, на ровары любіў катацца”. Сьціплы быў хлопчык. Неверагодна, але гэтага чалавека ў пажылым узросьце будуць называць “нястомным інтрыганам”…

Хаця будуць і іншыя характарыстыкі.

“Палітык, які ня ўмее перамагаць”. Гэта за ягоную ролю вечна другога – ролю, крыўдную для каго заўгодна, але не для дзявятага прэзідэнта Ізраіля. Прэзідэнтам ён зрабіўся, ужо будучы старым чалавекам – трэці прэзідэнт Ізраілю, які нарадзіўся на Беларусі.

Пасрэднасьці часта робяцца палітыкамі, але гэта, відавочна, не выпадак Пэрэса. Бо гэта наіўныя вішнеўцы кажуць, што Сёма быў сьціплы і нічым не вылучаўся. Проста яны так і не раскусілі гэтую яўрэйскую сям’ю. Бацька Сёмы Іцхак займаўся скупкай піламатэрыялаў, маці выкладала расейскую мову ў мясцовай школе і працавала ў бібліятэцы. Відавочна, што тут усё ня так проста. Бацька не пабаяўся выправіцца ў Палястыну і пачаць там бізнэс з нуля – значыць, быў рызыкант, ведаў, што сьвет не сканчаецца за Вішнеўскімі пагоркамі, ведаў, што дасягнуць можна шмат, галоўнае – захацець. Дзякуючы маці, а асабліва дзеду, які ўсяляк заахвочваў любоў Сёмы да паэзіі, кніжны сьвет таксама быў хлопцу не чужы. Кажуць, ужо ў дзевяць ён пісаў вершы, што хваліў сам Хаім Бялік… Дык хто тут пасрэднасьць, а хто вундэркінд?

І ўсё ж Шымон Пэрэс абраў сьвет рэальны – і паспрабаваў яго зьмяніць.

Тое, што краіна і сьвет вакол у Ізраілю патрабавалі зьменаў – было відавочна.

Калі Пэрэсу не было яшчэ трыццаці, яго заўважыў сам Бэн-Гурыён. Неяк яны гаварылі пра вайну і мір – не пра тыя, пра якія напісаў Талстой, а пра значна больш рэальныя. Ізраіль быў аточаны ворагамі. “Ні міру, ні вайны… Так не бывае, -- падзяліўся з Пэрэсам думкамі Бэн-Гурыён. – Або ты выбіраеш вайну, з усімі наступствамі, або мір, за які трэба плаціць”.

Пэрэс быў тым, хто ўмеў выбіраць. І Бэн-Гурыён блаславіў юнака зь Вішнева: у трыццаць Шымон Пэрэс робіцца міністрам абароны Ізраілю. Ці, паводле Орўэла, “міністрам міру”. На гэтай пасадзе Пэрэс спрычыніўся да таго, што Ізраіль займеў статус ядзернай дзяржавы і разьвіў электронную прамысловасьць. За Суэцкую кампанію ізраільскі “міністар міру” атрымаў ад французаў ордэн Ганаровага легіёну. А яшчэ менавіта за Пэрэсам ізраільскія спэцслужбы вызвалілі закладнікаў ва Ўгандзе – увесь сьвет ведае гісторыю аэрапорту Энтэббэ.

Там, дзе за мір трэба было плаціць занадта шмат, Шымон Пэрэс выбіраў вайну. Але нобэлеўская прэмія была ім атрыманая менавіта за мір. Ён верыў, што арабскія рэжымы здольныя зьмяняцца. Арабскія рэжымы ківалі і працягвалі ваяваць.

Дзіўна – але гэты чалавек, увесь сатканы з палітычных заяваў, дэмаршаў і інтрыгаў, пісаў вершы і прозу, ды і наогул у Кнэсэце, дзе ён засядаў з 1959 году, яго заўжды лічылі самым начытаным дэпутатам. Нават пабываўшы ў 2000-х у Вішневе, ён пакінуў аднаму зь землякоў кніжку Амоса Оза – нетыповы выбар для палітыка. А яшчэ Шымон Пэрэс – перакладчык, то бок той, хто мусіць будаваць масты, а ня думаць, чым і калі іх узарваць. І перакладаў ён на іўрыт не кагосьці там, хто пра вайну і немцаў, а Набокава. Свайго ўлюбёнага пісьменьніка, якога Пэрэс лічыць геніем. Хаця Набокаў, жонка якога была яўрэйкай і пабачыла на свае вочы Нямеччыну сярэдзіны 30-х – гэта таксама пра немцаў. І пра вайну: вайну супраць пошласьці, таемную і асуджаную на паразу, але шляхетную і ахвярную вайну за прыгажосьць. Вайну, якая ніколі ня скончыцца мірам.

Палітык, паэт, пісьменьнік, перакладчык… Цікава, што для кожнага зь іх важна ўмець гаварыць на розныя галасы. У сваім жыцьці Шымон Пэрэс пасьпеў пабыць у нейкім сэнсе нават жанчынай. Некалі ён апублікаваў пад жаночым псэўданімам кнігу рэпартажаў “З жыцьця кабеты”. Крытыкі адрэагавалі радасна: нарэшце ў ізраільскай прозе зьявіўся моцны і сьвежы жаночы голас!..

Калі Пэрэсу будзе 91 год, яго будуць даймаць пытаньнямі пра сакрэты даўгалецьця. “Сакрэт у працы, -- скажа ён. – Я раіў бы людзям наогул забыцца пра адпачынкі, працаваць увесь час і імкнуцца знаходзіць у гэтым радасьць. І сувымяраць свае мары з дасягненьнямі. Пакуль першых больш, чым другіх – значыць, вы яшчэ малады чалавек. Тым, хто лічыць, што Ізраіль ад мяне стаміўся, я скажу так: калі прыйдзе мой дзень, я не забуду выправіцца да праайцоў, але пакуль я жыву, буду працаваць. Я не хачу паміраць задаволеным”. Што ж, якога яшчэ чакаць адказу ад чалавека, які трыццаць гадоў, няхай зь перапынкамі, быў лідарам ізраільскай Партыі працы?

Мабыць, добрага афарызму. У палітыкаў яны звычайна выскокваюць выпадкова – а запамінаюцца народам надоўга. Адны палітыкі, якія мараць узяць усіх яўрэяў пад кантроль, запомняцца нармальнымі чалавечаскімі яйцамі – а іншыя, самі яўрэі, ледзь ня хоку пішуць. На жаль, перамагаюць звычайна першыя.

Свой галоўны афарызм (ён жа – выбарчы слоган) Пэрэс прыдумаў сьвядома – дапамагла любоў да літаратуры.

“Людзі будучыні заўжды ў меншасьці”. Так ён гучыць. Горда і крыху маркотна, як і належыць добраму вершу.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
16. Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой
17. Ральф Лярэн. Гулец у пола
18. Луіс Барт Маер. Пакуль рычыць леў
19. Валерыя Навадворская. Так гартавалася сталь
20. Гўінэт Пэлтроў. Яўрэйская прынцэса