Гўінэт Пэлтроў. Яўрэйская прынцэса



Цьві Гірш Палтровіч быў, скажам шчыра, чалавек незвычайны.

Мала таго, што ён жыў амаль тры стагодзьдзі таму (нікому з нашых сучасьнікаў гэта пакуль не ўдавалася). Расказваюць, што Цьві Гірш Палтровіч мог, махнуўшы хусткай, пагасіць пажар. Як бы ні было крыўдна супрацоўнікам МТС, няма нікога, хто мог бы аспрэчыць гэтую гісторыю. Людзьмі, якія, махнуўшы, выклікаюць пажары, сьвет ня зьдзівіш, а вось каб наадварот… І ўсё ж невытлумачальныя рэчы часам здараюцца – і навука перад імі бясьсільная. У адрозьненьне ад кіно і літаратуры.

Цьві Гірш Палтровіч быў рабінам. Ягоныя сваякі жылі па ўсёй Усходняй Эўропе, але самы выразны сьлед пакінулі ў Менску, Ломжы і Навагрудзе, прызнаных цэнтрах тагачаснага яўрэйскага жыцьця. Абсалютная большасьць мужчын у родзе Палтровічаў цягам многіх стагодзьдзяў былі рабінамі. Сямейная традыцыя – а можа, і пакліканьне.

Амэрыканскі кінарэжысэр і прадусар Брус Пэлтроў, далёкі нашчадак Цьві Палтровіча, рабінам ня быў. Затое таксама спрычыніўся да невялікага цуду. Менавіта ён стаў бацькам Гўінэт Пэлтроў – акторкі, безь якой немагчыма ўявіць сучаснае кіно. Ну добра, можна – але ў прыстойнай кампаніі лепш пра гэта маўчаць. Інакш цябе назавуць занудам: толькі зануда будзе рабіць выгляд, што ніколі не глядзеў “Закаханага Шэксьпіра”.

Даведаўшыся пра свае ўсходнеэўрапейскія карані, Гўінэт Пэлтроў з усьмешкаю абвясьціла сябе “яўрэйскай прынцэсай”. І вось ужо ўсе таблёіды, захлынаючыся ад захапленьня, пішуць пра тое, што яна прыняла юдаізм. Іншыя падхопліваюць тэму – і вось ужо Пэлтроў у сьпісе 25 самых прыгожых яўрэек сьвету. Сама яна ставіцца да гэтага з іроніяй: “у Старажытным Рыме або Грэцыі мяне лічылі б хворай і непрыгожай: стандарты дыктуе час”. А жанчын заўжды прымушалі адпавядаць стандартам. Шэксьпіры ў іншых не закахваюцца. І ў Галівуд іншых не бяруць. “Прыгажосьць – гэта калі табе камфортна ў тваім целе”: калі б кожная жанчына так лічыла, кінаіндустрыі прыйшоў бы канец.

“Я – звычайная кабета”, -- горда паўтарае яна. Добры прыклад для краін і нацый, якія ніяк ня хочуць быць звычайнымі…

Беларусь таксама хоча быць такой, як Гўінэт Пэлтроў. Прыгожай, пасьпяховай і ня здольнай пражыць на дваццаць дзевяць даляраў на тыдзень (акторка паспрабавала неяк: ня выйшла). Беларусь хоча быць бліскучай бляндынкай і атрымліваць Оскары. Толькі вось які рост у Пэлтроў, у сьвеце ведае значна больш людзей, чым дзе знаходзіцца Менск, Навагруд і Ломжа. Парадоксы славы, за якую трэба плаціць.

Зрэшты, нават калі Гўінэт Пэлтроў ня мела б ніякіх сувязяў з нашай беднай радзімай – усё роўна яны ёсьць. Месца кроўнага сваяцтва пасьпяхова займае бярозавік вытворчасьці Менскага заводу безалькагольных напояў. London Evening Standart піша, што Гўінэт Пэлтроў вялікая прыхільніца гэтага напоя. Так што няхай у ёй і не цячэ беларускай крыві – затое там цячэ беларускі сок!

Беларуская кроў – наогул загадкавая субстанцыя.

“У жылах цячэ беларуская кроў, кроў маладосьці, язычных багоў. У нашай крыві зіхаціць чысьціня, наша краіна на сьвеце адна”, -- лічаць маладыя беларускія паэты, якія мастурбуюць на выявы галівудзкіх зорак. Баюся, што чысьціня ў крыві жывых людзей зіхаціць вельмі рэдка, хіба што аўтар прыведзеных радкоў можа пахваліцца такімі аналізамі. Гўінэт Пэлтроў – жывая настолькі, што можа сабе дазволіць гаварыць, што думае. А сказаўшы – трымацца за сказанае. Прынамсі, так яна сама бачыць сябе.

Напрыклад, што Амэрыка – гэта ўсё ж цудоўнае месца і яе варта абараняць, нягледзячы на ўсе палітычныя глупствы. Хаця Эўропа – гэта ўсё ж зусім іншая плянэта. Бо дамы тут значна старэйшага веку – у Эўропы ёсьць гісторыя. Чытаеш гэта – і адразу прыгадваецца “Таленавіты містэр Рыплі”: ніякая роля не ўдавалася Гўінэт Пэлтроў так, як роля амэрыканкі ў Эўропе.

“Мне падабаецца ангельскае жыцьцё – людзі тут гавораць ня толькі пра грошы і працу, але і пра ўсялякія цікавыя штукі…”

Пра чысьціню крыві ў Эўропе і праўда ніхто больш не гаворыць. Ня тое што ў часы Цьві Палтровіча…

У дзяцінстве Гўінэт Пэлтроў ненавідела сваё імя. Яна кажа, што лічыла яго задужа фанабэрыстым. Нікога зь дзяўчат навокал так ня звалі: з выклікам і ухілам у фэнтэзі. Давялося зьмірыцца: з імем, з уласнай прыгажосьцю, з тым, што прафэсія для яе даўно прадвызначаная. Будучая акторка вывучала гісторыю культуры і мастацтва ў Каліфарнійскім БДУ, але кінула дурное: трэба было рабіць кар’еру.

Яе пачатку ўсе зайздросьцілі: адразу ж у фільме, які прагрымеў (“Крык”), ды яшчэ з Траволта – а потым хросны бацька Стывэн Сьпілбэрг запрасіў яе на ролю Вэндзі ў “Капітане Круку” з Робінам Ўільямсам і Джуліяй Робэртс. Потым былі фільмы не такія гучныя, былі “Чужыя хаўтуры” і вось, нарэшце, той самы “Закаханы Шэксьпір”. Дзіўная гісторыя, у якой перамяшаліся саладжавасьць і мізагінія, трагедыя і жуйка, душэўны парфум і мастацкі парафін. “Закаханы Шэксьпір” – гэта наогул адзін з самых агідных фільмаў, якія выходзілі на экраны ў дзевяностых. Мармэлядная мэлядрама з чорным банцікам, ідэальны падарунак бяздарным рамантыкам. Аднак менавіта гэтая стужка зрабіла старанную Гўінэт супэрстар кінамармэляду. Фільм для дзевачак, якія ніколі не чыталі Шэксьпіра – і хлопчыкаў, якія хацелі зрабіць гэтым дзевачкам прыемна.

Высьветлілася, што гэта і ёсьць удалае кіно. Што гэта і ёсьць шлях, якога варта трымацца. Да гонару Гўінэт, у далейшым яна будзе дазваляць сабе збочваць з гэтай добра асьветленай дарогі.

Куды лепш атрымаўся жанравы і жудасны “Таленавіты містэр Рыплі” паводле Патрысіі Гайсміт. Сама Патрысія Гайсміт памерла за некалькі гадоў да здымак – алькагалічка, цынічная мізантропка, якая любіла котак больш, чым людзей, а да ўсяго яшчэ і лесьбіянка, што ня надта падабалася яе атачэньню. Пэўне, Патрысія была б задаволеная экранізацыяй – пабачыўшы, якой наіўнай і слабой выглядае гераіня Пэлтроў: менавіта такім пісьменьніца і супрацьпастаўляла мілых ёй інтэлектуальных злачынцаў кшталту мальца Рыплі…

А празь некалькі гадоў Гўвінэт зграла не кагосьці там, а Сыльвію Плат. Тую самую вялікую амэрыканскую паэтку, якая скончыла жыцьцё самагубствам у Лёндане. Тую самую Сыльвію Плат, чыя гісторыя стасункаў з паэтам Тэдам Х’юзам сама па сабе ёсьць літаратурай – жорсткім і жарсным творам з жахлівым фіналам.

Тую самую гісторыю, якую рэжысэрка Крысьціна Джэфс паспрабавала яшчэ раз расказаць. На ролю Сыльвіі запрасілі Гўінэт, а на ролю Х’юза – Дэніэла Крэйга.

Здымачная група зьвярнулася да дачкі Плат Фрыды Х’юз з просьбай дапамагчы.

Дачка ня проста адмовілася.

Дачка паслала ўвесь гэты галівуд на чатыры ангельскія літары і апублікавала верш, што пачынаўся словамі: “Яны зноў забіваюць маю маму”.

“Now they want to make a film
For anyone lacking the ability
To imagine the body, head in oven,
Orphaning children
they think
I should give them my mother's words
To fill the mouth of their monster,
Their Sylvia Suicide Doll”.


То бок:

“…цяпер яны хочуць зьняць кіно для ўсіх,
хто ня можа ўявіць сабе цела, галаву ў духоўцы,
асірацелых дзяцей…
яны думаюць, я мушу я перадаць ім словы маёй маці,
каб напоўніць рты іхняга монстра,
іхнай Сыльвіі, лялькі-самагубцы…”


Так Гўінэт нечакана паспрабавала сябе ў ролі забойцы. Жарт, вядома. Фільм быў зьняты і яго паглядзелі ўсе: паэты і паэткі, чытачы і чытачкі, фэміністкі і патрыярхатныя крытыкі, і тыя, хто ніколі ня чуў ні пра якую Сыльвію Плат. Нават Фрыда Х’юз, напэўна ж, паглядзела яго. Кінаакторкі нікога не забіваюць. Забіваюць звычайна іх. А паэткі забіваюць самі сябе. Толькі вось ня дзеля таго, каб іх гралі ў кіно. Шкада, праўда?

Страшная рэч – кіно.

Сьмешная рэч – кіно.

Кіно, якое стварае монстар кінаіндустрыі. Кіно, якое заўжды напаўняе раты монстраў, калі бярэцца імітаваць рэальнае жыцьцё жывых і рэальныя сьмерці мёртвых. Кажуць, што Гўінэт Пэлтроў зграла Сыльвію як мае быць. Жанчыны добра ўмеюць граць памерлых жанчын. Гўінэт Пэлтроў стала прадусарам фільма пра Марлен Дытрых – і сама зграла ў ім галоўную ролю.

Быў час, яна выкурвала па дзевяноста цыгарэт на дзень. Быў час, я глядзеў па тры фільмы на ноч. Нашыя монстры жывуць сярод нас, мучаюць нас і паказваюць іншым. Кожны дзень, кожную раніцу, у кожным адбітку чужой ілюзіі. Але прынцэсаў яны не чапаюць. Зрабіцца прынцэсай, каб абараніцца – на такое здольная толькі акторка.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
16. Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой
17. Ральф Лярэн. Гулец у пола
18. Луіс Барт Маер. Пакуль рычыць леў
19. Валерыя Навадворская. Так гартавалася сталь