Валерыя Навадворская. Так гартавалася сталь



Усіх людзей нешта зьвязвае, дык што ўжо казаць пра аўтараў і іх герояў: калі не слава, дык хаця б слова. Сярод эпітэтаў, якімі мяне цягам жыцьця шчодра ўзнагароджвалі незнаёмыя расейскія прыхільнікі (“бездарный невостребованный неудачнік”, “предатель-лібераст”, “эстетствуюшчій хам і убожество” і г.д.) ёсьць адзін, які я захоўваю ў памяці з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасьцю.

“Бахаревіч – это белорусская еврейская мадам Новодворская” – так, з праматою праваслаўнага прымата, выказаўся адзін з тых неабыякавых, і, як і належыць неабыякавым, ананімных грамадзянаў. Эпітэт залішне прыгожы і, вядома, абсалютна не заслужаны – але ў той момант я адчуў у сэрцы ўкол гордасьці. Бо параўнаньнем з Навадворскай насамрэч немагчыма прынізіць – і калі яно прагучала, значыць, нейкі магістральны накірунак ты абраў для сябе правільна. Хапіла б толькі сілаў ня збочыць.

У яе вось – хапіла.

Хто яна была? “Я – выпадковая мутацыя”, казала Навадворская сама пра сябе. На чалавечай, фальшывай мове: палітык, праваабаронца, дысыдэнтка, публіцыстка… Зрэшты, назваць Навадворскую палітыкам язык не паварочваецца, і будзь ты хоць самім Павароці біяграфістыкі, яе жыцьцё немагчыма апісаць звыклымі нотамі палітычных арыяў і гераічных опэр. Палітыку супрацьпаказаная пасьлядоўнасьць, ён мусіць увесь час прыстасоўвацца, сапраўдны палітык павінен быць хітрым, цынічным і хваткім, недалёкім, але дальнабачным, інакш яму проста не ацалець. Палітыкаў шкада. Навадворскую – не. Валерыя Ільінічна ніколі не гаварыла таго, што ад яе хацелі пачуць. Яна была пасьлядоўнай у сваёй барацьбе за свабоду іншых – а значыць, за сваю адзіноту. Таму што “лёс свабоднага чалавека ў несвабоднай краіне – быць самотным”.

Гэта яе словы, сказаныя неяк у інтэрвію: бяз горычы, але з гордасьцю чалавека, які ні разу не адступіўся ад сваіх перакананьняў. Напэўна, яна была самым самотным чалавекам Расеі за апошняе стагодзьдзе. І калі б такіх самотных і свабодных людзей там было болей – сучасная Расея была б іншай. Не такой самотнай у сьвеце, не такой ненавідзімай, не такой пагарджанай. Што ж, як кажуць разумныя людзі, Расеяў мусіць быць шмат – у гэтым адзіны паратунак краіны, за свабоду якой Навадворская не раздумваючы аддала б жыцьцё. Яна і аддала: згарэла ў расейскай несвабодзе, як на вайне згараюць у танку. Так і не пакінуўшы поле бою. Старамодны, калі задумацца, падыход да старамодных каштоўнасьцяў. Цяпер танкі модна прадаваць, а не гарэць у іх. Але…

Яе перасьледвалі, катавалі, забівалі – яна гаварыла праўду.

Яе высьмейвалі, зь яе зьдзекваліся, яе выстаўлялі галоўным расейскім “клоўнам у спадніцы” – яна гаварыла праўду.

Яе ігнаравалі, ёй затыкалі рот, на яе вылівалі ўсе патрыятычныя памыі, якія толькі можна было сабраць на бяскрайніх прасторах імпэрыі, ад Томску да Бомбску, ад Масквы да самых да акраін – яна гаварыла праўду.

Яе абвінавачвалі ў здрадзе радзіме, падтрымцы тэрарызму і сэпаратызму, у русафобіі і абразе ўсяго расейскага народу – яна гаварыла праўду.

“Валерыя Навадворская была яркім, неардынарным чалавекам, вядомым грамадзкім дзеячам і публіцыстам”. Гэта Пуцін пра мёртвую Навадворскую.

“Пуцін – гэта чэкісцкая сволач, палітычная бяздарнасьць і сталініст”. Гэта Навадворская пра жывога Пуціна. Адчуем розьніцу небясьпекі.

Дзе яна ўзяла столькі праўды? – жахалася Расея. Там жа, дзе вы бераце памыі – такім мог бы быць адказ. У самых нетрах расейскага рабства, супраць якой яна некалі паўстала ўсёй сваёй камсамольскай душой.

Менавіта камсамольскай. Бо кумірам яе юнацтва, паводле ўласнага прызнаньня, быў ніхто іншы, як Паўка Карчагін. Хто з мэнэджэраў цяпер здолее патлумачыць, што гэта за пэрсанаж такі і з чым яго ядуць? А некалі ж зь яго заклікалі “рабіць жыцьцё” маладое пагалоўе савецкіх людзей. Кожны без выключэньня савецкі чалавек ведаў, што пражыць гэтае жыцьцё трэба так, каб не было “мучітельно больно за бесцельно прожітые годы”. Значна менш памяталі працяг: “чтоб не жег позор за мелочное і подленькое прошлое”. Кожны савецкі чалавек ведаў – а савецкая дзяўчынка Навадворская паверыла. І выпаліла тую ганьбу зь сябе назаўсёды. Застаўся шнар.

Савецкую сыстэму ламілі вось такія людзі-шнары, тыя, хто супрацьпаставіў сыстэме яе ж уласныя, здраджаныя ідэалы. А ідэалы для Навадворскай ніколі не былі пустым словам – і так і не зьмяніліся да канца жыцьця. Альтэрнатывай гнілой іконе камунізму, гэтаму самаму Паўку Карчагіну, Навадворская называе расейскага дылера, спажыўца, аўтаномнага і незалежнага, “як прастытутка”. І выбірае Паўку. Дзе тут лёгіка? Хіба не за дылера змагаліся савецкія антыкамуністы? Аказваецца, не, не за яго. А мы думалі…

“Я была закончанай бальшавічкай… “ – напіша Навадворская пра свае маладыя гады. – “Дзякуй бальшавікам за маё грамадзянскае выхаваньне. Па сутнасьці, яны аднавілі ў Расеі культ дабрадзейнасьцяў Рыму: Айчына, Гонар, Доўг, Слава, Мужнасьць”. І гэта кажа чалавек, якога называлі Голасам Антысавецкай Расеі.

Потым, ужо жывучы ў пуцінскай Расеі, яна пералічыць іншых людзей, якімі захаплялася. З мужчын: Юлі Цэзар, Дэ Голь, Гавэл, Дудаеў. А з жанчын: Жанна д’Арк, Тэтчэр… Жалезныя лэдзі, арлеанскія дзевы, кансэрватаркі на канях, рыцаркі бяз страху і папроку. Камень, нажніцы, папера? Сталь. Як ні дзіўна, беларускай вытворчасьці.

Яна нарадзілася ў Баранавічах у 1950-м, калі маці гасьцявала тут у родных. І пражыла там да дзевяці гадоў, у бабулі зь дзядулем. Бацькі Валерыі працавалі ў Маскве – і яна мела прывілей, пра які нават сёньняшнія беларускія дзеці могуць толькі марыць: ёй ня трэба было вывучаць беларускую мову! Валерыю аддалі ў баранавіцкую расейскую школу – каб ня дай божа не сапсавала сабе “чістый русскій язык”, якім, як вядома, усе здаровыя людзі валодаюць ад нараджэньня. Праўда, цалкам моўнае здароўе захаваць не ўдалося, інфэкцыя пранікла ў арганізм “русской девочкі” Валерыі – і праз паўстагодзьдзя Навадворская агаломшыць беларусаў сваім прызнаньнем:

“Я няблага валодаю беларускай мовай. Свабодна чытаю і ўсё разумею. Гаварыць толькі не магу. Слоўнікавы запас маю, няма практыкі”.

Вядома, калі б ёй сказалі ў 50-я гады, што яна – нейкая там беларуска, Валерыя не пагадзілася б. Не пагадзілася б яна і ў 2014-м – але сваю сувязь з нашай краінай яна адчувала ўсё жыцьцё. Інакш адкуль узялася б гэтая наіўная, але зьедлівая спроба клясыфікацыі беларусаў, на якую жанчына з Баранавічаў мела поўнае права:

“Ёсьць такія беларусы, якія адэкватныя расейцам: запалоханыя, непераборлівыя, нічога ня просяць, зацкаваныя. А ёсьць люді з зусім іншага “караса”: нашчадкі Рэчы Паспалітай, абсалютна вольныя людзі. Я такіх у дзяцінстве сустракала, у 50-я гады, на Хутарах…”

З задавальненьнем Валерыя ўспамінала і пра тое, што яе прадзед таксама быў рэвалюцыянэр, арганізатар нелегальнай друкарні ў Смаленску. З тым, што гэты няшчасны горад “быў і ёсьць беларускім!”, варта паспрачацца, а вось з тым, што Навадворскія – стары беларускі шляхецкі род, спрачацца не выпадае. Колькі іх, такіх радоў, шчыльнымі радамі ўпалі пад чужыя генэалягічныя дрэвы, ня скажа ўжо нават самы абазнаны дасьледчык. Ды яно і ня важна.

Важна, што ніхто з расейскіх палітыкаў так пасьлядоўна не падтрымліваў нашую незалежнасьць і нашую кволую дэмакратыю, і ў той час, калі нават самыя лібэральныя расейскія лібэралы прапаноўвалі беларусам уваходзіць у іхную імпэрыю шасьцю абласьцямі, Навадворская называла шавінізм шавінізмам, фашызм – фашызмам, а імпэрыю – імпэрыяй. Важна для нас, напэўна, і тое, што жыхары Баранавічаў дагэтуль ходзяць па тых самых вуліцах Убарэвіча, Горкага, Піянэрскай, Фрунзэ, Сьвярдлова, Вайкова. Баранавічы ўсё тыя ж. Абсалютна вольныя людзі з Рэчы Паспалітай не перамаглі. Іх прывілеем засталася самота. Камунізм таксама не перамог. Ягоным прывілеем засталася мінуўшчына, у якой мы жывем. Самотны чалавек сам-насам зь мінуўшчынай – так можна было сказаць і пра Валерыю Навадворскую ў апошнія гады яе жыцьця.

Усё проста, казала Навадворская, у вольнага чалавека пры дыктатуры тры магчымасьці: зламацца, уцячы і змагацца. Першае было непрымальна, другое – немагчыма, і тое, і другое – ня толькі з маральных прычын. Валерыя Ільінічна, якая некалі зьехала зь беларускіх Баранавічаў, каб зьмяніць Расею – з тых антысавецкіх элемэнтаў, якія не змаглі б пражыць на Захадзе нават году. Бо Амэрыка, якую яны прыдумалі, настолькі ж падобная да сапраўднай Амэрыкі, як ВКЛ на сучасную РБ. І рэч тут ня толькі ў дылерах і танках.

Каб быць свабодным – трэба любіць сябе. Самаадрачэньне – не заходні шлях. Хутчэй усходні. Шлях манаха, які вядзе да прасьвятленьня. Калі я чытаў лекцыю на тэму “Як быць свабодным у несвабоднай краіне”, мне падалося вельмі важным прывесьці словы Навадворскай пра сям’ю і сэкс: “Калі гаварыць пра сэкс, дык мне гэта не цікава. Сэкс – занятак, не дастойны чалавека. Ніколі гэтым не займалася і займацца ня буду. Лічыце, што зь дзяцінства сышла ў манастыр. Аддаю перавагу сяброўству”.

Не, яна любіла сябе. Любіла нюхаць чаромху, любіла салодкае, кацянятаў і добрую інтэлектуальную фантастыку. Любіла Расею і Беларусь, любіла сьвет і прытомных людзей у ім. І ў гэтым таксама была яе свабода. Але ў тым і рэч, што яе цікавіла найперш свабода іншых. Гэтая свабода была для яе ўсім: працай, любоўю, сэнсам, ахвярай. Свабода – гэта манастыр, дзе жывуць Паўкі Карчагіны і гартуюць сталь. Велічны, высокі і змрачнаваты дом, дзе табе даюць у рукі гісторыю. Рабі – або адсячы сабе рукі.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
16. Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой
17. Ральф Лярэн. Гулец у пола
18. Луіс Барт Маер. Пакуль рычыць леў