Луіс Барт Маер. Пакуль рычыць леў



Ціхі правінцыйны горад – найлепшае месца для пагромаў. Пагатоў на двары канец дзевятнаццатага стагодзьдзя, а сам двор – богам забытая ўскраіна Расейскай імпэрыі. Прыкінемся на імгненьне паталягічнымі патрыётамі. Пагромы, пагромы… А што паробіш, трэба ж нечым было займацца яго жыхарам у адсутнасьць кіно, моладзевых гурткоў па інтарэсах, камсамольскіх дыскатэк і іншых забаваў, трэба ж было нечым разбаўляць цішыню і кампэнсаваць сваю правінцыйнасьць. А тут – жыды. Залатая жыдоўская жыла для аматараў прабавіць вольны час за фізычнымі практыкаваньнямі і духоўнымі пошукамі.

Усё гэта добра разумеў бацька нашага героя Лазара Меіра Якаў, калі вырашыў у 1888 годзе пакінуць адзін з такіх ціхіх правінцыйных гарадоў, Менск, і, ратуючы сябе і сям’ю, выправіцца ў Канаду, а затым у Амэрыку. Расею яны пакінулі своечасова. Хваля пагромаў па ўсёй імпэрыі пачалася адразу пасьля таго, як няўмелыя і няўрымсьлівыя тэрарысты забілі цара Аляксандра ІІ. “Гэта ўсё жыды цара-бацюшку загубілі” – прагундосіў, пакалупаўшы каўтун, праваслаўны “народны тэлеграф”, даючы сыгнал да помсты. Сярод сялян і гарадзкой галечы хадзілі чуткі, што за ўдзел у пагромах нічога ня будзе, што можна атрымаць ад уладаў спэцыяльнае пасьведчаньне і ісьці рэзаць клятых жыдоў, прычым на кожны пагром даецца тры дні. Паліцыя і войскі зазвычай і праўда ўмешваліся ў падзеі толькі на трэці дзень, дый тое без асаблівай ахвоты. Правыя славянафілы і левыя “барацьбіты за народнае шчасьце” зьліліся ў адзіным парываньні: першыя і так былі юдафобамі, другія ўхвалялі любую, хай сабе і такую барацьбу з эксплюататарамі і лічылі пагромы формай справядлівага народнага гневу, што набліжае сьвятую рэвалюцыю…

На шчасьце, сын Якава Меіра Лазар Меір, будучы знакаміты кінапрадусар Луіс Барт Маер, ужо ў чатырохгадовым узросьце апынуўся далёка ад гэтай расейскай вар’ятні зь яе саноўнымі санітарамі і крывавай лазьняй. Але сказаць, што паходжаньне Луіса Маера на ягонай новай радзіме ні дя кога ня мела значэньня, ён бы ня змог. Ужо ў дваццатыя, калі Луіс Барт Маер быў пасьпяховым чалавекам, яго называлі “недарэчным маленькім жыдзянём”. Absurd little kike. Паўночная Амэрыка тады яшчэ часам успамінала, хто адкуль прыехаў. Успомнім набокаўскага Гумбэрта Гумбэрта, якога не хацелі сяліць у матэлі, прыняўшы яго за Гумбэрга, чалавека зь няправільным прозьвішчам. Набокаў уставіў у свой раман рэальны эпізод. Ну, ды гэта іншая гісторыя. Хаця таксама цалкам сабе кінематаграфічная.

Жыдзянём Маера называлі, вядома, за сьпінай. Нічога асаблівага. Маленькі псыхалягічны пагромчык маленькага недарэчнага яўрэйчыка. На большае ў Амэрыцы ніхто не наважваўся. Напэўна, таму, што кіно тут ужо даўно зьявілася і народу цяпер было чым заняцца. А ў тым, чым зрабілася для Амэрыкі кіно і чым амэрыканскае кіно зрабілася для сьвету, вінаваты быў сапраўды ён, Луіс Барт Маер. Так што Калвэр-Сіці і Галівуд – гэта таксама яўрэйская змова. Залатая жыла для геніяльных жыдоў, якія загубілі ўсю патрыятычную цішыню і ўсю беспакараную правінцыйнасьць сьвету.

І ўсё ж Маер на ўсё жыцьцё застаўся гарачым патрыётам Амэрыкі. Расказвалі, як ён фатаграфаваўся, загарнуўшыся ў зорна-паласаты сьцяг. Як прызначыў днём свайго нараджэньня 4 ліпеня, як называў ЗША найлепшай краінай на сьвеце. Патрыятызм робіць цуды, калі можна памяняць радзіму. Або калі ў цябе яе не было…

Паводле легенды, Луіс Маер трапіў у кінематограф выпадкова. У Бостане ён, дваццацігадовы сын эмігранта, займаўся здадзенай ва ўтыль старой вопраткай і знайшоў у кішэні нейкіх старых штаноў салідную суму. Адшукаў гаспадара, вярнуў грошы, і ўдзячны гаспадар, расчулены анёл у новых штанах, прапанаваў Маеру, які ледзь зводзіў канцы з канцамі, месца касіра ў кінатэатры. Праўда, іншыя крыніцы сьцьвярджаюць, што Маер займаўся не старымі штанамі, а мэталаломам. Так ці інакш, у 1907 Маер, назапасіўшы грошай, пераключыў увагу на зусім іншы друз. Ён купіў сабе стары кафэшантан у маленькім Гавэргіле, на поўнач ад Бостана, і зрабіў там свой першы цуд – сапраўдны кінатэатр.

Невядома, ці быў той гарадок правінцыйным і ціхім, бо ў ім знаходзілася ажно некалькі фабрык. Іх рабочыя-эмігранты і сталі кліентамі Маера. “Прыходзьце пасьмяяцца ад душы!” – так пачыналася рэкляма, якая, апроч таго, намякала, што кожны глядач зь білетам атрымае ня толькі печыва і ліманад, але і магчымасьць палепшыць сваю ангельскую. Праз год у Маера было ўжо некалькі кінатэатраў па ўсім Усходнім узьбярэжжы. Маер купляе манапольнае права на паказ фільма “Нараджэньне нацыі”, які робіцца звышпасьпяховым, а ў 1915 засноўвае разам з аднымі мільянэрам першую кінастудыю, дзе ён здымае свой дэбютны фільм “Вялікі сакрэт”.

У чым быў вялікі сакрэт Маера? Ён не прымаў у кіно нічога, што падавалася яму амаральным. Трэба рабіць такія фільмы, якія ня сорамна паказваць дзецям. Фільмы, дзе дабро перамагае зло, дзе нашы перамагаюць іхных, дзе ўсё прыгожа і дорага, і кожны актор на сваім месцы. Ён быў першы, хто пачаў разьвіваць індустрыю “якаснай кінапапсы”, таго самага жанра, на якім, як на сланах у бліскучых цыркавых папонах, стаяла кінапапса.

Сусьветнавядомая кінастудыя “Мэтро Голдўін Маер”, якую ён заснаваў у 1924, дала сьвету казку, у якой ролі выконвалі самыя выбітныя акторы. “Бэн-Гур”, “Зьнесеныя ветрам”, “Чараўнік краіны Оз”… Грэта Гарба, Кларк Гейбл, Спэнсэр Трэйсі, Джын Гарлоў і процьма іншых у цемры славы. “У нас больш зорак, чым на небе”, абвясьціла студыя, і ў гэтай рэкляме ўжо – казка, ілюзія, усьмешка. Толькі дурань стане лічыць на небе зоркі абр палезе ў даведнік, калі побач ёсьць кінатэатр. Весьці канкурэнцыю з космасам заўжды было лягчэй, чым з унівэрсытэцкімі прафэсарамі. Можна сказаць, што касьмічная праграма ЗША пачалася з заснаваньнем MGM.

Памятаю, як у пару маладосьці на мяне пакрыўдзіліся знаёмыя паненкі, калі я пачаў ім тлумачыць, чаму не люблю іхных “Зьнесеных ветрам”. Я расказваў ім пра рабства, пра вайну Поўначы і Поўдня, пра тое, што іх любімыя героі дзялілі людзей на гатункі… “Якая розьніца? – закрычалі яны. – Гэта ж так прыгожа!”

І праўда, прыгожа. І леў рычыць (дарэчы, ужо сто гадоў), але ён ня злы – кажа нам маерава кіно, і мы верым, верым, верым… Як дзеці. Леў ня ўкусіць. Ён ручны, і да таго ж ён па той бок клеткі-экрану. “Мэтро-Голдўін-Маер” расшчапіла ядро ўспрыманьня, каб плянэту накрыў выбух казкі.

Але што рабіць з адкушанымі пальцамі? Здаць білет – а лепш купіць новы. Маральнасьць дзейнічае не адразу і дорага каштуе, давяла нам кінаіндустрыя.

Выходзіць, яўрэй Луіс Маер рабіў хрысьціянскае кіно? Цікава паразважаць, наколькі пурытанскія традыцыі Амэрыкі знайшлі сваё ўвасабленьне ў яе кіно і масавай культуры наогул. Ідэальны фільм Маера – канфлікт з вызначанай і бясьпечнай глыбінёй. Як басэйн для тых, каму лянота вучыцца плаваць. І ўсё ж гэтае кіно – зьява культуры. Таталітарныя дзяржавы змагаліся з амэрыканскім кіно, як маглі, бачачы ў ім рэальную пагрозу, і – прайгравалі. Там не разумелі, што сіла амэрыканскага кіно менавіта ў казцы: казка дае права на ўцёкі, прыгожая казка не ідэалягічная, на час сэансу чалавек непадуладны прапагандзе.

Цёмны бок у мастацтве мае права на існаваньне роўна настолькі, наколькі ён патрэбны пераможнаму сьвятлу, быў перакананы Маер, які хутка зрабіўся адным з самых багатых амэрыканцаў (ён зарабляў мільён у год). Хлопчык, бацькі якога ўцяклі ад пагромаў, да канца дзён лічыў, што ягонае кіно можа дапамагчы нацыі зрабіцца чысьцейшай і здаравейшай. Галоўнае – не паказваць бруд і гвалт, гной і галечу: яны кепска адбіваюцца на маральнасьці амэрыканцаў. Таму Маер не падтрымліваў сацыяльна-крытычных сцэнараў, ён не любіў боль, ён хацеў даваць людзям радасьць. А з болем яны разьбяруцца самі, выйшаўшы з кінатэатра. Прыхапіўшы з сабой чароўны прамень, які, як той бластэр, дапаможа ім у пагрозьлівых і няўтульных прыцемках рэальнасьці.

Кіно ня можа быць праўдзівым.

Народу патрэбная казка.

Каб усе жылі доўга і шчасьліва, а калі і памерлі, дык у адзін дзень – і зусім неабавязкова нам гэты дзень паказваць.

Народу патрэбны гэпі-энд. Але…

“Некаторыя людзі, і я адзін зь іх, ненавідзяць гэпі-энды. Мы пачуваемся падманутымі… Лавіна, што раптам спыняецца за некалькі футаў перад вёскай, якая сьцялася ад страху – не, гэткая лавіна паводзіцца ня толькі ненатуральна, але і неэтычна”.

Гэта Набокаў, якога мы тут ужо згадвалі. Магчыма, таму ў яго пры жыцьці Луіса Маера так і ня склалася з кінапрадусарамі? У пачатку трыццатых амэрыканскія прадусары былі зацікавіліся набокаўскім “Бульбяным Эльфам”, але адпрэчылі: трагічна, змрочна і занадта эратычна. Не для нашага прамяністага кіно…

Кажуць, гэта Маер і прыдумаў кароткае і ёмістае слова “гэпі-энд”. Дагэтуль карысталіся выразам “шчасьлівае грыфітава ратаваньне ў апошні момант” – па імені Дэвіда Грыфіта, таго самага рэжысэра, чый фільм “Нараджэньне нацыі” зрабіў некалі Луіса Барта Маера багатым. Высьветлілася, што гэпі энды бываюць толькі ў кіно, і гэта адно з найважнейшых адкрыцьцяў, якія чалавецтва зрабіла за дваццатае стагодзьдзе.

Амэрыка – гэта фільм, у які марылі і мараць уцячы мільёны людзей. Ад безвыходнасьці і бяздарнасьці ўласных рэжысэраў, кожны зь якіх упэўнены ў сваёй геніяльнасьці. Лавіна мусіць спыніцца. Такія законы жанру, і хто іх не выконвае – злачынца. Сярэднюю клясу ў любой краіне стварае Галівуд. Каштоўнасьці кінастужкі пануюць і перамагаюць. Хорошо, все будет хорошо, все будет хорошо, я это знаю: праграма на найбліжэйшае жыцьцё. Думай пазітыўна. Так запавёў табе Луіс Барт Маер, кінапрадусар родам зь Менску, мільянэр і – наш першы псыхатэрапэўт.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
16. Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой
17. Ральф Лярэн. Гулец у пола