Ральф Лярэн. Гулец у пола



У маладога мужчыны ў самым росквіце сілаў ёсьць дзьве праблемы: імя і гальштук. І невядома, якая зь іх больш сур’ёзная.

Менавіта такую выснову можна зрабіць, калі ўчытацца ў біяграфіі знанага амэрыканскага мадэльера Ральфа Лярэна – чалавека, які, падобна Калюмбу, адкрыў Амэрыку. Толькі Калюмб адкрыў яе для эўрапейцаў, а Ральф Лярэн – для саміх амэрыканцаў. Амэрыканец далярэнавай эпохі і не падазраваў, які ён круты; Лярэн паказаў яму каўбоя зь Дзікага Захаду і сказаў: “Се чалавек. І апрануты ён стылёва. In God we trust“.

Што да імя, дык зьмяніць яго ня так цяжка – падабраць гальштук штука значна больш складаная. Шаснаццацігадовы студэнт адной з вышэйшых школаў, Ральф Ліфшыц нічога ня меў супраць свайго яўрэйскага паходжаньня – але няспынныя жарты аднагодкаў, якім у ягоным прозьвішчы чуліся толькі “Life is shit“, урэшце даканалі хлопца. “Лярэн” гучала куды больш мілагучна і амаль па-француску. Спачатку прозьвішча (на неарыгінальнае і літаратурнае “Лоўрэнс”) зьмянілі сёстры Ральфа, а затым і ён разам з братамі. Хаця ні кроплі францускай крыві Ральф Ліфшыц ня меў. Ягоныя бацькі былі яўрэі – эмігранты з далёкай краіны за акіянам, дзе, мабыць, і гальштукаў ніхто не насіў… Расія. Пінск. Мітычная зямля, дзе ўсе мараць і заўжды марылі пра Амэрыку. Але адным пашэнціла – а іншым не. Гэта як з імем: адны нараджаюцца Лярэнамі, а іншым даводзіцца імі рабіцца.

Зь Пінску быў бацька Ральфа – маляр Борг Ліфшыц, які 14 ліпеня 1920 году прыбыў у ЗША разам з усёй раднёй. Дарэчы, ён потым таксама зьмяніў імя – з Борга стаў Фрэнкам; зрэшты, “неба, а не душу мяняюць тыя, хто назаўжды едзе за мора”, як кажа старажытнарымская прымаўка – у сям’і Ральфа размаўлялі на ідыш і яўрэйскасьці не цураліся, нават выправілі сына ў Талмудычную акадэмію. Ну, а маці будучага каўбоя была з Горадні, і звалі яе Фрайдль. Ідэальныя бацькі для таго, каб стаць стоадсоткавым амэрыканцам.

А стоадсоткавы пасьпяховы амэрыканец ведае толк у гальштуках. Калі на чалавеку прыстойны і модны гальштук – якая розьніца, адкуль ён прыехаў? Усе некалі зрабіліся амэрыканцамі. Або зробяцца.

Гальштук быў першым, што Ральф прадаў у сваім жыцьці – і за продаж чаго ён атрымаў свой першы даляр. Аднаклясьнікі былі ягонымі кліентамі – гучыць даволі дзіка для Эўропы, але не для Дзікага Захаду. У Старым сьвеце любяць расказваць, што амэрыканцы імкнуцца на ўсё жыцьцё захаваць сваю першую заробленую манэту. Так гэта ці не, але тое, што ўжо ў дванаццаць гадоў Ральф Ліфшыц траціў сумленна заробленыя грошы на прыгожыя дарагія апранахі, навукова даказаны факт. Хаця стоп. Пры чым тут навука? Хіба мода мае да яе нейкае дачыненьне? Мае, адказаў Ральф Лярэн, які ў свой час не давучыўся ў Талмудычнай школе і быў адлічаны з каледжа, дзе вывучаў эканоміку, за непасьпяховасьць. Як і да таго, чуюць людзі ў ягоным імені слова shit або не. Хто ведае: магчыма, калі б Ральф ня стаў мяняць прозьвішча, ягонае жыцьцё склалася б зусім інакш. І яго не называлі б адным з найбагацейшых амэрыканцаў і найпасьпяховейшых мадэльераў сьвету. Мы не выбіраем сабе імёны. Мы можам выбраць сабе толькі гальштук. І гэта таксама – дэмакратыя.

Гальштук, гальштук… Таму што зь яго, чортавай удаўкі, усё пачыналася. Калі Ральф Лярэн працаваў прадаўцом мужчынскага адзеньня, ён неяк прапанаваў распрацоўшчыкам гэтага далікатнага і ў той самы час суворага тавару зрабіць гальштукі шырэйшымі. Прапанаваў з калюмбавай адвагай – аднак, як і ў свой час да ідэяў Калюмба, да гэтага хітрыка начальства паставілася зь недаверам. Ведала б яно… А Лярэн пакрыўдзіўся і заснаваў свой праект. Ён пачаў сам шыць гальштукі для незалежных крамак – андэграўндны мастак сярод плыўкага прадажнага мэйнстрыму. І вузел удачы зацягнуўся намертва. Пайшлі замовы, попыт рос, як пяціклясьнік пасьля летніх вакацый… Псэўдафранцускае імя злучылася з амэрыканскім спрытам. І вось запаветны момант надышоў. 28-гадовы мадэльер без спэцыяльнай адукацыі заснаваў уласную фірму Polo Fashions. Гулец у пола на верным коніку, які замахнуўся клюшкай – цяпер гэта ведае ўвесь сьвет. Рабіць выгляд, што ты член конна-спартыўнага клюбу – менавіта для гэтага, як высьветлілася, мы і жывем. Менавіта гэта і трэба было давесьці.

Кожная навука абапіраецца на пастуляты – прынамсі ў вачах дылетантаў і журналістаў. Навука Лярэна, навука посьпеху ў сьвеце моды, лёгкім і недаўгавечным, прыгожым і пырхлівым, як матылёк або Галівуд – не выключэньне. Свае пастуляты, догмы і тэарэмы Ральф Лярэн сфармуляваў – у вольны ад моды час.

“Мода – гэта зрабіць нешта зь нічога”. Як быццам усё чалавецтва робіць наадварот.

“Як толькі ты робішся модным, ты выходзіш з моды”. Як быццам старамоднасьць – гэта жудасьць які грэх.

“Я ствараю ня моду, а мары”. Падобна да апраўданьня.

Але прыгожыя слоўцы – таксама адзеньне. Як і прыгожае імя. Як і прыгожы зорна-паласаты сьцяг – той, хто яго прыдумаў, таксама быў у душы дызайнэрам. І нешта разумеў у модзе.

Я вось у Амэрыцы ніколі ня быў. Але да сустрэчы зь ёй мяне ўсё жыцьцё рыхтуюць кіно, літаратура, штодзённыя навіны… Нават грошы. Рамэн Гары, не па чутках знаёмы з Амэрыкай, некалі напісаў пра гэты край: кожны, хто сюды прыяжджае ўпершыню, адчувае эфэкт поўнага пазнаваньня. Гэта значыць, што Амэрыка сапраўды такая, якой мы яе ўяўляем. Краіна і культура, створаныя кіно, літаратурай і навінамі – а таксама абменьнікамі. І мадэльерамі – такімі вось патрыётамі, як Ральф Лярэн.

“Мяне заўжды натхняў вобраз Амэрыкі, -- казаў ён дваццаць гадоў таму. – Рамантычны вобраз… Вясковыя сем’і, аднапавярховыя дамы фэрмэраў, пыльныя трэйлеры, гразкія дарогі… Драўляныя павозкі, набіты старшаклясьнікамі ў кедах кабрыялет, плаваньне пад ветразем уздоўж Мэну…”

Ці ж гэта ўсё ня наскае, роднае, знаёмае з самага дзяцінства? Кожны беларус, і зь Пінску, і з Горадні, і зь Менску, і са Жлобіна скажа: так, я ведаю гэты край, я тут вырас. Трэйлеры, кабрыялеты, драўляныя павозкі. Том Соер. Дзеці кукурузы. Мярцьвяк з Джоні Дэпам і Ігі Попам. Індзейскае лета Морысана. Бітнікі, урэшце. Мы жывем у Амэрыцы. Мы хочам не адставаць ад моды. Выхаванае той, любай сэрцу Ральфа Ліфшыца Амэрыкай пакаленьне неахвотна вядзецца на прапаганду супраць “амэрыкосаў”. Гэта як спаганіць крыштальную мару дзяцінства.

Гулец у пола з эмблемы Ральфа Лярэна замахнуўся клюшкай. Мы гуляем зь ім. Мы ў ягонай камандзе. Разам з паловай сьвету – дарма што Ральф Лярэн робіць адзеньне для багатых. Так, гэтыя цудоўныя шмоткі – для Вялікіх Гэтсбі. Але і малыя адчуваюць сябе далучанымі.

Бо нават экранізацыя “Вялікага Гэтсбі”, касьцюмы да якой прапанавалі стварыць Лярэну – гэта таксама наша Амэрыка.

У якой ёсьць свая Расея – але няма ніякай Беларусі. Прынамсі, такой, якую можна было прадаць.

Пра тое, што ягоныя бацькі прыехалі ў Амэрыку з Расеі, Ральф Лярэн ведае і нават гэтым трошкі ганарыцца, як і паложана Чалавеку з Гісторыяй. Адтуль, з гэтага сьмешнаватага гонару, усе тыя сіўкі-буркі, камісарскія кіцелі, ганны карэніны і г.д., якімі пэўны час захапляўся сын пінскага маляра, стаўшы заканадаўцам самых маляўнічых модаў.

“Часам я задаю сабе пытаньне: хто я? Адкуль я?” – патлумачыў неяк мадэльер, задумаўшыся пра свае “расейскія карані”. Досыць злавесны момант. Калі мадэльер задумваецца, хто ён гэткі – ці не баіцца ён пачуць грамавы голас зь неба:

“Ты – гальштук”.

Або там:

“Ты – сукенка” (бо з жаночым адзеньнем Лярэн пасьпяхова працуе ажно зь сямідзясятых гадоў).

Не, не баіцца. Амэрыканцы нічога не баяцца. У іх нават у гімне пра гэта пяецца, а як можна ня верыць гімну?

Журналісты з задавальненьнем пісалі, як Ральф Лярэн наведаў Расею і захацеў паглядзець на Пінск. Даведаўшыся, што гэта… хм, як бы лепш выказацца… не зусім Расея… ад Масквы ладны кавалак дарогі… -- перадумаў.

Так руйнуюцца міты. Так зь нічога паўстае нешта.

Ён рабіў форму для спартоўцаў: для ўдзельнікаў Ўімблдону, для амэрыканскіх алімпійцаў… Ягонае адзеньне кожнага можа зрабіць спартоўцам – чароўны вершнік на гордым кані настолькі ж арыстакратычны, наколькі буржуазны, а гэта менавіта тое, што нам трэба: знаходзіць залатую сярэдзіну, калі ўжо немагчыма знайсьці залатую жылу. Ральф Лярэн сваю жылу знайшоў – пад вузлом гальштука, які бралі на продаж толькі маленькія крамы. Жыла пульсавала, жывая кроў бізнэсу і таленту, попыту і шанцаваньня. І Ральф Лярэн здолеў пасьпець за гэтым пульсам. Ральф Лярэн дэмакратычны. Рэч ад Лярэна можа каштаваць пяцьдзясят эўра. А можа і пяцьдзесяць тысяч. Мары Лярэна, яго мадэлі, усьміхаюцца на ўсе пяцьсот. Галоўнае – быць да ўсяго гэтага гатовым. Быць гатовым уступіць у клюб Polo. Неяк выжыць паміж грамадзтвам спажываньня і мастацтвам, бо мода – яна ж недзе пасярэдзіне. А густ – на самым кончыку клюшкі.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
16. Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой