Сайман Кузьнец. Седзячы на крывой



Беларусы любяць ганарыцца сваёй незвычайнай, проста нейкай паталягічнай талерантнасьцю. Магчыма, таму гісторыя беларускага антысэмітызму яшчэ не напісаная. А добрае было б выданьне, з карцінкамі, кароткімі біяграфіямі, цытатамі і таго цытрусавага колеру фотаздымкамі, зь якіх на нас глядзяць даўно памерлыя людзі, пра каторых нам лепш ня ведаць.

Бо так спакайней жыць – і зручней ганарыцца.

Што такое “pogrom“, чулі нават тыя, хто ніколі не вучыў расейскую мову – але трохі вывучаў гісторыю. Хваля пагромаў, якая пракацілася па Расейскай імпэрыі ў пачатку ХХ стагодзьдзя, на Беларусі была ці не самай слабой. Але пагромы былі і тут – яны адбываліся паўсюль, дзе праваслаўе на міг з рэлігіі ператваралася ў хваробу, дзе ўлады ласкава прымружвалі вочы, любуючыся “стыхіяй народнага гневу”, нібы карцінай Айвазоўскага. Гомельскі пагром, рэчыцкі… Пра іх у нас не гавораць. Бо што гаварыць пра тое, што не дадае нацыі славы і гонару?

Хутчэй за ўсё, менавіта блізкае водгульле гэтых страшных званоў: “па-громмм!”, “па-громмм!”, прымусіла ў 1907 годзе пінскага гандляра футрам Абрама Кузьняца пакінуць дом і сям’ю і выправіцца за акіян. Шасьцігадовы сын Абрама Шыман Кузьнец і ягоныя двое братоў засталіся з маці. Бацька ў Амэрыцы будзе працаваць у банку, а Шыман Кузьнец пабачыць на свае вочы, як неўзабаве імпэрыя лясьне і граміць пачнуць ужо не юдэяў, а само праваслаўе, і зусім іншыя ўлады будуць любавацца той самай “стыхіяй народнага гневу”, накіроўваючы яе ў патрэбнае ім рэчышча. І апраўдваючы гэта эканамічнымі законамі – дрымучымі і вечнымі, як сама гісторыя.

Менавіта імі і зоймецца сын купца Абрама – у нейкім сэнсе працягнуўшы сямейныя традыцыі.

А вось чаго ён, Шыман, на сваё шчасьце ніколі не пабачыць? Напрыклад, таго, як у другую сусьветную ў Пінску ад рук нацыстаў загіне 35 чалавек з родным яму прозьвішчам Кузьнец. І як адзін за адным будуць расстраляныя і сасланыя ў канцлягеры савецкія вучоныя, ідэі якіх дзякуючы Кузьняцу будуць распрацоўвацца на Захадзе. З тых чатырох эканамістаў, у каго завочна вучыўся Кузьнец, двое былі расстраляныя, адзін памёр у лягеры, адзін быў сасланы і пасаджаны ў лягер, але дажыў да хрушчоўскай адлігі.

І ўсё гэта будзе апраўдвацца стыхіяй народнага гневу.

Шыман Кузьнец, ураджэнец Беларусі, сын пінскага яўрэя, сусьветна вядомы эканаміст і будучы нобэлеўскі ляўрэат, таксама як бацька, пакіне радзіму вельмі своечасова. Але перад гэтым пабудзе крыху савецкім чалавекам і нават падданым Рэчы Паспалітай – як і ўсе пінчукі пасьля 1921 году. Можа, таму сам панятак Бацькаўшчыны будзе для яго ня надта важны – і ў шматлікіх анкетах ён будзе пісаць у графе “Месца нараджэньня” проста: Расея”. Гэтая “Расея” ніколі ня будзе выклікаць у ім настальгіі. Урэшце, якая розьніца, што пісаць у анкетах? На мапе сьвету няма гарадоў з назваю “Пагром” і “Юдафобск” і дзяржаваў, што горда завуцца “Стыхіяй народнага гневу”.

Праўда, у гонар колішніх пагромнікаў і забойцаў, антысэмітаў, беларусафобаў і тэрарыстаў стаяць помнікі, іхнымі імёнамі назвалі вуліцы і унівэрсытэты. У тым ліку тыя, дзе вывучаюць яе -- эканоміку. Навуку, якая, паводле вялікага эканаміста Іосіфа Сталіна, “мусіць заўжды гаварыць праўду”.

У гонар Шымона Кузьняца сёе-тое таксама назвалі. Кожны, хто вывучаў эканоміку, ведае пра “крывую Кузьняца”, “цыклы Кузьняца”, пра закон Кузьняца, паводле якога жыве, рэдка падазраючы пра гэта, сярэдняя кляса любога грамадзтва. Што да праславутай крывой, зразумець яе сэнс ня так цяжка, як можа падацца. Узровень сацыльнай няроўнасьці залежыць ад узроўня эканамічнага разьвіцьця грамадзтва. Гэта мы можам спасьцігнуць, праўда? Кузьнец даводзіць, што ў даіндустрыйным грамадзтве сацыяльная няроўнасьць расьце, па меры эканамічнага разьвіцьця, але потым пачынае зьніжацца і на доўгі час спыняецца на адным узроўні.

Мудрагеліста? Або проста мулка? Мулка сядзець на крывой Кузьняца, як на вясёлцы, і марыць пра ўсеагульны дабрабыт. Ці абяцаць яго тым, хто хоча есьці.

Падаецца, што мець названую ў твой гонар крывую – усё ж лепш, чым мець роўную, як панічныя ўцёкі, вуліцу ў якой-небудзь таталітарнай сталіцы, па якой бегае эканамічна неразьвітае, але гордае насельніцтва.

Зрэшты, Шымон Кузьнец быў чалавекам апалітычным – займаючыся дасьледваньнямі ў самай палітычнай галіне навукі. Апалітычным настолькі, наколькі можа быць апалітычным амэрыканец у эпоху халоднай вайны. Уратаваўшыся ад вайны гарачай – той, якая зьнішчыла мільёны яго суайчыньнікаў. Зьехаўшы з Польшчы ў ЗША, ён зрабіўся Сайманам. Але да канца Смітам так і ня стаў – і ёсьць тут пэўны намёк на тое, што для Саймана Кузьняца было сапраўднай Радзімай. Яго сям’я. Род. Радзіма як прыналежнасьць да “народу без Радзімы”.

Сайман Сміт Кузнец – пад такім імем ён і ўвайшоў у гісторыю. Кажуць, гэта яму мы мусім быць удзячныя за тэрмін ВНП, “валавы нацыяльны прадукт” – калі крывыя і цыклы Кузьняца ёсьць усё ж нечым вузкаспэцыфічным, то пагутарыць за куфлем піва пра свой ВНП лічыць сябе здольным кожны грамадзянін. ВНП – гэта так проста. Амаль як “талерантнасьць”. ВНП бывае ва ўсіх. Але не ва ўсіх праходзіць без ускладненьняў. Пра тое, што Сайман Кузьнец – наш суайчыньнік, ніхто не падазраваў цягам амаль цэлага стагодзьдзя. Як у той песеньцы: “Вот і нету Кузнеца!..” Лічылася, што ён нарадзіўся ў Харкаве – магчыма, таму, што будучы эканаміст скончыў тамтэйшы камэрцыйны інстытут. Увогуле, адукацыя Кузьняца – гэта тое, што будзе прыводзіць у трапяткі жах замілаваньня нас, ягоных будучых суайчыньнікаў. Гэта ж трэба, зьдзіўляемся мы: скончыўшы нейкае пінскае рэальнае вучылішча і сьціплы правінцыйны інстытуцік не ў Маскве і не ў Пецярбургу, а ў богам забытым Харкаве – паступіць адразу ў амэрыканскі Калюмбійскі унівэрсытэт! Неяк ня хочацца згадваць, што тое самае пінскае вучылішча скончыў, напрыклад, будучы прэзідэнт Ізраілю Хаім Вэйцман, а ў Харкаве працавалі найлепшыя прафэсары Расейскай імпэрыі і СССР. Што сапраўды здолела зрабіць стыхія народнага гневу – гэта забіць у людзях веру ў сябе. Мы ня верым у тое, што нарадзіўшыся тут, можна чагосьці дасягнуць. У 20-я гады, пасьля сусьветнай вайны, рэвалюцыі і пасярод грамадзянскай сечы, у часе перадзелу межаў і паўстаньня новых ідэнтычнасьцяў людзі знаходзілі ў сабе сілы верыць. І ўцякаць туды, дзе гэтая вера не была пад забаронай.

Адтуль, дзе верыць можна толькі Вялікай Савецкай Энцыкляпэдыі.

Яна, гэтая энцыкляпэдыя, разабралася з Сайманам Кузьняцом хутка і без асаблівых праблем. З дапамогай зброі, можа, і ня надта эканамічнай – затое надзейнай і апрабіраванай на мільёнах чалавечых істотаў, якія потым зрабіліся той самай сярэдняй клясай. Словаў “лічыць”, “маўляў” і “няправільна”.

Кузнец, Сайман Сміт (р. 30.4.1901, Харкаў) – амэрыканскі эканаміст, доктар эканомікі… К. лічыць, што асновай эканамічнага разьвіцьця ёсьць аб’ём і разьмеркаваньне інвэстыцый і ўзровень суадносінаў паміж спажываньнем і прыбыткамі… Аднак ён абыходзіць увагай сацыяльныя фактары, што ўзьдзейнічаюць на іх назапашваньне… Абапіраючыся на спэцыяльна падабраныя дадзеныя… К. спрабаваў статыстычнае абгрунтаваньне “рэвалюцыі ў прыбытках”, якая, маўляў, адбываецца ва ўмовах сучаснага капіталізму на карысьць ніжэйшых груп насельніцтва. Няправільным зьяўляецца вызначэньне К. нацыянальнага прыбытку як сумы ўсіх прыбыткаў, атрыманых за год, што завышае велічыню зноў утворанай вартасьці, бо ўключае ў яе другасныя прыбыткі невытворчай сфэры. Нобэлеўская прэмія за 1971 г.

Курсіў мой.

Як гэта яму Нобэлеўскую прэмію далі – за 1971 год? Такому ўсяму сатканаму з “маўляў”, “няправільна” і “спэцыяльна”?

Зрэшты, ведаем мы гэтыя іхныя буржуазныя прэміі. Самі пра такія марым. Жывучы пры капіталізьме – на жаль, зусім ня тым, які каваў Сайман Кузьнец. Дарэчы, К. у гэтым артыкуле амаль кафкіянскае. Злачынства безь віны. Эканоміка мусіць казаць праўду. І гэта праўда дакладных падлікаў – кажа Сайман К. Праўда статыстыкі.

Яго першы навуковы артыкул меў назву “Грашовая заработная плата рабочых і службоўцаў фабрычна-заводзкай прамысловасьці г. Харкава ў 1920 годзе”. Адна зь яго самых знакамітых працаў, на якіх вырасьлі пакаленьні жрацоў і жрыц эканамічнай навукі – “Эмпірычнае абгрунтаваньне тэорыі эканамічнага росту”. Двое з вучняў Саймана Кузьняца таксама стануць нобэлеўскімі ляўрэатамі. А эканамісты Марк Пэрлман, Робэрт Нэйтан і мілтан Гілбэрт зробяцца прызнанымі сусьветнымі эканамічнымі экспэртамі.

Сайман Кузьнец быў першым, хто прымусіў эканамістаў лічыць, абапірацца на дадзеныя, хто заняўся так званымі “нацыянальнымі рахункамі” і распрацаваў тэорыю эканамічнага росту. І няхай апошнія гады нобэлеўскія ўзнагароды дастаюцца тым, хто больш кажа пра паводзінавую, а ня колькасную эканоміку, спрабуючы абвергнуць або дапоўніць Кузьняца – каваль эканамічнага росту застаецца кавалём і каралём гэтай жудасьць якой непралазнай і “нецікавай” навукі.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар
15. Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды