Ніколь Краўс. Прыдуманыя сьляды
Калі Іосіф Бродзкі яшчэ ня быў нобэлеўскім ляўрэатам, але ўжо выкладаў у розных амэрыканскіх унівэрсытэтах і ахвотна даваў інтэрвію, у яго неяк спыталі, як ён пачуваецца ў ролі “прафэсара”.
“Як ліса ў куратніку”, -- адказаў паэт, прастадушна намякаючы на тое, што дзяўчат сярод ягонай студэнцкай аўдыторыі значна больш, чым хлопцаў. Пазьней, расказваючы пра гэта, Бродзкі насьмешліва дадаў, што амэрыканскіх фэміністак ягоныя словы моцна зачапілі. Быў нават невялікі скандал – які, зрэшты, нечаму навучыў будучага клясыка, а фэміністкам даў магчымасьць праявіць сваю велікадушнасьць.
У 1992, за чатыры гады да сьмерці паэта, сярод студэнтак Бродзкага ў Стэнфардзе зьявілася нікому яшчэ не вядомая Ніколь Краўс. Назваць яе курыцай, а сябе лісой Бродзкаму ў галаву ўжо не прыйшло. Бродзкі адчуў у студэнтцы не абы-які талент, а яна захапілася ягонай творчасьцю. Можна сказаць, яны былі сябрамі. Іх аб’ядналі Зьбігнеў Гербэрт, Італа Кальвіна, расейская паэзія… Пасьля сьмерці “Апошняга вялікага расейскага паэта, які пісаў у Рыфму” Ніколь Краўс шмат зьвярталася да тэкстаў Бродзкага, напісала ўспаміны пра гады іхнага знаёмства, але праславілася яна ня гэтым.
Ніколь Краўс напісала раман, які прымусіў сьцяцца сэрцы мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце. Абсалютны бэстсэлер. Раман пра каханьне.
“Гісторыю каханьня”.
Пра сэрцы мільёнаў – гэта, вядома, сказана занадта патасна, але, чытаючы водгукі самых розных людзей з усіх куратнікаў зямной кулі, якія, прачытаўшы Краўс, уздыхаюць тлустым шрыфтам: “Што за хараство… І што за боль!”, міжволі думаеш менавіта пра сэрца. І толькі ў апошнюю чаргу пра тое, што “Гісторыя каханьня” напісаная аўтаркай зь беларускімі каранямі, а горад Слонім, дзе ў 1941 разгортваецца трагедыя, месьціцца ня дзесьці за марамі, а ў тваёй уласнай краіне і дзякуючы Ніколь Краўс увайшоў у гісторыю літаратуры.
Раман Ніколь Краўс, дарма што пра каханьне пішуць усе, няпросты, поўны змроку і ценяў, пылу і шафаў, і ключоў ад невядомых замкоў. Ён падобны да гарышча, на якім зваленыя ў кучу самыя розныя рэчы: і друз, і скарбы, і не адразу зразумееш, што тут да чаго. І пякуча хочацца разабрацца.
Ён замёр за некалькі крокаў ад аўтабіяграфіі. Бо яна піша пра сваю сям’ю – ствараючы яе наноў. Яна піша пра сваіх бабулю (па гэтай лініі яе прродкі зь Нямеччыны і Ўкраіны) і дзядулю. А дзядуля Ніколь Краўс і праўда паходзіў зь Беларусі, зь вялікай яўрэйскай сям’і, і яму ўдалося ўратавацца тым самым жудасным летам 1941, калі…
“сьветлам сьпякотнай раніцай айнзацгрупа ўвайшла ў Слонім…”
Зрэшты, гэты раман наогул стаіць за некалькі крокаў ад звыклых вызначэньняў. Яго можна было б прыняць за постмадэрнісцкую гульню – тэкст у тэксьце, кніга ў кнізе, пэрсанаж-пісьменьнік, або хоча ім быць, герой піша кнігу пра тое, як іншы герой…. усё гэта нам знаёма; яго можна было б прыняць за раман-выкрыцьцё, раман-абвінавачаньне, раман пра Галакост; яго можна было б назваць проста яшчэ адной трагедыяй на старую тэму. Тут ёсьць уяўныя двайнікі – але гэта не Набокаў і не Дастаеўскі. Гэта – проста вельмі лірычная кніга. Пра старасьць і юнацтва, пра іх непазьбежную сустрэчу, пра іх асаблівыя стасункі, якія робяцца гісторыяй, якія працінаюць Вялікую Гісторыю мільёнамі нэрваў.
Сюжэт рамана Краўс нельга расказаць: інакш усё галоўнае некуды зьнікае, усё іншае становіцца дагары нагамі, Ніколь Краўс – хітрая аўтарка, якая вучылася ня толькі ў Бродзкага. А ў каго яшчэ? А ў таго самага Кальвіна, у Бруна Шульца, у мадэрністаў самай рознай моды і матэрыі. У каго яна не вучылася, дык гэта ў свайго мужа, улюбёнца хіпстэраў Джонатана Фоера. Не, нічога тут, у яе “Гісторыі каханьня”, ня гучна і не “запредельно блізко” да ягонай прозы. А вось кніжку яна сапраўды прысьвяціла свайму сужэнцу. І слушна зрабіла: у гісторыі літаратуры звычайна бывае наадварот, мужчыны прысьвячаюць свае кніжкі “прыўкрасным дамам”. Ды ў Краўс усё – наадварот…
“Маім дзядулям і бабулям, якія навучылі мяне, як ня зьнікнуць, і майму Джонатану” – так цалкам гучыць прысьвячэньне.
Васьмідзесяцігадовы Леа Гурскі жыве ў Ню-Ёрку. Ягоны старэчы страх – памерці на самоце, у сваёй кватэрцы, дзе апрача яго нікога больш няма. Таму ён часта выходзіць да людзей – стары сьлесар, ужо нікому не патрэбны. Некалі, калі Гурскі быў малады, ён быў літаратарам і напісаў некалькі раманаў на ідыш. Але гэта было даўно… У часы Галакосту Леа змог уратавацца і па вайне зьехаў у Амэрыку. Туды, куды эмігравала ягоная каханая, туды, дзе жыве ягоны сын, які ня ведае, што бацька ўпотай сочыць за яго жыцьцём.
“Калі я быў хлопчыкам, я любіў пісаць. Гэта было адзіным, чым мне хацелася займацца ўсё сваё жыцьцё. Я запаўняў сшыткі гісторыямі пра прыдуманых мной людзей. Я напісаў пра хлопчыка, які вырас і зрабіўся такім валасатым, што на яго палявалі з-за ягонай расьліннасьці. Ён хаваўся ад людзей на дрэвах і пакахаў птушку. Я пісаў пра сіямскіх сясьцёр-блізьнятаў, адна зь якіх закахалася ў мяне. І ўсё ж, калі я пасталеў, мне захацелася зрабіцца сапраўдным пісьменьнікам. Я імкнуўся пісаць пра тое, што існуе насамрэч. Я хацеў апісваць рэальны сьвет, у якім мы жывем, таму што жыць у сьвеце, які не апісаны, вельмі адзінока…”
Такім быў Леа Гурскі перад тым, як прыйшла Катастрофа.
У тым самым Ню-Ёрку ў нашы дні жыве дзяўчынка Альма Зінгер. Якую назвалі ў гонар гераіні аднаго раману, напісанага яўрэйскім эмігрантам у Чылі. Эмігрант таксама зь Беларусі. Высьвятляецца, што раман, поўны чылійскіх рэалій, зусім не пра Чылі, а пра Беларусь, і ў спраўднасьці ягоны аўтар – ніхто іншы, як…
На гэтым варта было б паставіць кропку. І канстатаваць, што “Гісторыя каханьня” – самы “беларускі” з пасьпяховых раманаў, напісаных іншаземцамі. Перакладзены на трыццаць шэсьць моваў, ён расказвае пра нашую гісторыю – тую, у якой мы самі часта ня хочам сабе прызнавацца. Іншую гісторыю. Тую, якую пражываюць, а не адзначаюць. Тую, якой можна паставіць помнік, але пасьля якой не паставіш ні кропкі, ні клічніка.
Гісторыя посьпеху Ніколь Краўс нечым нагадвае ашаламляльны ўваход у літаратуру Франсуазы Саган паўстагоддзем раней. Францужанка сваёй кнігай “Дзень добры, смутак!” дэбютавала ў дзевятнаццаць і адразу ж была прызнаная майстрам. Першы раман Ніколь Краўс пахваліла сама Сюзан Зонтаг. “Дзіўны, пачуцьцёвы і дасьціпны раман, зь якім аўтарка апынулася пры дзьвярах амэрыканскай літаратуры” – нешта падобнае напісала Зонтаг пра першую кніжку Краўс, “Мужчына ўваходзіць у пакой”. І такая падтрымка аказалася ня лішняй. “Гісторыя каханьня” выйшла праз тры гады – і адчыніла дзьверы…
“Цудоўна, тонка і абсалютна арыгінальна”, сказаў пра раман нобэлеўскі ляўрэат Кутзэе. “Самая прыгожая кніга пачатку новага стагоддзя” – адгукнуліся яму ў тон чытачы, якія дагэтуль ня чулі ні пра які Слонім.
У Беларусі кніжку ніхто асабліва не заўважыў. Быццам яна не пра нас.
То бок той, хто хацеў, прачытаў, вядома – у расейскім перакладзе. Але прачыталі так, быццам усё гэта адбываецца ў нейкай фантастычнай, выдуманай краіне. Ня тут, на гэтай зямлі, зусім блізка ад Менску, куды, як вядома, сходзяцца ўсе дарогі, каб потым роўнай магістральлю павярнуць на Маскву.
“…Слонім, гарадок, дзе я жыў, часам належаў Польшчы, а часам Расеі. На вокладцы я намаляваў мапу, адзначыўшы ўсе дамы і ўсе майстэрні: тут была крама Кіпніса, мясьніка, тут жыў кравец Гродзенскі, а тут – Фішль Шапіра, які быў ці то вялікім цадзікам, ці то ідыётам, ніхто так і ня змог вызначыць. Там была рынкавая плошча і поле, дзе мы гулялі, а тут рака, спачатку шырокая, а там вузкая, а далей пачынаўся лес, у якім стаяла дрэва, на якім павесілася Бэйла Аш, а тут… Калі я даў гэтую кніжку адзінаму чалавеку ў Слоніме, меркаваньне якога было для мяне важнае, яна паціснула плячыма і сказала, што было б лепш, калі б я нешта выдумваў…”
Так расказвае нам Леа Гурскі, стары жыхар Ню-Ёрку, які працуе мадэльлю для маладых мастакоў, каб ня зьнікнуць. Каб не памерці незаўважна. Кніга Ніколь Краўс – гэта кніга пра памяць. Для яе героя важна адчуць сваю рэальнасьць. Адчуць, што нічога не было дарма.
“Я страціў жанчыну, якую кахаў. Я страціў годы. Я страціў кнігі. Я страціў дом. Хто наважыцца сказаць, што я ня страціў недзе па дарозе і розум?.. Маёй прысутнасьці не было – ніякіх сьлядоў, калі не лічыць мяне самога...”
Леа Гурскі зноў пачаў пісаць праз паўстагодзьдзя, на іншым канцы зямлі. “Калісьці жыў-быў хлопчык”. Доўгі час гэтая фраза была адзінай, што ён мог напісаць. І ўсё ж гэта была вельмі важная фраза. Словы пачатку, а не канца, надзеі, а не расчараваньня. Таго, чаго так не хапае краіне, сярод якой недзе згублены гарадок Слонім, ад якога толькі і застанецца, што людзі, імя і гісторыя.
У Беларусі ёсьць яе сёньня, па якое мала хто хоча гаварыць і ведаць. У яе ёсьць яе ўчора – якое заўжды ўспрымаецца намі як чужыя сьляды. А заўтра ад яе можа застацца толькі назва. Раман Ніколь Краўс, прысьвечаны прысутнасьці ў сьвеце чалавека і яго любові, якраз пра тое, як гэта важна – супраціўляцца марнасьці, выходзячы на сьвятло.
Абазначаючы сябе, успамінаючы сябе і называючы. Як падлетак, што малюе першую ў ягоным жыцьці мапу.
Альгерд Бахарэвіч
1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан
14. Барыс Кіт. Выпадак і выбар