Барыс Кіт. Выпадак і выбар
Кожны год напрыканцы красавіка па ўсім Менску расьцьвітаюць тысячы плякатаў, прысьвечаных “Дню пабеды”. Як і належыць штучным кветкам, яны ніколі ня вянуць і зусім не абсыпаюцца, толькі колеры хутка блякнуць і клей праступае скрозь паперу, робячы плякаты жаўтаватымі і празрыстымі, як твар муміі.
Што ня блякне, дык гэта фантазія іх аўтараў. Гіт сэзону: “Я тоже хочу быть героем, как мой прадед” – і побач вялікая фатаграфія радаснага немаўляці. Так выглядае апошні ўзор іхнай “пабеднай” крэатыўнасьці: пасланьне гэтага пляката глыбокае і хвалюючае, як рэкляма сьвежага мяса. Гарматнага мяса, на якое заўжды была багатая Беларусь.
Гуляючы па гэтым райскім садзе, мы з жонкай даўно заўважылі: калі ўсе нашыя прапагандысцкія красавіцка-травеньскія плякаты перакласьці на нямецкую мову, яны мала чым будуць адрозьнівацца ад плякатаў Трэцяга Райху. Перамога, герой, подзьвіг, вораг, гонар, кроў, народ, адзінства – унівэрсальны пральны парашок са словаў… Дзеці, салдаты, мэдалі, генэралы… Ура!
Калі ўжо жыхарам Беларусі так падабаецца гаварыць мовай агітпропу, варта было б падумаць пра іншыя плякаты. Я дык уяўляю сабе фота вядомага ва ўсім сьвеце беларуса, якому нядаўна споўнілася ні многа ні мала 105 (пропісам: сто пяць) гадоў. Яго старэчы, хаця і вельмі маладжавы твар, “гладкая, бы адпаліраваная галава” (як напісаў пра яе Быкаў), на якой плямак столькі, колькі пражытых вёснаў. Разумная ўсьмешка. І ягоныя словы:
“Дзякваць Богу, што я ніколі ня быў салдатам, ня браў удзел у вайне”.
Як гэта? За што тут дзякаваць? – закрычыць беларускі ідэоляг, садоўнік нашага плякатнага саду.
І сапраўды. Немаўля, якое, ледзь зьявіўшыся на сьвет, ужо выпраўляюць у мёртвыя героі – і стары, які перажыў некалькі войнаў, нікога не забіўшы. У чым больш сэнсу? І ці ёсьць наогул сэнс у тым, каб жыць доўга?
Стары чалавек, пра якога тут вядзецца, гэта, вядома ж, Барыс Кіт, навуковец, дасьледчык, спэцыяліст па ракетным паліве, экспэрт па касманаўтыцы. “Найпершы беларус у сьвеце”, як казаў пра яго Быкаў, пісьменьнік-салдат. Таму пацыфізм тут ні пры чым: напэўна, самыя вялікія пацыфісты – гэта салдаты, якія не захацелі зрабіцца генэраламі. Пра Барыса Кіта краіна даведалася значна пазьней, чым увесь астатні сьвет – гадоў дваццаць таму. Раней было нельга – Беларусь ня любіць складаных гісторый. Або герой, або жывы. А гісторыя Барыса Кіта і праўда складаная.
Ён не забіваў. Яго забівалі – гэта было. У пачатку саракавых настаўнік матэматыкі, дырэктар беларускай настаўніцкай сэмінарыі Барыс Кіт ехаў да сябе ў Лебедзева і быў арыштаваны немцамі. Трыццаць дзён прасядзеў у глыбоцкай турме – нібыта за сувязь з партызанамі, і наогул яму закідалася, што ён – ангельска-амэрыканскі шпіён. Стаяла лютая зіма, у склепе, дзе ўтрымлівалі вязьняў, сядзела 30 чалавек – і кожны дзень 25 зь іх расстрэльвалі, а раніцай прыводзілі новых. Нямецкі жандар, які абвяшчаў прозьвішчы асуджаных, весяліўся, як мог. Дайшоўшы да літары “К”, рабіў паўзы: “Кі… Кі… Кірілоф!”
Кожны дзень мог зрабіцца апошнім. Пра тое, што вядомы настаўнік-беларус сядзіць у турме, даведаліся ў Менску, пастараліся дапамагчы. Кіта перавялі ў Вялейскую турму.
“Кожнага дня выпушчалі нас пагуляць на двор. У дзьвярох стаяў вартавы, але не немец, а паляк, паскудны такі чалавек. Па прозьвішчы Генрых Сянкевіч. За 30 дзён у мяне вырасла чорная барада, дык гэты Сянкевіч падумаў, што я жыд. Ён адмыслова зь мяне зьдзекваўся. Як я праходзіў празь дзьверы, дык ён мяне біў гумовай палкай па галаве, я ледзьве ня падаў. Неяк раз нас павялі ў лазьню, і ён пабег за мной паглядзець, ці я жыд? Упэўніўся – не…”
У немца Шміта, служыў давераным былы вучань Барыса Кіта Кастусь Касяк. Ён і ўратаваў настаўніка. Пазьней Кастуся Касяка забілі: ці то чырвонаармейцы, калі занялі Вялейку, ці то немцы па даносе. А неўзабаве Барыс Кіт, вязень нямецкай улады, выправіўся на Захад, у Нямеччыну. Занадта складаная гісторыя для таго, каб быць тэмай пляката.
Гісторыі, гісторыі… Як вядома, “гісторый усяго чатыры”. Калі чытаеш успаміны Барыса Кіта, немагчыма не заўважыць, якую ролю ў нашым жыцьці адыгрываюць выпадкі. Ролю матэматычную, калі браць пад увагу верагоднасьць падзей – і касьмічную па сваіх маштабах.
Нарадзіўся ён у Пецярбургу (у 1910). Бацька ягоны быў беларусам – і калі б ня лютаўская рэвалюцыя (а ўсе рэвалюцыі выпадковыя), застаўся б Барыс Кіт жыць у змрочным горадзе на Няве, сярод герояў Дастаеўскага. Але праз голад і разруху бацькі вырашылі вяртацца на Беларусь. Там Барысу Кіту наканавана будзе пражыць усяго толькі больш за дваццаць гадоў. Ужо ў новым стагодзьдзі ён прызнаецца, што ягонае жыцьцё – нейкі дзіўны зваротны рух: чым далей ён ад Беларусі, чым старэйшы робіцца – тым большым беларусам сябе адчувае: “Напэўна, у сто гадоў зраблюся стоадсоткавым беларусам”. Што ж, у Барыса Кіта не было сёньняшніх тэхналёгій: цяпер у Менску купіў вышыванку або стужачку на руку завязаў з арнамэнтам – і ўжо беларус. Хвіліна – і гатова.
Яшчэ адным выпадкам, безь якога Кіт не зрабіўся б Кітом, трэба назваць ягонае паступленьне ў Віленскі ўнівэрсытэт у канцы 20-х. Калі хлопец прыйшоў паступаць, дык пабачыў дзьве чаргі абітурыентаў. На гістарычны факультэт чарга была ў сто чалавек, на фізыка-матэматычны -- пяць. І ён проста стаў у карацейшую. “Пайшоў бы ў гісторыкі – замест працы над палётамі на Месяц мыў бы посуд у ню-ёркскіх рэстарацыях”, -- любіць жартаваць Барыс Кіт, даючы інтэрвію.
Нячаста выпадак і выбар, два адвечныя антаганісты, уступаюць у такі хаўрус. Бо ўдзел у касьмічных праектах і распрацоўку плыўкага вадароду як ракетнага паліва Барыс Кіт называе сваім галоўным дасягненьнем.
“На дварэ быў 1956 год. Аднаго дня падыходзіць да мяне начальнік: “Барыс, зрабі поўную выкладку па плыўкаму вадароду”. Далі мне час, я пачаў зьбіраць усе магчымыя матэрыялы, вырахоўваць сілу плыўкага вадароду, патэнцыйныя цяжкасьці. Напісаў вялікую справаздачу. І гэта быў пачатак усяго! Плыўкі вадарод стаў асноўным ракетным палівам, дзякуючы чаму стала магчыма падарожжа на Месяц, праграма "Шатл" і многае іншае. Мяне так захапіла гэта праца, што я дасьледаваў іншыя патэнцыйныя віды ракетнага паліва. І напісаў першы ў сьвеце падручнік па астранаўтыцы, які дагэтуль ўжываецца ў сусьветных ракетных цэнтрах…”
А хіба не выпадак – гісторыя з ад’ездам у Амэрыку? Яна адбывалася ў Мюнхене пасьля вайны, Барысу Кіту не хацелі даваць дазвол на эміграцыю: “Вы настаўнік, ня ведаеце ангельскай, што вы там будзе рабіць?” – казала сакратарка адказнай за выезд службоўцы. Карацей, адмовы: адна, другая… І вось аднойчы, калі сакратарка выйшла ў прыбіральню, герой гэтага аповеду скарыстаўся яе адсутнасьцю і патрапіў наўпрост да дырэктаркі. Пытаньне было вырашанае. У самым пачатку 1948 году, на параплаве “Марскі тыгр” Барыс Кіт зь сям’ёй пакідае Эўропу. Параплаў падаецца спакутаваным вайной людзям плывучым раем: столькі там ежы. Брэмэнскі порт робіцца ўсё далейшы, пачынаецца новы, самы шчасьлівы і ганаровы пэрыяд жыцьця.
Амэрыка. Гэта потым доўгажыхар Барыс Кіт будзе зноў з гонарам называць сябе эўрапейцам, а тады яна падавалася яму краем, у які ён прыехаў назаўжды. Амэрыка як Месяц, край, адкуль няма дарогі назад.
Аднойчы ў Амэрыцы нікому не вядомы эмігрант Барыс Кіт пайшоў “на забаву” у польскі камітэт, дзе спаткаў прафэсара Макшыцкага, былога выкладчыка Варшаўскай політэхнікі, і той запрасіў матэматыка-беларуса да сябе на працу, у North American Aviation Inc., самае значнае прадпрыемства, якое займалася ракетамі. Таксама выпадак, які зрабіў Барыса Кіта тым, кім ён ёсьць. Навукоўцам, які крышачку зьбеларусіў космас. Хоць космасу і напляваць, са сьцягам якой краіны ў яго лезуць. Ягоны сьцяг быў і будзе чорны – сьцяг анархіі, велічнага і першаснага безуладзьдзя, асновы сьветабудовы. У якім няма герояў – ёсьць толькі пустэча і холад свабоды. І свой, непадобны да нашага час.
Доўгажыхароў любяць запытвацца пра іхныя “сакрэты” – быццам яны, доўгажыхары, самі ня зьдзіўленыя сваімі рэкордамі. Быццам ім яшчэ ў маладым узросьце адкрылася сакральная веда пра нейкія мінэральныя аквавіты. Напэўна, у кожнага доўгажыхара прыдуманы свой адказ, які мусіць у нечым супадаць з адказамі аднагодкаў, але і быць пры гэтым дастаткова арыгінальны. Моцныя беларускія гены, карысны для здароўя голад у маладыя нішчымныя гады, чыстае сумленьне – вось рэцэпт даўгалецьця, які прапануе Барыс Кіт. Самае цяжкае тут, вядома – п.3. Сумленьне – нашае разбаўленае амбіцыямі паліва. Да Месяца на ім не даляціш – але большасьці гэтага і ня трэба.
У такім даўгім жыцьці асобнага чалавека непазьбежна праступае гісторыя краіны. Барыс Кіт – з тых беларусаў, якія ацалелі на чужой вайне, сярод ня намі распачатых рэвалюцый і закалотаў. Калі ўлады тут імкнуцца давесьці, што гісторыя Беларусі пачынаецца ў 1917, то “наш амэрыканец”, які нарадзіўся ў Пецярбургу 105 гадоў таму, а зь 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя жыве ў Франкфурце – хто ён для гэтых уладаў? Дагістарычны пэрсанаж? Іншаплянэтнік?
У цяперашняй Беларусі, якая задыхаецца ад недахопу герояў, якой так патрэбны пазытыўны вобраз чалавека адсюль, якім можна было б ганарыцца там, здаецца, мала задумваюцца пра тое, што выгнаньне, добраахвотнае або не, гэта таксама частка беларускага вобразу. А ня толькі зямля, карані, свой лапік зямлі, ад якога беларуса можна адарваць толькі мёртвага. Барыс Кіт пашырыў межы беларускага. Так далёка, як толькі мог. Мабыць, выпадкова? Хто дажыве да 105 – праверыць.
Альгерд Бахарэвіч
1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
13. Лары Кінг. Кароль і блазан