Лары Кінг. Кароль і блазан
Калі аднойчы амэрыканскага тэлевядоўцу і шоўмэна
Лары Кінга папрасілі назваць пяць ягоных улюбёных кніг, ён, ясная рэч, вырашыў прадэманстраваць шырыню сваіх інтарэсаў: у сьпісе аказаліся падарожныя нататкі, палітычная біяграфія, дэтэктыў, мэмуары…
І – “The Catcher in the Rye“. Cамы амэрыканскі з раманаў, добра вядомы на абшарах былой савецкай імпэрыі. Па-расейску яго ахрысьцілі “Над пропастью во ржі” – па-беларуску ён зваўся б больш карэктна, “Лавец у жыце”. Тое, што Лары Кінг, самы балбатлівы амэрыканец і самы вялікі майстар інтэрвію, назваў гэтую кніжку ў ліку ўлюбёных, яшчэ раз даказвае: пакліканьне ёсьць праклёнам, а праца, як бы ты яе не багоміў, гэта ўцёкі ад сябе самога, спроба зрабіць усё наадварот і стацца ня тым, кім ты мог бы.
Бо адразу ўспамінаецца дзівак Холдэн, галоўны герой сэлінджэрава рамана. Холдэн, які марыць не пра кар’еру ў шоў-бізнэсе на TV, дзе трэба ўвесь час гаварыць, гаварыць, гаварыць, а пра тое, каб прыкінуцца глуханямым і…
“
…Тады ня з кім ня трэба будзе заводзіць непатрэбных размоваў. Калі камусьці захочацца са мной паразмаўляць, яны будуць пісаць свае словы на паперцы і паказваць мне. І ім гэта так урэшце надакучыць, што я на ўсё жыцьцё пазбаўлюся ад размоваў. Усе будуць лічыць мяне глуханямым дурачком і пакінуць у спакоі… Я буду жыць у буданчыку на лясным узгорку. А калі мне захочацца жаніцца, я сустрэну якую-небудзь прыгожую глуханямую дзяўчыну, і мы ажэнімся. І яна таксама будзе пісаць мне на паперцы, што хоча сказаць…”
З Лары Кінгам усё атрымалася рыхтык наадварот. Бясконцым размовам зь іншымі ён прысьвяціў усё жыцьцё, больш за тое: ён разбагацеў на гэтым і здабыў сусьветную славу. Ну, а жаніўся Кінг ажно восем разоў – і глуханямых сярод яго абраньніц чамусьці не было.
Значыць, пра лаўца ў жыце – было дзеля прыгожага слоўца?
Магчыма. Але ня ўсё так проста з Лары Кінгам – лаўцом чалавекаў.
Кожная сучасная прафэсія мае ў мінулым свае прататыпы, і займальна бывае задумацца, адкуль растуць ногі ў розных салідных і паважных заняткаў, якімі цяпер корміцца чалавецтва.
Прафэсійныя футбалісты – тыя самыя старажытнарымскія глядыятары. Паліцэйскія – працяг слаўнай пароды наглядчыкаў за рабамі на плянтацыях. Начальнікі раённых ідэалягічных аддзелаў – махляры ў тогах. Журналісты – пляткары, якія таўкліся на плошчах. Палітыкі – жрацы, што патрабуюць ад народу ахвярапрынашэньняў.
А тэлевядоўцы і шоўмэны?
Здаецца, больш за ўсё ў іх ад сярэднявечных блазнаў. Яны забаўляюць – але і прымушаюць задумацца. Яны – тыя, каму дазволена пярэчыць нават асобам каралеўскай крыві. Ім можна ўсё, зь іх сьмяюцца, не падазраючы, што сьмяюцца з саміх сябе. У гісторыі вядома шмат блазнаў, якія зрабілі сабе на гэтым занятку кар’еру. Французы Шыко і Трыбуле, партугальскі яўрэй Лякоста, расеец Балакіраў. Або знакаміты Станчык, блазан вялікіх літоўскіх князёў і польскіх каралёў…
Задаваць людзям нязручныя пытаньні, ставячы іх у тупік, і выклікаць сьмех у гледачоў – гэта таксама блазанства. Дваццатае стагодзьдзе зрабіла блазнаў героямі сучаснасьці. Сьвет стаў бязь іх немагчымы. Вось і бяз Лары Кінга ўявіць сабе тэлевізію складана. І ня толькі амэрыканскую.
Зрэшты, ён і сам – Кароль. Прозьвішча Кінг Лары атрымаў, калі толькі пачынаў сваю кар’еру. Уладкаваўшыся на адну радыёстанцыю, хлопец на імя Лоўрэнс Гарві Зэйгер спачатку выконваў самую розную працу – нават прыбіраў студыю. Толькі да мікрафона яго не пускалі. І вось, у адзін цудоўны дзень, у Лары Зэйгера зьявіўся шанец зрабіцца Кінгам… Які 24-гадовы хлопец з Брукліну не змарнаваў.
Насамрэч, вядома, продкі Лары па бацькавай лініі насілі прозьвішча “Цайгер”, ад слова, што азначае “паказваць” – і як тут не пабачыць сувязь з будучай тэлевізійнай кар’ерай... Бацька будучай тэлезоркі, хутчэй за ўсё, паходзіў з Каламыі у Заходняй Украіне – таму яго часта называюць “аўстрыйцам”. Ён займаўся рэстараннай справай і быў прававерны юдэй. А маці, таксама яўрэйка, паходзіла зь Менску. У дваццатых яны перабраліся ў Ню-Ёрк. Звычайная гісторыя, зь якой пачынаюцца ўсе незвычайныя.
Лары Кінг любіць прыгадваць гісторыю аднаго эмігранта, выказаную тым у некалькіх сказах: “Мой бацька ў юнацтве прыехаў у Амэрыку, бо ён чуў, што вуліцы тут брукаваныя золатам. Але прыехаўшы сюды, ён пабачыў тры рэчы: 1. Вуліцы тут не былі брукаваныя золатам. 2. Шмат якія зь іх зусім не былі брукаваныя. 3. Брукаваць іх мусіў ён сам”.
Павучальна для тых, хто лічыў, што зрабіцца Кінгам – проста, варта толькі мець бацькоў-амэрыканцаў…
Першынец Джэні і Эдзі Цайгераў-Зэйгераў нарадзіўся ў 1932, але памёр яшчэ дзіцём. А ў 1933 на сьвет зьявіўся Лары – хлопчык, якому наканавана было зрабіцца каралём амэрыканскага інтэрвію і паказаць сябе ва ўсёй красе мільёнам людзей. І прымусіць гаварыць тысячы зь іх: больш за 6000 знакамітасьцяў зьявілася ў “Larry King Live“ за дваццаць пяць гадоў існаваньня гэтай перадачы.
Гаварыць – цэлая навука, але, на думку Кінга, “чым боьш гэтым займаешся, тым лепш гэта выходзіць і тым большае атрымліваеш задавальненьне”. Трэба проста быць самім сабой, трапляючы ў лапы інтэрв’юера, перакананы Лары Кінг, і… Лепш прамаўчаць і быць западозраным у тым, што ты дурань, чым раскрыць рот і адразу разьвеяць усе сумневы на гэты конт. Гэта таксама ягоныя словы. Так Лары Кінг напісаў у амэрыканскай бібліі інтэрв’ю – сваёй кніжцы “Як размаўляць з кім заўгодна, калі заўгодна і дзе заўгодна”. Нам, жыхарам Старога сьвету, неяк дзіўна бачыць такую назву – бо лягічным падаецца яе працяг: “…і пра што заўгодна”. Але Амэрыку гэта, відаць, не бянтэжыць.
v
Прадмет размовы для вядоўцы ток-шоў няважны – значна больш важныя іншыя рэчы. Напрыклад, падцяжкі. У вядоўцы папулярнай тэлепрадачы павінен быць вобраз і не павінна быць прынцыпаў. Падцяжкі, акуляры і ўменьне гаварыць пра ўсё на сьвеце – гэта і ёсьць сучасная журналістыка. Якую я магу ненавідзець усёй душой, бо яна цалкам пабудаваная на выкарыстаньні чалавечых слабасьцяў, бо яна дэвальвуе слова, бо разьдзімае пасрэднасьці да неверагодных памераў, бо…
Але каму якая розьніца, калі ўсе прэміі Пібадзі, Эмі, Махоні і дзесяць узнагародаў амэрыканскага кабэльнага тэлебачаньня сьведчаць: чалавецтва любіць Лары Кінга значна больш за Марціна Лютэра Кінга, хаця абодва яны зрабілі сабе імя на прамовах, размовах, на маўленьні, на гаварэньні. Зорка на галівудзкай Алеі Славы – як пасаджанае партыйным начальнікам дрэва…
Зрэшты, Лары Кінг з тых людзей, якія ахвотна дзеляцца сакрэтамі майстэрства і нават спрабуюць зрабіць з гэтага філязофскую сыстэму.
Калі амэрыканскае тэлебачаньне прыйшло да былых савецкіх грамадзянаў, шмат каму падалося, што гэта так проста: усяго і трэба, што загнаць суразмоўцу ў тупік, пытаючыся ў яго пра тое, што ён ня надта хоча абмяркоўваць. Высьветлілася, што трэба ведаць правільны падыход да размовы. Правільны падыход паводле Лары Кінга – гэта сьледваць ягонаму галоўнаму запавету:
“
Трэба гаварыць нават у тым выпадку, калі табе няёмка”.
Каб пераадолець няёмкасьць, неабходна часьцей размаўляць самому з сабой уголас. А яшчэ, каб быць Лары Кінгам, трэба прытрымлівацца наступных запаветаў:
Ніколі не задаваць пытаньняў, на якія можна адказаць “так” ці “не”.
Глядзець суразмоўцу ў вочы і нахіляцца да яго, паказваючы, што ўся вашая ўвага на ім.
Быць зь ім шчырым. Быць зь ім сумленным. Дэманстраваць, што ён вам цікавы. Зрабіць ненатуральнае натуральным. Як толькі суразмоўца адчуе, што насамрэч вам цікавыя толькі вы самі, ён закрыецца, і размове канец. А гэта ў нашым грамадзтве, alas!, часьцяком значыць канец кар’еры.
Самае страшнае, што можа здарыцца з чалавекам.
v
Страшней за сьмерць. Страшней за несвабоду. Страшней, чым быцьцё.
На поставецкай прасторы наогул любяць усе гэтыя дзікія, вычварныя словы: кар’ера, шоў, зорка, тэхналёгіі, маніпуляцыі, піар, любяць простыя рэцэпты посьпеху і кожную хвіліну гатовыя ўласнаручна ампутаваць сабе рэцэптары густу. Тут ня бачаць нічога заганнага ў цынізьме перамогі і перадозе таннай славы. Таму нічога дзіўнага, што кар’ера Лары Кінга завершылася на расейскім тэлебачаньні – у вялікай імпэрыі, жыхары якой усё яшчэ лічаць, што культура -- гэта брукаваныя золатам вуліцы, таму асфальтаваць іх ня варта. Лары Кінг – герой постсавецкага чалавека, ягоны ідэал дэмакратыі і свабоды слова, яго амэрыканскія акуляры, празь якія ён аднойчы зірнуў на сьвет і ўсё няправільна зразумеў.
Аднойчы да Лары Кінга ў госьці прыйшоў Пуцін.
Пуцін расказаў Лары Кінгу пра “подзьвіг разьведчыка”, пра замірэньне Чачні і Беразоўскага, пра расейскую дэмакратыю і пра мір на зямлі. Лары Кінг так і ня здолеў задаць Пуціну ніводнага нязручнага пытаньня. Затое інтэрв’ю Пуціна Лары Кінгу перадрукаваў цалкам увесь расейскі афіцыёз. Інтэрвію і праўда было знакавае. Амэрыканскі народ, выхаваны тэлебачаньнем, гаварыў з кіраўніком дзяржавы, для якой тэлебачаньне ёсьць відам зброі масавага паражэньня. А паміж імі, у тонкай прасторы паміж экранамі, засталіся сапраўды важныя словы, якія варта прамаўляць уголас. Словы не для інтэрвію, словы прытомнасьці. Залатыя і нікому не цікавыя, як вуліцы тваёй мары.
Альгерд Бахарэвіч
1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж
12. Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна