Рышард Капусьцінскі. Куды ўпадае рака Піна
Кароль памёр – няхай жыве яго геаграфічная карта…
Бо палітычная памірае разам зь ім.
Паляка Рышарда Капусьцінскага, чалавека, які атрымаў чыстую літаратуру, зьмяшаўшы ў небясьпечных колькасьцях геаграфію, гісторыю, палітыку і журналістыку, любяць называць “імпэратарам рэпартажу”. Празваньне просіцца само: самыя знакамітыя ягоныя кнігі называюцца “Імпэратар” і “Імпэрыя”, а фэномэн імпэрскага мысьленьня – і ёсьць той цёмнай пячорай, куды ўвесь час сьвяціў ягоны беспакойны ліхтарык. Сьвяціў для ўсіх, а найперш для сябе.
Апошнім часам, праўда, пішучы пра Капусьцінскага, не забываюць дадаць, што з так званымі фактамі так званай рэальнасьці “імпэратар рэпартажу” почасту абыходзіўся таксама цалкам па-імпэратарску, царственна і адвольна – часам рупячыся больш пра вобразы, чым пра гістарычную праўду. Прыкладам, ён пісаў пра Чэ Гевару так, быццам сам падаваў яму аўтамат і інгалятар – а насамрэч яны ніколі не былі знаёмыя. Але кожны чытач ведае, што найлепшы нон-фікшн – той, які чытаецца, як бэлестрыстыка. А дзеля гэтага да гістарычнай праўды варта падыходзіць па-аўтарску. Так, як гэта рабіў Герадот. Адзін з герояў Капусьцінскага, вельмі важны для ягонай творчасьці.
Герадот пісаў не пра гісторыю, ён пісаў Гісторыю. Гісторыю ад першай асобы, а гэты граматычны лад ня здольны быць аб’ектыўным. Герадот не вывучаў, ён ведаў. Дзякуючы Герадоту і мы ведаем пра ягоныя часы нешта лішняе, няіснае, на першы погляд неістотнае – а ў літаратуры гэтае лішняе і ёсьць самым цікавым і важным. Самае важнае, цікавае і лішняе – гэта людзі. Іх гісторыю і пісаў Капусьцінскі, заўжды большы, чым проста журналіст, заўжды меншы за імпэратара, і таму ў кожным тэксьце памерам са свайго чытача. Зь цябе, зь мяне, з нас. З тых, хто хоча ведаць лішняе.
Калі б я хацеў сфармуляваць, што такое Гісторыя паводле Капусьцінскага, я б сказаў так: Гісторыя – гэта месца, дзе мы заўжды ёсьць і дзе мы ніколі не пабываем.
…Пра тое, што імпэратар рэпартажу Капусьцінскі быў яшчэ і паэт, мала хто ведае. А ён, пабачыўшы ў жыцьці самыя розныя акіяны, пісаў вершы пра рэкі. А дакладней, пра нейкую пэўную даліну,
…па якой бяжыць рака.
вузкае рэчышча
шукае вялікую ваду
гэта відаць нават на школьных картах
яна хоча пагрузіцца ў марскія глыбіні
загінуць у зялёных прорвах
і вось ужо робіцца акіянам
пагрозьлівым і небясьпечным
праглыне сьмелага, неразважлівага…
…у прорве акіяну тоне
нейкая наступная рака.
Пра якую раку думаў Капусьцінскі, пішучы гэты верш? Якое вузкае рэчышча, што шукае вялікую ваду, ён уяўляў? Кожны беларус скажа: дык Піну ж, Піну, ясны пень. І, пэўне, не памыліцца. Для Рышарда Капусьцінскага, ураджэнца Пінску, гэта была першая і самая важная рака ў ягоным жыцьці. Піна зьвязала яго з Акіянам. І ён успамінаў яе ўсё жыцьцё, успамінаў і бачыў перад сабою. Як і сам родны горад – зусім іншы, не такі, якім ён зрабіўся, калі ў яго прыйшла Гісторыя…
Але ў 1932 да ўварваньня Вялікай Гісторыі заставалася яшчэ цэлае дзяцінства. Палякаў у Пінску было небагата: дзьве траціны насельніцтва складалі яўрэі, астатнія – тутэйшыя “рускія” і палякі, збольшага перасяленцы зь “Вялікай Польшчы”. Рышард Капусьцінскі нарадзіўся на вуліцы Балотнай у сям’і школьных настаўнікаў: бацька выкладаў маляваньне, маці – музыку… Жыў тагачасны Пінск бедна. Так бедна, што аднойчы Капусьцінскі параўнае ягонае дзяцінства з тым, як жывуць афрыканскія дзеці: не хапала ежы, не хапала абутку, для таго, каб купіць чаравікі на драўлянай калодцы, яму, дзіцяці, трэба было прадаваць на рынку мыла.
У 1939 Гісторыя прыйшла ў Пінск – на сьпінах дзьвюх агромністых драпежных імпэрый. Бацьку прызвалі ў войска, ён трапіў у палон, уцёк (а іначай падзяліў бы лёс тых, каго забілі пад Катыньню). Вярнуўся ў Пінск, і зноў давялося ўцякаць – ад дэпартацыі. Сям’я выбіралася зь Пінску паасобку, бацька – лесам, маці – цягнікамі праз Львоў, сустрэліся ў Варшаве. Наступны раз Капусьцінскі пабачыць Пінск ужо ў статусе “імпэратара”. Праз шмат-шмат гадоў, калі ня будзе ўжо ў Пінску ні вуліцы Балотнай (якая зробіцца вуліцай Суворава), ні вуліцы Касьцюшкі, дзе працаваў бацька (стала вуліцай Леніна). У Пінску паселіцца імпэрыя – і ў пачатку дзевяностых Капусьцінскі напіша пра яе кнігу.
Кнігу пра яе сьмерць.
А Пінск зь ягонымі Суваравымі і Ленінамі выканае ролю надмагільнага помніка.
Апынуўшыся ў Польшчы і перажыўшы гітлераўскую акупацыю (цудам, скажам мы, але Гісторыя кажа, што цудаў не бывае), Капусьцінскі паступіць на гістарычны факультэт Варшаўскага унівэрсытэта. Тут ён і пазнаёміцца з Герадотам – тады, у 50-я, са сталінскімі яшчэ шнарамі часы гісторыкам амаль падпольным: польскі пераклад “Гісторыі” Герадота быў схаваны пад замок цэнзарамі. Пра гэта Капусьцінскі раскажа ў “Падарожжы”:
“
…Але пры чым тут Герадот? Яго кніга напісаная дзьве з паловай тысячы гадоў таму!.. І тым ня менш – гэта так. Бо ў нашым мысьленьні, успрыманьні пабачанага і прачытанага панавала навязьлівая ідэя намёку, манія падстэксту. Кожнае слова зь нечым асацыявалася, кожнае мела падвоены сэнс, другое дно, таемнае значэньне. Чалавек вычытваў у тэксьце нешта іншае, чым тое, што было напісанае чорным па белым. З кожнага прадмета або слова падміргвала па-змоўніцку вока: а што хацеў сказаць аўтар, на што ён намякае?..”
То бок Герадот зь ягонымі крывавымі тыранамі быў небясьпечны для польскага студэнцтва. І хто ведае, у якім лягеры забыцьця згінуў бы старажытны грэк за сваю антыдзяржаўную прапаганду, калі б ня сьмерць Сталіна і лібэралізацыя Гамулкі (у якога ў гісторыі Герадота таксама ёсьць свой прататып). Гісторык і паэт Капусьцінскі пачаў працаваць журналістам, хутка атрымаў журналісцкую прэмію за матэрыял пра шахцёраў і… І быў звольнены за тое, што надрукаваўся ў сатырычным, вольнадумскім часопісе. Так пачаўся ягоны шлях нязгоднага, шлях ракі, што мусіць загінуць у акіяне, бо яна – рака.
Капусьцінскі зрабіўся замежным карэспандэнтам так, як іншыя зьяжджаюць у эміграцыю. Гэта былі ягоныя ўцёкі ад таталітарызму – пісаць пра імпэрыі і іх крывавыя балячкі, іх сыноў і дачок, іх уладароў, іх слуг, іх закладнікаў, іх спадкаемцаў. Пра Іды Аміна, пра Хайле Сэласіе, пра Анголу і Расею, пра Чэ Гевару і Сальвадора Альендэ. Пісаць знутры – дзякуючы сваёй прафэсіі Капусьцінскі мог зь лёгкасьцю адольваць ледзьве ня самую моцную зброю ўсіх імпэрый: прастору і адлегласці. Імпэрыя ёсьць бюракратыяй, што валадарыць над прасторай: але журналіст-міжнароднік пырхае па-над імі, да пары няўлоўны. Я люблю глядзець на фота Капусьцінскага – там, дзе ён стаіць побач з паўстанцамі, катамі, забойцамі, ахвярамі. На ягоным твары дзіўная ўсьмешка, усьмешка філёзафа бяз вучняў.
Пра што б і адкуль ён ні пісаў, ён пісаў пра нас. Бо большасьць насельніцтва гэтай плянэты нарадзіліся, былі або і сёньня ёсьць жыхарамі імпэрыяў. Таму Капусьцінскага цікава чытаць нават тым, хто ніколі ня ведаў, у якое мора ўпадае Піна. Цікава чытаць людзям на ўсіх кантынэнтах. Беларусам – асабліва (на беларускую перакладзеныя тры яго кнігі), і ня толькі таму, што Пінск наш. Капусьцінскі ведаў, што такое быць усходнеэўрапейцам. І нічога не хацеў спрашчаць. Напэўна, гэта тое, чаго нам не хапае – каб нас перасталі спрашчаць, зводзячы да бітвы двух “экстрасэнсаў”: Лукашэнкі і апазіцыі, Масквы і Захаду.
Напісаўшы “Імпэрыю”, ён стаў прызнаным экспэртам па поставецкіх краінах. “Прынята лічыць, што ўсходнюю частку Эўропы ад заходняй разьдзяляе мяжа паміж кірыліцай і лацінкай…” – скептычна кажа Капусьцінскі; ён не прызнае такога падзелу. Вось Беларусь – кірылічная, праваслаўная, русіфікаваная. На першы погляд яна менавіта такая, але гісторыя не заўжды супадае з геаграфіяй, а яшчэ часьцей ёй супярэчыць. І родная краіна Капусьцінскага – ці ня самы яркі прыклад…
Цяжка сказаць, што можна зрабіць з дваццаць першым стагодзьдзем. Можна забіць яго ў гугл. Можна заархіваваць. Можна лічыць канцом гісторыі, можна ягоным пачаткам. Можна зьняць пра яго сэрыял. Дваццатае стагодзьдзе можна было толькі пражыць. Рышард Капусьцінскі пакінуў нам апісаньне гэтага жыцьця. Гэтага бясконцага падарожжа. Тыя, хто называе яго “імпэратарам рэпартажу”, палічылі неяк, што Капусьцінскі быў сьведкам дваццаці сямі рэвалюцый, сорак разоў трапляў за краты і чатыры разы быў асуджаны рознымі ўладамі на сьмерць. Як быццам гісторыя берагла свайго самага бесстароньняга храніста.
Кароль памёр – няхай жыве яго геаграфічная карта.
Бо палітычная памірае разам зь ім.
Ад нас залежыць, на якой карце нам атайбавацца. Ад нас і ад гісторыі, у якой мы жывем – і ў якой ніколі не пабываем.
Альгерд Бахарэвіч
1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99
11. Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж