Скарлет Ёхансан. Цемра на продаж



God save the Queen. І каралеў кінапрыгажосьці таксама – хаця гэта і сумнеўная форма манархізму. Прынамсі, тут карона пакуль што не перадаецца ў спадчыну – яе трэба заслужыць. Або заваяваць у бітвах: на экране, на вокладках, у глядацкіх снах.

Сучасную Беларусь таксама напаўжартам часта называюць манархіяй: і цар ёсьць, і прынцы з прынцэсамі. Але мала хто ведае, што ў нас маюцца і сапраўдныя, ідэйныя манархісты. І некаторыя зь іх, аблізваючыся, на поўным сур’ёзе згадваюць варагаў-скандынаваў, дацкіх уладароў, што парадніліся некалі з полацкімі князямі. Вось гэта была б дынастыя! Балтыйскае каралеўства ад Скагераку да Старых Дарогаў. З пэрспэктывамі пашырэньня да Чорнага мора і Атлянтыкі.

Сьмех дый годзе. Але, так ці інакш, зорка Галівуду Скарлет Ёхансан магла б увасабляць сабой такі хаўрус. Так-так, менавіта яна. Жанчына, якую некалькі разоў прызнавалі самай прыгожай кінаакторкай плянэты – дачка датчаніна Карстэна Ёхансана і амэрыканкі Мэлані Слоўн, што паходзіць зь сям’і беларускіх яўрэяў, што ў першай палове дваццатага стагодзьдзя эмігравалі ў Новы сьвет. Чым не каралева Новай Беларускай імпэрыі? Прадаўжальніца даўніх традыцый і сымбаль нацыі? Цяперашняму царку такое сяганьне ў глыб вякоў і ня сьнілася. Самім беларусам гэткая манархія, здаецца, была б значна больш да спадобы, чым існая: убога-богаабраная, сьціпла ўбраная ў любімыя манархам чырвона-зялёныя анучкі.

Што ж, падаруем такую ідэю беларускім манархістам і будзем чакаць ад іх рэакцыі. Якая наўрад ці выявіцца станоўчай: па нейкім капрызе прыроды ўсе манархісты зазвычай ва ўпор ня бачаць яўрэяў. Асаблівасьці зроку, гістарычная дальназоркасьць – ці нешта з мозгам? Мэдыцына разьбярэцца.

Продкі Скарлет Ёхансан па мацярынскай лініі паходзяць ці то зь Нясьвіжу, ці то зь Менску. Сама зорка ўпэўненая, што зь Менску – хай будзе так; Менск зручнейшы, яго ўсё ж лягчэй знайсьці на мапе сьвету (і манархія тут ні пры чым). Некалькі гадоў таму, прыехаўшы ў Маскву на прэзэнтацыю “Мсьціўцаў”, яна прызналася, што мае карані ў Беларусі, выклікаўшы тут невялікую гістэрыку (год быў неўраджайны на герояў). У “Мсьціўцах” Ёхансан выканала ролю Чорнай Удавы, расейкай кадэбісткі Наташы. Былі падазрэньні, што для самой Скарлет Ёхансан асаблівай розьніцы паміж расейскімі і беларускімі Наташамі няма і Менск – “это где-то в Россіі”: што ж, Зямля – гэта “тоже где-то в космосе”. Ды і КДБ у Расеі няма, а ў Рэспубліцы Беларусь – калі ласка. Таму ніхто не пакрыўдзіўся.

Пачуўшы запаветнае: “Я хацела б наведаць радзіму продкаў…”, Скарлет у Менску пачалі чакаць, але яна так і не прыехала. Пакуль што не прыехала. Магчыма, абвяшчэньне новай дынастыі наблізіла б яе візыт. Аднак беларусы любяць яе і так.

А дэбютавала Скарлет Ёхансан у часы, калі амэрыканскае кіно для нас было яшчэ ня тое каб забароненае, але проста нябачнае. Нават такі бяскрыўдны фільм пра сямейныя каштоўнасьці, як “Норт”, у якім дзевяцігадовая акторка зграла адну зь дзявочых роляў. Савецкі Саюз хаваў ад сваіх грамадзян малую Скарлет Ёхансан – відаць, баючыся, што паблякне папулярнасьць Саманты Сьміт. Саманта загінула і яе забылі, Савецкі Саюз таксама памёр – а Скарлет Ёхансан засталася, прычым ва ўсіх пятнаццаці незалежных краінах, пералічыць якія ня зможа ні галівудзкая акторка, ні іншы амэрыканец.

У тыя часы, на досьвітку славы, яе параўноўвалі зь вясёлым парасём – улічваючы, што большасьць будучых каралеваў прыгажосьці ў маленстве называлі “брыдкімі качанятамі”, гэта было сур’ёзнай заўкай на кар’еру: парасяты больш запатрабаваныя. Дарэчы, празь пяць гадоў яна зграе адну з роляў у фільме “Мой брат - парсюк”. Да эпідэмій сьвінога грыпу заставалася ня так ужо ў доўга… Бедная плянэта, дзе людзі сьмяюцца з таго, што ядуць.

“У мяне не было дзяцінства: у васямнаццаць гадоў я ўжо грала дваццаціпяцігадовую, -- кажа сама Скарлет Ёхансан. – А цяпер я радая, што ме ўжо даўно не дзевятнаццаць, бо гэта час жахлівай няпэўнасьці… Калі б я ня стала акторкай, пайшла б працаваць пекаркай. Таму што зь дзяцінства больш за ўсё люблю пах сьвежага хлебу.”

У дзевяностыя Скарлет ведаў ужо ўвесь сьвет. І ўся ягоная пошласьць, усе тыя бруд і жарсьць, уся суіцыдальная прага забаваў і асалоды абрынулася на Скарлет, вымушаючы яе прыняць правілы гульні. Яна пагадзілася: такое адчуваньне, што кіназоркі ідуць на гэты крок, каб потым помсьціць сьвету, зьмяняючы яго ў лепшы бок. Як правіла, безвынікова. Сьвет пахне сьвежым хлебам, толькі калі цябе ніхто ня ведае. Далей у яе імклівым жыцьці будуць разнастайныя баевікі з бабамі і трылеры-трызьненьні, адзіндомы і аднадзёнкі, фільмы-коміксы і нясьмешныя камэдыі, будзе “Чорная геаргіна”, пасьля якой хочацца ўдавіцца.

Сваё пакаленьне яна называе гаўняным пакаленьнем. “Што ў нас было? Мярзотная жуйка, салодкагалосыя хлопчыкі і пачварныя гібрыды мэталу і рэпу”. Цяжка быць маладым, як казалі савецкія кінематаграфісты. Цяжка быць маладой і прыгожай, як казалі вялікія расейскія пісьменьнікі – якія абавязкова насьцігаюць кожнага, хто наважыўся назваць жуйку мярзотнай. Мастацкую, літаратурную, кінематаграфічную….

Самае частае пытаньне, якой ёй задавалі, лёгка ўгадаць зь першай жа спробы.

У чым рэцэпт вашай неверагоднай прыгажосьці?

Трэба рабіць, як казала мне мая мама: пі шмат вады, ніколі не ўставай па будзільніку і не куры. Або куры толькі ў фільмах, дзе здымаешся.

“Мсьціўцы”, павукі, кадэбісткі наташы…

Але ў яе жыцьці здарыцца і пяшчотна любімы ўсімі маленькімі вудзі аленамі сьвету Вялікі Вудзі Ален. Рэжысэр, які геніяльна адкапаў галоўнае інтымнае жаданьне кожнага з нас: пераканацца, што такіх, як мы, няўдачнікі, лузэры і слабакі – на гэтай забаўнай, як кінакамэдыя, плянэце абсалютная большасьць. Слабакі кіруюць сьветам. Слабакі і лузэры ўсемагутныя. God save the loosers.

Вудзі Ален пранікся да Скарлет рэдкай сымпатыяй – а як вядома, сымпатыя Вудзі Алена такая ж няздымная, як і яго акуляры.

Акторка таксама палюбіла Вудзі Алена і хутка вызначыла ягоную галоўную асаблівасьць, яго сакрэт:

“Ведаеце, у чым ён? У тым, што паміж Вудзі Аленам-чалавекам і Вудзі Аленам-рэжысэрам няма ніякай розьніцы”.

Значыць, у нечым яны двайнікі. Тэма, якая спадабалася б гэтаму рэжысэру. Здаецца, яго цікавіць чалавечая адказнасьць. За сваё шчасьце і за шчасьце іншых, якое здабываецца ў чалавечых стасунках і там жа губляецца. Двайнікі – як гульцы на тэнісным корце… Вядома ж, у галаву адразу прыходзіць “Матчпойнт”.

“Лепш быць шчасьліўчыкам, чым праведнікам” – гэтая фраза з “Матчпойнту” кажа нешта важнае і пра саму Скарлет Ёхансан, якая выканала ў карціне галоўную жаночую ролю. Шчасьліўчыкі – тыя самыя праведнікі, проста яны пераляцелі празь сетку. Усе мы – тэнісныя мячыкі, раскіданыя сям-там у адвольным парадку. А там, на тым баку сеткі, свае законы. Шчасьліўчык – гэта той, хто ўласнымі рукамі нішчыць сваё шчасьце.

Скарлет Ёхансан пасуе іронія. Хто б мог падумаць? А яшчэ цікава: акторы і акторкі, граючы такія ролі – ці задумваюцца яны пра сябе, пра свае лёсы? Пэўне ж, грошы для іх ня ўсё.

У “Матчпойнце” хапае рознай дастаеўшчыны. Гераіня Скарлет, Нола, femme fatale, як выклік для галоўнага героя: тварына я дрыжачая, або права маю (усе вучылі ў школе, усе вырашылі, што маюць, але далей не пайшлі: страшна).

Ці пашанцавала самой Скарлет Ёхансан? І ў чым яе шчасьце? Калі яна зрабілася старэйшай і мудрэйшай, яна паспрабавала адказаць на гэтае пытаньне. Адказ атрымаўся прыгожы, у духу нуару і фам фаталь:

“Шчасьце – гэта калі табе ёсьць куды накіраваць сваё вар’яцтва”.

Дык вось яно што. Скарлет Ёхансан таксама хацела неяк прымірыць іх: Скарлет-чалавека, Скарлет-жанчыну, інтымныя здымкі якой абляцелі кампутары ўсіх выданьняў і сайтаў. Кіно дало ёй магчымасьць рэалізаваць сваё ўласнае вар’яцтва – тое, чаго не хапала “вясёламу парасяці” і сястры “аднаго дома”. Кіно сталася для яе сваёй дарогай у цемру. Хто ж ведаў, што цемру можна так добра прадаць. І хто ведаў, што вар’яцтва так ахвотна купляюць. Ня горш, чым бляндынак.

Напэўна, самы лепшы, сур’ёзны і нудны фільм, у якім зьнялася Скарлет Ёхансан – гэта “Цяжкасьці перакладу” Сафіі Копалы. Фільм, поўны недагаворанасьцяў, фільм, пасьля якога яна і сама не змагла застацца такой, якой была раней. Пасьля якога яна сама пачала задаваць сабе зусім іншыя пытаньні. Відаць, для кожнага мастака важная прытомнасьць. Важна разумець, хто ты: творца або твікс. І тое, і другое важна, але калі твікс ужае зь сябе творцу…

З Скарлет Ёхансан такога не адбылося.

Больш за ўсё на сьвеце я хачу зграць непрыгожую жанчыну – прызналася Скарлет Ёхансан у адным з інтэрвію. Напэўна, чакаць увасабленьня гэтай мары ёй давядзецца яшчэ доўга. Але Скарлет Ёхансан не адна: уся Беларусь будзе чакаць разам зь ёй. Краіне яе продкаў не прывыкаць: больш за ўсё на сьвеце яна любіць кіно. Нездарма на галоўнай плошчы яе сталіцы ўсё яшчэ стаіць ленін.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар
10. Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99