Уэйн Грэцкі. Геній нумар 99



У хакеі з шайбай ёсьць нешта таталітарнае.

Мо таму, што прафэсійнаму хакею абавязкова патрэбныя палацы, арэны, гулкія храмы з высокімі зводамі і ўладным рэхам. Кожны хакейны будынак нагадвае партакратычны храм. Ды і экіпіроўка насьцярожвае – хакеіст у поўным убраньні выглядае як баец спэцпадразьдзяленьня па разгону дэманстрацый, ад яго так і чакаеш, што ён зараз кінецца душыць іншадумства або займацца іншай “зачысткай тэрыторыі”. Гулец у хакей – абезаблічаная фігура, чалавек бяз твару, замяцінскі “нумар”. Дый чорная шайба, якая носіцца мухай у мёртвай, абмежаванай бартамі зоне, часам нагадвае кулю, якая ўпарта шукае сваю патыліцу.

Хакей усіх становіць на канькі – як на рэйкі адзіна правільнага сьветапогляду. Хакею патрэбныя клюшкі – як матыкі, безь якіх ніяк не пабудаваць сваёй спартовай “дэмакратычнае кампучыі”.

Або Беларусі – мірнай, стабільнай і палітычна граматнай.

Старыя хакейныя зоркі любяць наведваць Беларусь. Хваляць яе за тое, што тут будуюць лядовыя палацы, за тое, што сам тутэйшы цар-бацюшка хакеіст і дае прыклад падрастаючаму пакаленьню. Усё дае і дае – як пракляў хто. Але хакейным зоркам прыемная такая ўвага да іхнай любімай работы, скупая мужчынская сьляза падае на палітычны лёд, і ў лёдзе застаецца дзірка. Дзірка паразуменьня паміж народамі, бо народ, як добра ведае цар-бацюшка, хлебам не кармі, дай хакей паглядзець пад піва і чыпсы – што ў ЗША, што ў Канадзе, што ў Беларусі… Зорак асуджаць няма за што – ёсьць хакей, а ёсьць “хакеізм”, і не віна старых канадзкіх цэнтарфорвардаў і пасівелых фінскіх брамнікаў, што хакей у Беларусі – больш чым хакей.

Ўэйн Грэцкі, у мінулым мэгазорка сусьветнага хакею, а “ў міру” – пажылы імпазантны канадзец, таксама прыяжджаў у Менск пагуляць супраць цара-бацюшкі. Беларускаму народу містэр Грэцкі прыйшоўся да спадобы – і ня толькі сваім каралеўскім статусам, але і тутэйшымі каранямі, пра якія Ўэйн Грэцкі не стамляецца расказваць… Ён нават сустрэўся тут з далёкімі сваякамі – сваякі падаравалі Грэцкі цукеркі, Грэцкі падараваў Беларусі прыналежнасьць да вялікай спартовай гісторыі: цяпер у Залі хакейнай славы і ў нас ёсьць свой чырвоны куточак. Грэцкі ў Беларусі лічаць сваім і не зьбіраюцца аддаваць ні ўкраінцам, ні палякам, ні расейцам, якія таксама маюць прэтэнзіі на вялікага канадца.

А вінаваты ў гэтым хакейна-гістарычным канфлікце беларускі селянін родам з Гарадзеншчыны Цярэнці Грэцкі, які так і ня даў рады ўласнай нацыянальнай ідэнтыфікацыі. У пачатку дваццатага стагодзьдзя пан Цярэнці, як і тысячы ягоных суайчыньнікаў, выправіўся ў Канаду – з жонкай і дзецьмі. Волі і хлеба, зямлі і неба – вось чаго хацелася пану Цярэнцію за акіянам: калі падумаць, нічога асаблівага, джэнтльмэнскі набор беларускага селяніна і цяпер, і сто гадоў таму. Усё гэта пан Цярэнці там знайшоў – праўда, згубіў жонку Ганну, якая неўзабаве вярнулася на Радзіму. Застаўшыся ў Канадзе, Цярэнці Грэцкі ажаніўся з украінкай Марыяй зь Цярнопальшчыны, у іх нарадзілася некалькі дзяцей, адзін зь якіх, Ўолтэр, і зрабіўся пазьней бацькам Вялікага Ўэйна.

У дзедавай сям’і мы размаўлялі па-беларуску”, -- прызнаецца Грэцкі, прымушаючы калаціцца сэрцы ўсіх нацыяналістаў, хакеістаў і мітатворцаў. Праўда, пасьля высьвятляецца, што дзед і бабка міжсобку гаварылі па-украінску, а як зьбіраліся вялікім колам, дык і па-польску. Не цураліся і расейскай. Падставаў ня верыць Грэцкі няма – у дзяцінстве ён і праўда чуў паміж лясоў канадзкае зямлі, над хвалямі сінеючага Антарыё беларускую мову, жытнюю, баравую, расістую, самую славянскую, бо ў Канадзе жыта і баравікі ўродзяцца ня горш, чым на Гарадзеншчыне, а славянаў там не адзін мільён, крывічы-ванкувэрцы, дрыгавічы з Таронта, радзімічы з Гудзонавай затокі…

Першым брамнікам, які адчуў на сабе трапнасьць Ўэйнавых кідкоў, была ягоная бабуля. Грэцкі нарадзіўся ў 1961, калі ў Канадзе пачаўся хакейны бум – таксама ў нейкім сэнсе “хакеізм”, але не галаўнога мозгу, а проста захапленьне. Прынамсі, брытанскія манархі, якія традыцыйна лічацца фармальнымі кіраўнікамі Канады, лядовых палацаў не будавалі і хакей дзяржаўнай рэлігіяй не абвяшчалі: яно неяк само так выйшла. Па суботах на дзядулевай фэрме недалёка ад Брэнтфарду ўсёй сям’ёй глядзелі па тэлевізары хакейны агляд. І тут у пакой па гладкай падлозе закатваўся малы Ўэйн з малюпасенькай клюшкай і мячыкам. Мячык ляцеў у бабулю, адскокваў ад яе, і Ўэйн сьпяшаўся на дабіваньне…

Цярэнці Грэцкі не сядзеў у Канадзе бязвылазна. Падчас другой сусьветнай ён запісаўся добраахвотнікам у войска і пасьпеў паваяваць у Эўропе. У пачатку шасьцідзясятых ён вырошчваў бульбу на сваёй фэрме і лічыў, напэўна, што жыцьцё ўдалося. Дзед Цярэнці памёр у 1973. Ён не пабачыў, кім зрабіўся ягоны ўнук Ўэйн – хлопчык, які забіваў галы бабулі пад суботні хакейны тэлеагляд…

Са сваім дзедам-беларусам Ўэйн заўжды меў цудоўныя стасункі. Дзед навучыў Ўэйна Грэцкі чыста беларускай талерантасьці. Аднойчы хлопец, трэніруючыся побач з домам, разьбіў шайбаю шкло ў падвальным акне, дзе пан Цярэнці захоўваў самаробнае віно. Мо і не віно гэта было – дзе ўжо бацьку Ўэйна разьбірацца ў гатунках самагону і бражцы? Дзед толькі пасьмяяўся, паехаў у Брэнтфард, купіў новае шкло і паставіў на месца. Не прайшло і гадзіны, як і гэтае шкло было ўшчэнт разьбітае шайбай будучага чэмпіёна. І толькі тады дзед Цярэнці (Тоні, як яго ўсе называлі) пагнаўся за ўнукам з дубцом. Толькі тады… Пазнаеце беларуса?

У 1973 пра вундэркінда Грэцкі пісалі ўсе спартовыя газэты. За адзін сэзон у дзіцячай лізе ён пасьпеў закінуць каля 380 шайбаў. Гэта быў рэкорд. Але колькі такіх хлопчыкаў бліскуча пачыналі свой спартовы шлях… Толькі ў 1978 Грэцкі зрабіўся профі – падпісаўшы кантракт з “Эдмантан Ойлерз”, то бок, з “Нафтавікамі”. Так пачалася ягоная кар’ера ў Нацыянальнай хакейнай лізе – сусьветна знакамітай НХЛ, куды рвуцца ўсе хакеісты сьвету – як гарадзенскія сяляне ў Канаду стагодзьдзе таму…

Кажуць, калі яго прадалі ў 1988 “Лос-Анджэлес Кінгз”, Ўэйн Грэцкі плакаў. Вось табе і таталітарызм вялікага спорту. Вось табе і крывавы канадыйскі даляр… А застаўся б пан Цярэнці ў свой час на Радзіме (гены так ці інакш спрацавалі б, сумневу няма) – гуляў бы Веня Грецкій за якісьці ЦСКА. І ўсё роўна быў бы кумірам для хлопчыкаў з адной шостай часткі сушы.

Ўэйн Грэцкі, нападнік і бамбардыр, кароль-нафтавік пад нумарам 99.

Гэты нумар замацаваўся на ягонай сьпіне на ўсё жыцьцё. А гісторыя зь ім адбылася вось якая. У дзяцінстве Ўэйн Грэцкі браў прыклад са знакамітага Гордзі Гоў, крайняга форварда “Дэтройт Рэд Ўінгз”. Той гуляў пад нумарам 9. Але “дзявятка” ў юніёрскім клюбе ўжо некаму належала, і пачаліся рамантычныя нумэралягічныя гульні маладога дараваньня. Спачатку Ўэйн абраў для сябе нумар 19, а потым прыдумаў нешта больш унушальнае: дзьве дзявяткі. Пад гэтым нумарам ён гуляў да канца кар’еры, пад гэтым нумарам ён застаўся ў хакеі навечна…

Дзьве дзявяткі для любога, хто захапляецца хакеем, сьведчаць пра не абы-якія амбіцыі. Вось, скажам, беларускі цар-бацюшка, галоўны хакеіст усіх крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, таксама любіў гуляць у майцы пад нумарам 99. Каралеўскім нумарам, які трэба заслужыць. Але, вядома, можна і так надзець: хто прыдумаў гульню, той і ўсталёўвае правілы. А цар-бацюшка прыдумаў усё. У тым ліку беларускі хакей, самы гуманны хакей у сьвеце.

У самай безаблічнай у сьвеце дзяржаве. Дзе пры слове “хакей” у чалавека, які ўмее думаць, міжволі зьяўляецца на твары дзіўная іранічна-сумная ўсьмешка. З чаго б гэта? Хакей – гэта ж так здорава!

І яшчэ гэта – добры бізнэс. А грошы ня пахнуць. Хіба што потам тых, хто іх зарабляе. Але не палітыкай, не, пах палітыкі мы б ня вытрымалі. Толькі пот. Толькі перамога.

Пра Грэцкі кажуць, што ён зьмяніў сваім тварам аблічча хакею. Да Грэцкі пыса нармальнага хакеіста атаясамлівалася з выбітымі зубамі, распухлым носам і шнарамі на лобе. Грэцкі зь ягонай белазубай усьмешкай і саксонска-беларускай зьнешнасьцю зрабіўся сэкс-сымбалем новай хакейнай эры. Нечым ён падобны да прынца Чарльза, нечым – да шляхцюка часоў міжваеннай Польшчы. Вось ён на фотаздымку з гульні “Эдмантан Ойлерз” супраць зборнай СССР у Эдмантане ў канцы сямідзясятых – адразу пасьля закінутай ім пераможнай шайбы. Клюшка ў руцэ, як дзіда, ён выконвае нейкі кароткі танец, за ягонай сьпінай – брамнік Саветаў на каленях. А навокал равуць трыбуны. Няхай жыве Вялікі Ўэйн! Вольны чалавек Ўэйн.

“Вялікі”, “Great one“ – такая была ў яго мянушка. Вялікім ён стаў сам. Вольным ён нарадзіўся дзякуючы дзеду Тоні. Дзед Тоні не схацеў жыць там, дзе нарадзіўся. Дзеду Тоні хацелася большага. Для сябе, для дзяцей і ўнукаў. Чаму сьвет зроблены так, што для гэтага трэба выпраўляцца за акіян?..

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць
9. Ежы Гедройць. Пан Рэдактар