8. Рамэн Гары. Рукапісы, якія гараць



Ня ведаю, як дзяўчаты, а хлопчыкі робяцца прыхільнікамі Рамэна Гары так. Ты проста чытаеш пра тое, як маці такога самага, як ты, мальца, кажа яму: “Мяне толькі што абразілі, а ты нават не набіў таму хаму пысу. Наступны раз я хачу, каб ты не змаўчаў, каб ты біўся і цябе прынесьлі да мяне на насілках!”

За дакладнасьць цытаты ручацца цяжка. Дый ня хочацца спраўджваць, бо цытата для аўтара гэтых радкоў важная і дарагая – але сэнс быў дакладна такі. І ўсё: ты любіш і гэтага пісьменьніка, і ягонага вечна няўрымсьлівага і такога ранімага героя, і гэтую ўладную, шалёную жанчыну-дзівачку таксама любіш, і нічога ня можаш зрабіць з гэтай любоўю. Любоў для Гары страшэнна важная. І ён, бадай, адзіны ў літаратуры дваццатага стагодзьдзя, хто напісаў сапраўдны гімн менавіта мацярынскай любові, любові страшнай і вялікай. Хто б мог падумаць, што яна можа сягаць такіх вышыняў?

А яна магла. Калі б ня маці, Рамэн Гары ніколі ня стаў бы тым, кім стаў. Гэта яе словы, словы маці, запісаныя сынам і спраўджаныя ім: “Мой сын зробіцца францускім дыпляматам, кавалерам Ордэна Ганаровага легіёну, вялікім акторам драмы, Ібсэнам, Габрыэле д’Анунцыё, ён будзе апранацца па-лёнданску!” Так і адбылося. Усе мы былі б іншыя, калі б ня нашыя маці – але толькі ў Гары хапіла духу і сьмеласьці напісаць пра гэта шчыра.

Пры гэтым – ніякага эдыпавага комплексу: Гары шчыра не любіў Фройда і казаў, што ягоныя стасункі з маці абвяргаюць усе фройдавы тэорыі. Ён заўсёды адчуваў зь яе боку толькі любоў – замест замілаваньня, падтрымку – замест шкадаваньня, і гордасьць – замест павучэньняў.

Мужчынскі пачатак у прозе Гары вельмі моцны. І тым мацнейшы, калі ўспомніць, як ён не любіў мача (“Я ня з тых, хто выкладвае яйцы на стол”) і як цаніў жаноцкасьць: безь яе ў сабе і безь яе побач мужчына ня можа быць сапраўдным. Хто выхоўвае яе ў мужчыну? Вядома, каханьне, сапраўднае каханьне, у якое ён верыў. “Донжуанства заўсёды было формай імпатэнцыі, сапраўдны “вялікі любоўнік – той, хто сьпіць з адной і той самай каханай цягам трыццаці гадоў”.

Але ня з гэтага ўсё пачынаецца. А з маці. Быць любімым сваёй маці – значыць быць моцным і мець сілы супрацьстаяць, змагацца і дасягаць свайго.

Перачытваючы Гары, я думаю пра сваю маці і разумею, што яна таксама заўжды была прыклана такой… Чытаючы Гары, шмат якія хлопчыкі думаюць пра сваіх маці і некаторыя зь іх разумеюць, што іхная маці была такой, а некаторыя – мараць, каб яна была такая. І для гэтага зусім неабавязкова жыць у Парыжы або Ніцы. Можна ў Менску… А можна ў Вільне. Літоўскім, а ўсё ж і крышачку польскім, яўрэйскім, беларускім горадзе.

Менавіта там і нарадзіўся Раман Кацаў – будучы пісьменьнік Рамэн Гары. Ніна Барысоўская (так завуць маці героя “Абяцаньня на сьвітанку”) – гэта і ёсьць маці Рамана, Міна Аўчынская. Яна паходзіла са Сьвянцянаў, яе муж – Ар’е Лейб Кацаў – з Трокаў. Рамэн Гары зьявіўся на сьвет у год, калі пачалася першая сусьветная вайна, за некалькі месяцаў да стрэлаў у Сараеве. Вільня належала Расеі, і Менск, і Львоў, і Варшава… Неўзабаве ўсё, усё зьменіцца, сьвет перакуліцца і задыміцца, як падбіты аэраплян… Восень, на вуліцах Вільні прадаюць газэты і часопісы. Напрыклад, журналъ «Война»:

“Во время бомбардировки Варшавы германскими аэропланами, в воздухе появился и наш летчик, штабс-капитан С., с унтер-офицером З. Аппарат, руководимый смелыми авиаторами двинулся по направлению к неприятельским аэропланам, но вскоре был ими окружен. Когда неприятельские птицы подлетели на достаточное расстояние, унтер-офицер З. открыл с нашего аэроплана ружейный огонь. Было видно, как один из седоков в ближайшем германском аэроплане схватился за голову рукой и лицо его залилось кровью. Результаты стрельбы по другим воздушным целям неизвестны. Поражение одного из летчиков послужило сигналом к отступлению, и вражеские авиаторы быстро ушли с горизонта, после чего наш аэроплан благополучно спустился. Передают, что за успешное отражение неприятеля штабс-капитан С. и унтер-офицер З. представлены к наградам”.

Рамэн Гары таксама апынецца ў Варшаве. І ён таксама будзе лятаць. Я го таксама прадставяць да ўзнагародаў. Ён таксама будзе бамбардаваць чужыя гарады, апанаваны толькі адным жаданьнем: змагацца і прынесьці карысьць сваёй новай радзіме, Францыі. Але гэта будзе потым. А пакуль што бацькі разводзяцца, Раман з маці зьяжджаюць на яе радзіму ў Сьвянцяны.

Мястэчку Сьвянцяны на Ашмяншчыне ў дзевятнаццатым і дваццатым стагодзьдзі пашанцавала. Гісторыя яго любіла, як маці. У 1812 годзе тут начаваў Напалеон, слухаючы нуднае ягнят бляяньне-зоў на пасьбішчы і як на піліпаўку воўк нема вые. Потым тут быў штаб паўстаньня 1830 году. У 20 стагодзьдзі Сьвянцяны належалі па чарзе Расейскай імпэрыі, БССР (Менскі раён), Сярэдняй Літве генэрала Жалігоўскага, Польшчы, Савецкай Літве (ужо як Швянчоніс), Трэцяму Райху, СССР і зноў цяпер ужо незалежнай Літве. Напярэдадні 1914 году, калі нарадзіўся Раман Кацаў, у Сьвянцянах жылі палякі, беларусы, расейцы і, вядома ж, яўрэі: праваслаўная і стараверская цэрквы мірна суседнічалі з касьцёлам і шасьцю сынагогамі.

Чалавек са Сьвянцянаў ведаў, што ў жыцьці можна дасягнуць усяго. І што сьвет вялікі і разнастайны. Аднак “эўрапейскае выхаваньне” Рамана Кацава толькі пачыналася. У 1928 Раман Кацаў з маці пераехаў у Варшаву, а адтуль да брата маці ў Ніцу. Так Раман зрабіўся французам. Сваё становішча ў першыя гады эміграцыі ён у сваіх успамінах параўноўваў са становішчам альжырскіх эмігрантаў у Францыі 70-х. Тая самая адчужанасьць, тая самая пагарда, той самы страх. “У Ніцы і Парыжы я быў альжырцам…” Амаль такім, як Момо з рамана “Усё жыцьцё наперадзе”.

Толькі вось маці забараняла яму кантактаваць з прастытуткамі. “Калі б яна даведалася, яна б праламіла мне галаву…” А калі б не?

І ўсё ж, мабыць, ён перабольшваў. Да эмігрантаў з Польшчы ў Францыі яшчэ з пачатку 19 стагодзьдзя асаблівае стаўленьне. У трыццатыя Раман Кацаў атрымаў вышэйшую адукацыю, зрабіўшыся дыплямаваным юрыстам – а да гэтага важнага дыплёму ў ягонай кішэні апынулася яшчэ і пасьведчаньне лётчыка. Ён будзе другім знакамітым францускім лётчыкам у сусьветнай літаратуры. Калі пачалася другая сусьветная, ён эмігруе ў Брытанію. Кацаў і яго прыяцелі рвуцца ў бой, але дэ Голь марудзіць: францускае войска яшчэ не гатовае… Маладым французам падаецца, што вінаваты адзін афіцэр-штабіст, і яны нават спрабуюць яго забіць, каб хутчэй апынуцца на фронце. Раман мусіць выкінуць афіцэра з самалёту. Але ён ня зможа. Ня зможа забіць чалавека. Змова сарвецца, пляны будуць выкрытыя, але нікога не пакараюць. Толькі дэ Голь саркастычна скажа: “Добра, едзьце на фронт, і няхай вас тамхутчэй заб’юць. Але, на жаль, забіваюць толькі найлепшых”. Забіваць Раман Кацаў пачне вельмі хутка.

Ужо ў 70-х даўні сябра Рамэна Гары будзе браць у яго інтэрвію і задасьць нязручнае пытаньне:

“Ты расказваеш пра тое, што ў юнацтве меў сэкс зь дзяўчынай на імя Франсуаза і адразу расказаў пра гэта ўсім прыяцелям. І што лічыш гэта самым вялікім грахом свайго жыцьця. Але цябе папракаюць у тым, што падчас сьляпых бамбардыровак 1943-44 гадоў ты забіў масу людзей, і гэты грэх у вачах шмат каго нашмат цяжэйшы…”

“Я забіў масу людзей “у імя францускага народу і згодна паўнамоцтвам, якія мне былі прадастаўленыя”, -- адкажа Гары і не захоча разьвіваць гэтую тэму. Ці важная яна для яго творчасьці? Магчыма, што не настолькі. Але для пытаньня, чаму, перад тым, як застрэліцца ў 1980, ён напісаў, што ўсё сваё дарослае жыцьцё знаходзіўся ў дэпрэсіі – магчыма, што так.

Рамэнам Гары ён зрабіўся ў 1945, напісаўшы першы раман “Эўрапейскае выхаваньне”. Эмілем Ажарам у 1974-75, калі выйшлі адзін за другім раманы “Галубчык” і “Усё жыцьцё наперадзе”, і другі атрымаў Ганкураўскую прэмію, якую Гары ўжо меў за “Карані неба”. Французам і ягоным замежным чытачам цяжка было ўлавіць неверагодна прыгожае і хітрае сугучча двух псэўданімаў. А былі і іншыя, пад якімі ён пісаў, памнажаючы колькасьць такіх, як сам, мужных і моцных “мамкіных сыночкаў”. Хто памятае Шатана Багата або Фоска Сінібальдзі? А яны таксама зрабілі свае маленькія ўнёскі ў францускую літаратуру.

Пра свой першы псэўданім ён скажа так:

“Гары – гэта загад, ад выкананьня якога я ніколі не ўхіляўся, ні ў творчасьці, ні ў жыцьці”.

Але часам дужа хочацца гарэць так, як першы раз, а не затухаць.

“Са мной ніколі ня здарыцца старасьці, -- пераконваў сябе Гары, а журналісты запісвалі, пасьмейваючыся. – Ніколі. Я падпісаў дамову з гэтым панам на самым версе, ведаеце яго? Згодна зь ёй я ніколі ня буд старым”.

Бо ня гэтага хацела ягоная маці. Не такім яна яго запомніла і не такім бачыла некалі ў Вільні, Варшаве, Ніцы, Парыжы. Гары – казала яна яму, а старасьць – гары яна гарам.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі
7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса