7. Гарысан Форд. Жыціе Індыяны Джонса
Заўсёды зайздросьціў людзям, якія перажылі рэтраградную амнэзію. Мінулае таталітарнае: забываць забаронена. І толькі амнэтыкі маюць магчымасьць забыць штосьці, пазбавіцца хаця б на нейкі час ад праклёну памяці. Палітра іхных страхаў набывае новыя адценьні: хто ўсе гэтыя людзі? Адкуль узяўся гэты сьвет? І хто насамрэч я? Быццам сцэны з тваім удзелам былі выразаныя. Потым, калі памяць пачынае вяртацца, можна наноў адчуць радасьць зьдзіўленьня. Або ягоны жах.
Ніхто дакладна ня ведае, што
Гарысан Форд забыў і што ўспомніў пасьля авіякатастрофы, у якую ён трапіў, выпісваючы ў небе цітры на ўласным самалёце. Сам актор прызнаваўся ў інтэрвію, што больш за ўсё баіцца аднойчы ня ўспомніць сваю жонку. Але ўявім сабе кінагледача, які ацалеў пасьля такой аварыі. Ці ўспомніць ён, хто такі Індыяна Джонс? І што нам важна памятаць, а што можна спакойна забыць?
Масавая культура, якой прысьвяціў жыцьцё Гарысан Форд, прадукуе зорак з такой хуткасьцю і такой канвэернай эфэктыўнасьцю, што яны, зоркі, зь лёгкасьцю робяцца ўзаемазамяняльнымі. Як і іхныя адважныя пэрсанажы, якім мора па калена, горы па плячо і галоўная задача, якую яны вырашаюць: не пераблытаць тое плячо з каленам. Ад таго, што нехта некалі забудзе пра існаваньне Гарысана Форда і яго герояў, сьвет ня зробіцца іншым. Ад таго, што Гарысан Форд забудзе пра сьвет, кепска будзе толькі Гарысану Форду.
Ну, і яшчэ ласям, якіх ён так любіць. “Няма нічога лепшага за статак ласей, якія праходзяць раніцай каля твайго ранча”. І яшчэ абаронцам правоў чалавека, якія страцяць уплывовага і багатага аднадумца. І яшчэ сваёй вялікай сям’і зь дзецьмі пасьля трох шлюбаў. І яшчэ небу, у якое ён заўжды выпраўляўся з такой радасьцю: “Я магу сесьці ў самалёт нават проста для таго, каб зганяць за добрым чызбургерам”.
Зрэшты, нашы людзі (якія з булачную на таксі ня езьдзяць) любяць Гарысана Форда зусім не за ласёў, сымпатыі да Amnesy International і трэці шлюб. Нашы людзі любяць пуціна, плёткі і яўрэйскія анэкдоты. Нашы людзі любяць Форда за тое, што ён дужы, прыгожы і з квадратнай сківіцай. Увасабленьне мача і “настаяшчага англасакса”. Ведалі б яны…
“
Мой бацька быў ірляндзец, а маці – яўрэйка, -- з гордасьцю раасказвае Форд. –
Адзінае, што трымала іх разам, было тое, што абое яны былі дэмакратамі”. Але задоўга да таго, як жыцьцё зьвяло разам двух дэмакратаў, у горадзе Менску жыла дзяўчынка Ганна Ліўшыц, будучая бабуля знакамітага актора, якая баялася выходзіць на вуліцу...
Бо ішоў 1905 год. Па ўсёй Расейскай імпэрыі ішлі пагромы, і яўрэям у Менскай губэрніі жылося неспакойна – заўтра маглі прыйсьці і да іх, а паліцыя бязьдзейнічала. А чуткі прыходзілі ўсё больш страшныя.
У сакавіку рэчыцкі аптэкар знайшоў рукапісны плякат з выявай яўрэя і надпісам: “
Жыды, дэмакраты, сволачы і бадзягі!”. Далей гаварылася пра тое, што “
пархатых жыдоў трэба забіваць на месцы”. “
Дэмакратаў забівай, аблівай памыямі гэтую японскую дрэнь!” Пагром у Рэчыцы (якая ўваходзіла ў Менскую губэрнію) адбыўся, пацярпелі людзі, улады ўсім гэтым ня надта пераймаліся – і шмат хто з жыдоў Меншчыны выправіўся тады ў эміграцыю. Уцякла ў Амэрыку і сям’я Ганны Ліўшыц. Прыкладна ў той самы час эміграваў і яўрэй Гары Нідэльман, які праз гады ў Амэрыцы пазнаёміўся з Ганнай. У іх нарадзілася дачка Дораці – маці Гарысана Форда.
Так што слова “дэмакрат” у гісторыі Форда – зусім невыпадковае…
А вось ці выпадкова ён зрабіўся акторам?
“
Больш за ўсё ў гэтай прафэсіі мне падабаецца тое, што цягам дваццаці пяці гадоў ня трэба прыходзіць у офіс у той самы час” – прастадушна прызнаўся Форд на старасьці гадоў. Прыгадваецца Саламон Міхоэлс, да якога неяк прыйшоў вучыцца ў студыю нейкі хлопчык. “
Чаму ты хочаш стаць акторам?” – запытаўся Міхоэлс. “
Бо ня трэба кожны дзень рана падымацца і ісьці на работу”, -- адказаў юны піянэр. Разьюшаны Міхоэлс у праведным гневе выгнаў мальца: “
Ідзі, гультай, і не паказвайся больш мне на вочы!Табе ніколі не зрабіцца акторам!”
Гучыць, як яўрэйская прыпавесьць. Але чамусьці хочацца думаць, што той хлопчык быў на самой справе геній, а Міхоэлс – дурань. Калі б Гарысан Форд паслухаўся мудрых і дальнабачных настаўнікаў, мы пра яго ніколі б не даведаліся.
Вучыўся ён так сабе. Паступіўшы ў каледж, Форд адразу ж запісаўся на курсы акторскага майстэрства і ўжо ў шасьцідзясятых пачаў атрымліваць невялікія эпізадычныя ролі. Пасьля таго, як малады Форд зьняўся ў 1970 у “Забрыскі-пойнт”, перад выхадам фільма ўсе сцэны зь яго ўдзелам былі выразаныя, а кінастудыя разарвала зь ім кантракт, патлумачыўшы, што ў Форда няма акторскіх здольнасьцяў. Быццам прымервала на яго будучы досьвед амнэзіі. Пасьля некалькіх дробных роляў у дробных фільмах Форд пачаў працаваць будаўніком і цесьляром. Здавалася, марам пра акторскую кар’еру прыйшоў канец.
Ён выконваў замовы для галівудзкіх шчасьліўцаў зь белазубымі біяграфіямі і ня надта гараваў – бо “ніколі не разумеў, чаму некаму ўвесь час карціць назваць цябе найлепшым”.
І тут падвярнуліся “Зорныя войны” – у якіх Форду прапанавалі ўсяго толькі прадаць голас: чытаць закадравы тэкст. На шчасьце, даволі хутка высьветлілася, што на ролю Хана Сола – мужнага і вольналюбівага махляра, атэіста і паліглёта Гарысан Форд пасуе як ніхто іншы. І хаця асаблівых грошай гэта не прынесла, Форда заўважылі. Ён зьняўся яшчэ ў двух эпізодах “Зорных войнаў”, а таксама ў яшчэ адным культавым фільме, “Апакаліпсіс сёньня” Копалы зь яго псыхадэліяй і вусьцішу, неверагоднымі вершамі і музыкай.
Але былы савецкі кінааматар адкрыў для сябе Форда менавіта як Індыяну Джонса.
Памятаю менскую ўскраіну 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, першы шабаноўскі відэасалён, сапраўдны салюн, у якім зьбіраліся мясцовыя каўбоі, бандыты і махляры, каб прабавіць час так, як належыць падпольным гаспадарам жыцьця. Яны бралі прыклад з брусаў лі і іншых “карацістаў” – капіявалі звычкі, міміку, позіркі. Але сярод іх не было ніводнага, хто б ня ведаў Індыяну Джонса. Чалавека з кнутом. Чалавека ў капелюшы. Паляўнічага на скарбы, змагара з нацыстамі. Спарынг-партнёра ўсяго сусьветнага сэрпэнтарыя.
Як вядома, прыдумалі Індыяну Джонса зусім не амэрыканцы. Італійскі пісьменьнік Эміліё Сальгары напісаў процьму тонкіх кніжак пра прыгоды белых людзей у далёкіх экзатычных краінах (праз стагодзьдзе ягоныя паўзабытыя тэксты, на якіх вырасьлі пакаленьні чорнакашульнікаў, а зь імі Умбэрта Эка) – і памёр, як японец, зрабіўшы сабе харакіры. Ён быў нечым сярэднім паміж Карлам Маем і Жулем Вэрнам. І ў адной з кніжак Сальгары мы бачым яго – Індыяну Джонса, навукоўца-практыка, спрынтэра з Прынстана, зь пісталетам, які пасьпяхова замяняе яму інтэлект, калі насьпявае такая неабходнасьць. А яна насьпявае.
Такі пэрсанаж ня мусіў забыцца.
Лукас і Сьпілбэрг выцягнулі Індыяну Джонса з забыцьця. І далі Гарысану Форду магчымасьць горда абвясьціць на трыццацігодзьдзе фільма:
“
Ёсьць толькі адзін Індыяна Джонс. Гэта Джэймсаў Бондаў можа быць колькі заўгодна, бо акторы або пачынаюць старэць, або просяць усё больш і больш грошай. Але я не такі, каб старэць”.
Ён і праўда – не такі. Урэшце, старасьць, гэта ўсяго толькі “магчымасьць граць старых бяз грыму”.
Гарысан Форд знайшоў каўчэг, храм Лёсу, Грааль і крышталёвы чэрап.
Напэўна, апошняй сэрыяй мусіць зрабіцца фільм пра тое, як ён выпраўляецца ў Стакгольм здабываць скрадзеную ў яго Нобэлеўскую прэмію. У якой сфэры – неістотна. У Скандынавіі ён яшчэ ня быў – а там усе гавораць па-ангельску…
Індыяна Джонс баіцца зьмеяў (здаецца, гэта называецца афідыяфобія). Дзіўны страх для археоляга, страх, які адкрывае безьліч камічных магчымасьцяў для сцэнарыста. І цудоўная рыса для пэрсанажа, якога грае актор-сябра ўсіх жывёлаў на сьвеце…
Невядома, ці баялася менская бабуля актора Ганна Ліўшыц павукоў, а вось яе ўнук мае гонар быць ім ледзьве ня хросным бацькам. Бо высілкі Форда ў абарону жывой прыроды таксама прынесьлі яму славу. У гонар актора названы адзін від мурашоў і адзін павук – якія жывуць толькі ў Каліфорніі. Напрыклад, павук выглядае сапраўдным галівудзкім кінаакторам: пяць сантымэнтраў даўжынёй, чырвона-аранжавая афарбоўка, кіпці і восем вачэй. Карацей, мае ўсё неабходнае, каб змагацца, перамагаць і грэцца ў промнях недаўгавечнай славы.
І не-не, а падумаеш: сам павук Calponia harissonfordi нават не здагадваецца пра тое, што мае такое пачэснае імя. Ён наогул не здагадваецца, што яго так называюць. Быццам жыў, жыў, і забыў… Бегаў сабе пад каліфарнійскім сонцам, істота бяз пашпарта, боскае стварэньне, якое па прыхамаці энтамолягаў было ўзятае на ролю вартага ўвагі насякомага. Чалавек парушыў ягонае інкогніта. Роля вымагае імя, а імя вымагае біяграфіі. І нешта бясконца тужлівае, як схоплены павук або заблукалы на далоні мураш, ёсьць у запавеце Гарысана Форда, калі ён іранічна кажа, пасьміхаючыся па-індыянаджонсаўску, бо інакш пасьміхацца ня мае права:
Напішыце на маёй магіле: “
Тут ляжыць чалавек, які занадта рана страціў ананімнасьць”.
Альгерд Бахарэвіч
1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»
6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі