6. Вэрнан Дзюк. Таварыства забытай музыкі



Эміграцыя – заўжды раздваеньне, нязручная пастава перад магічным люстэркам, у якім рызыкуеш застацца назаўжды… Зьбіраньне сябе па кавалачках у нешта зусім новае, але зноў і наноў – цэльнае. Колькі на гэта ідзе сілаў – ведае толькі твой двайнік.

Але дзе двайнік і дзе арыгінал? Як жа цяжка бывае эмігранту адказаць на гэтае простае пытаньне…

Хто такі Ўладзімір Дукельскі і з чым яго ядуць, нават пры ягоным жыцьці маглі патлумачыць нямногія. А вось што за птушка Вэрнан Дзюк, ведала ўся Амэрыка – а значыць, і яшчэ палова сьвету. Хто зь іх быў сапраўдны, а хто адбіваўся ў люстэрку славы? Здаецца, эмігрант з Расеі Ўладзімір Дукельскі давёў, што сапраўдныя былі абодва – кожны ў сваім паўшар’і творчасьці. Бо разам яны і складалі тое, чым ёсьць кожны творца – плянэту, на якой усё каштоўна і ўсё мае сэнс.

Дукельскі пісаў вершы па-расейску і сымфоніі, якія маглі ацаніць толькі гурманы. Але каму патрэбныя паэты-эмігранты, калі іх не саджалі на радзіму ў турму? І каму патрэбныя сымфоніі, калі іх нельга запомніць зь першага разу? Успамінаецца, як Набокаў пісаў у 30-х сваёй маці ў Прагу: “мяне называюць самым яркім празаікам расейскай эміграцыі і пры гэтым я не магу купіць сабе новыя штаны”.

Брадвэйскі кампазытар Вэрнан Дзюк мог купіць сабе новыя штаны – і не адны. І пры гэтым ён ня здраджваў сваёй музыцы. Ён проста вырашыў прыняць сваё раздваеньне як нешта натуральнае – і не прагадаў.

Ён заваяваў Брадвэй і Галівуд сваёй “лёгкай” музыкай з ходу – як быццам імправізуючы. Яшчэ ў трыццатыя гады брадвэйскія рэвю немагчыма было ўявіць безб ягоных "Ziegfeld Follies 1934" і іх працягу – "Ziegfeld Follies 1936" і "Goldwyn Follies 1938" (апошнія былі ўжо музыкай для кіно). У 1940 выходзіць "Cabin in the Sky" – улюбёная музычная камэдыя будучых прызыўнікоў, матывы якой яны будуць бубнець пад нос празь некалькі гадоў у зусім не камічнай Эўропе, думаючы пра сваіх пакінутых дома дзяўчат. Гэта Вэрнан Дзюк адкрыў для амэрыканцаў такія музычныя нафтавыя вышкі, як "Autumn In New York", Taking A Chance on Love" "April in Paris", "I Can't Get Started", усё гэтае чорнае золата амэрыканскага джазу.

Слова “чорнае” тут гучыць забаўна: у Савецкім Саюзе 50-х, калі розныя Васілі Аксёнавы яшчэ ня сталі дысыдэнтамі, а былі проста прыджазованымі стылягамі, ніхто не сумняваўся, што ўсё гэтае багацьце напісаў сапраўдны “нэгр”. Ведалі б яны, дзе нарадзіўся той геніяльны мурын і што за кроў цячэ ў ягоных джазавых жылах… Самыя крутыя амэрыканскія тэкставікі (на мове СССР паэты-песеннiкi) лічылі за гонар напісаць штосьці на музыку Дзюка – Айра Гершвiн, Дыц, Джоннi Мерсер, Харбург), а выконвалi яе знакамітыя музыкі, імёны якіх і сёньня вядомыя ўсім: Фрэнк Сінатра, Хуліё Іглесіяс, Чарлi Паркер, Эла Фiцджэральд, Луi Армстранг, Бiлi Холiдэй, Бэнi Гудмэн. А потым перад Дзюкам скарыўся і Галівуд. У 1950-х кампазытар пераязджае ў Калiфорнiю, дзе пiша музыку для галiвудзкiх фiльмаў "Яна хоча вывучыцца ў каледжы" з будучым прэзiдэнтам Рональдам Рэйганам у адной з роляў i "Красавiк у Парыжы".

А Ўладзімір Дукельскі пісаў вершы, якія друкаваў у эмігранцкіх часопісах, якія чыталі толькі іх аўтары. Сумныя і прыгожыя вершы зусім неблагога ўзроўню, адметныя на фоне эмігранцкага ныцьця.

Вэрнан Дзюк так ня змог бы. Гэта варта таго, каб працытаваць…

“Подушки — теплые телята
в прохладе койки; дождь поет.
Величественный вентилятор
всю ночь бормочет напролет.
Мне море кажется медведем
зеленобурым с сединой.
Не все ль равно, куда мы едем
и возвратимся ли домой?
О, запах рыбы и фиалки,
далеких путешествий зуд!
Ушли года, ушли гадалки;
под парусом, на катафалке
меня на небо отвезут”.

Сьверб далёкіх падарожжаў… Для Ўладзіміра Дукельскага ён пачаўся з самага нараджэньня. У 1903 цяжарная сынам Ганна Капылова, патомная шляхцянка, ехала зь Беларусі да мужа ў Пскоў. І вось на станцыі Параф’янава, што на Докшыччыне, ён і зьявіўся на сьвет – Уладзімір Дукельскі, будучы Вэрнан Дзюк. Любімы нэгр савецкіх стыляг…

Параф’янава – месца няпростае. Недзе тут, у ваколіцах, адбываецца дзеяньне рамана “Гараватка” Кастуся Акулы, недзе тут – радзіма аматара дарэвалюцыйных алітэрацый Лявона Гмырака. Год нараджэньня Уладзіміра Дукельскага быў годам параф’янаўскіх надзей: нядаўна тут пабудавалі чыгунку і цяпер вёска, насельніцтва якой не перавышала ста чалавек, імкліва ехала ў Вялікую Гісторыю. Але Вялікая Гісторыя – гэта ня толькі надзеі, але найперш сьмерць і жах. У другую сусьветную нацысты вынішчылі тут амаль усіх яўрэяў…

Усяго гэтага Уладзімір Дукельскі не пабачыць. Сьверб далёкіх падарожжаў пагоніць яго бацькоў на Урал, у Крым, у Кіеў, дзе “чыгуначны хлопчык” паступіць у філярмонію… А ў 1920 сям’я Дукельскіх апынецца ў Канстанцінопалі.

Вось тут усё і пачалося.

І музыка. І літаратура. І мора, зеленабуры мядзьведзь, які на сваёй сьпіне прывязе Дукельскага ў Ню-Ёрк і зробіць Дзюкам…

У Канстанцінопалі Дукельскі ўпершыню пачуў Джорджа Гершвіна – і зразумеў, што на Зямлю ідзе новая музыка, якая заваюе плянэту, як тыя марсіяне Ўэлса. У Канстанцінопалі, дзе некалькі дзясяткаў тысяч белаэмігрантаў нудзіліся і страшыліся невядомасьці, Дукельскі арганізаваў Цэх паэтаў – разам з Барысам Паплаўскім. Кім ён бачыў сябе тады? Гэта праз сорак гадоў Дукельскі напіша:

Прелюд приветственный пропет, вот авторский автопортрет: я средь поэтов композитор, средь композиторов -- поэт…» А тады Цэх паэтаў распаўся: былыя расейскія падданыя расьсяліліся па ўсёй зямной кулі, кожны са сваім люстэркам і сваім талентам. Вось і ўсё, што мы можам супрацьпаставіць Вялікай Гісторыі…

Не все ль равно, куда мы едем, и возвратимся ли?..” – калі табе Бацькаўшчынай цэлы сьвет? Напрамкаў у тых эмігрантаў было шмат, а выбіралі збольшага Бэрлін, Парыж, Прагу, Лёндан, Белград… Самыя адчайныя ехалі ў Амэрыку. Тыя, хто зразумеў: бальшавікі – гэта надоўга.

У ліпені 1921 карабель “Кароль Аляскандар” прывёз Дукельскага ў Ню-Ёрк. Тут Уладзімір знаёміцца з тым самым чалавекам, музыку якога ён слухаў у Турцыі. Джорджам Гершвінам.

Але першае, што мусіць зрабіць эмігрант у Амэрыцы, калі ён хоча тут нечага дасягнуць – гэта зьмяніць імя. Праславуты прафэсар Чэпхаржыцкі з рамана Кундэры мог колькі заўгодна іранізаваць з францускіх бюракратаў, што не маглі ўцяміць тонкасьцяў чэскай мовы – у Амэрыцы яго проста ніхто ня стаў бы слухаць: рабіся Чэпам – і дзялоў! Так, як Уладзімір Дукельскі зрабіўся Вэрнанам Дзюкам, а сур’ёзны, акадэмічны кампазытар – знаным аўтарам брадвэйскіх мюзыклаў і апэрэтаў.

Зрабіўшыся амэрыканцам, юны паэт пачаў пісаць у стол – каб выдаць першую кніжку толькі ў немаладым ужо веку. “Страката-сьвяточная, тэхнічна бездакорная” – пісалі пра яго паэзію крытыкі. А за гэтай кніжкай другую, трэцюю, ды том мэмуараў… “Пашпарт у Парыж” – так яны называюцца. У Парыж Дзюк выправіўся ўжо з Амэрыкі – і зрабіў у Эўропе фурор. Яго прызналі сваім Дзягілеў і Пракоф’еў, ягоныя сымфоніі гралі ў найлепшых залях, але ён абраў Ню-Ёрк.

Гэта Амэрыка, ня бойцеся быць прымітыўным” – казалі яму тут. Але галоўнае пытаньне было ня толькі ў гэтым. Кожны страх можна пераадолець – але бывае так, што быць прымітыўным проста немагчыма. Ёсьць такія людзі – у якіх талент не проціпастаўляе сябе іншым і не ламае сьвет, не асьляпляе і ня кліча на змаганьне, а ўрастае ў рэчасіснасьць арганічна, велічна і проста. Як дрэва, пасаджанае зь любоўю. Як любая культура.

Сярод іпастасяў Дукельскага ёсьць адна, якая прымушае на момант забыцца пра ягоны брадвэйскі посьпех і задумацца, у якім сьвеце ён насамрэч жыў, у якія люстэркі глядзеў… Старшыня Таварыства забытай музыкі. Назва – сама як верш. Забыцьцё – тое, што дасьледуе культура, тое, што ёсьць супрацьлегасьцю джазу, мастацтву вечнай імправізацыі.

Вядома, эмігрант Вэрнан Дзюк – прыклад удалага кампрамісу паміж доляй і далярам. Ён раздваіўся – але ня страціў сябе, не заблукаў у люстэрках. Эміграцыя – гэта ня сьмерць і ня здрада. Неба, а не душу мяняюць тыя, хто зьехаў за мора. Ну, і музыку, ясная рэч. Сваю – і чужую. Хаця ці існуе ўвогуле чужая музыка – гэта вялікае пытаньне.

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»
5. Кірк Дуглас. «Во амэрыканцы даюць…»