5. “Во амэрыканцы даюць…”



Гэтую фразу ў 1967 годзе можна было пачуць па ўсёй Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, жыхарам якой, як і братнім ім народам, было ўпершыню дазволена паглядзець вялікі заакіянскі пэплюм: “Спартак” Стэнлі Кубрыка. У СССР на яго схадзілі дзясяткі мільёнаў чалавек, карціна зрабілася адным зь лідараў пракату. Чулыя да рамантыкі савецкія хлопчыкі рубіліся ў фармаце “глядыятары супраць рымлян”, забыўшыся на нейкі час пра традыцыйных “рускіх і немцаў”. І хаця ўсім было ясна: без кастрацыі не абышлося, “Спартак” уражваў: жарсна, жорстка, моцна, па-багатаму…

Кірк Дуглас грае Спартака беспадобна! – успамінае глядач, які хадзіў на “Спартака” разам з бацькам. – Ніякіх гераічных крыўляньняў, як гэта прынята ў наш час. Ня пырскае сьлязамі і саплямі, калі губляе таварышаў, не лямантуе карцінна, узьняўшы сваю глотку да блакітнага неба Нэапаля. Гэта найлепшы варыянт, як можна паказаць правадыра паўстанцаў!

Мала хто падазраваў, аднак, што і ў самой Амэрыцы з фільма павыразалі некаторыя сцэны – напрыклад, усю гомаэротыку. І яшчэ менш людзей у Магілёве, Маскве і Магадане маглі сабе ўявіць, што выканаўца галоўнай ролі, голагруды нязломак, герой-глядыятар, знаёмы ўсім па рамане малавядомага ў самой Італіі пісьменьніка Джаваньёлі, насамрэч яўрэй зь беларускімі каранямі. Так не бывае, сказалі б савецкія людзі, выхаваныя ў традыцыях пралетарскага інтэрнацыяналізму. Ня псуйце нам казку.

Пра гэта не пісалі ў “Праўдзе”, але гэта было праўдай.

Кірк Дуглас вырас у Ню-Ёрку ў сям’і старызьніка. Існуюць розныя вэрсіі, адкуль прыехалі ў Амэрыку ягоныя бацькі: некаторыя кажуць пра Гомельшчыну, іншыя пра Магілёўшчыну. Зрэшты, сам актор з упэўненасьцю заяўляе, што іхнай радзімай быў Магілёў. “Чавусы” – асьцярожна папраўляюць дасьледчыкі. Тыя самыя Чавусы, у якіх нарадзіўся легендарны Іван Насовіч, складальнік першага ў Расеі “Словаря белорусского наречія” (і які, дарэчы, вывучаў таксама “жізнь іудеев”). Герш і Брайна Даніеловічы эмігравалі ў ЗША ў 1908 і пасяліліся ў Амстэрдаме, штат Ню-Ёрк. Менавіта там і нарадзіліся іхныя шэсьць дачок і адзіны сын Ісэр – будучы актор Кірк Дуглас.

У хедэры Ісер Дэмскі (такое прозьвішча ўзялі яго бацькі) быў адным з найлепшых вучняў. Настолькі пасьпяховым, што яўрэйская грамада сабрала грошы, каб паслаць Ісэра вучыцца на рабіна. Так што Спартака з Кірка Дугласа магло і не атрымацца… Як, дарэчы, і ўласна Кірка Дугласа. Каб пазьбегнуць сьвятарскай кар’еры, будучаму актору давялося паўстаць супраць усёй грамады і супраць бацькоўскай волі.

Гісторыя Абрама і Ісаака – вось што прымусіла сына старызьніка задумацца, вось што ўразіла яго ня менш, чым савецкіх дзяцей – амэрыканскі блёкбастэр. “Я выразна запомніў карцінку ў падручніку: барадаты Абрам сьціскае ў адной руцэ вялікі нож, а другой трымае Ісаака, маленькага спалоханага хлопчыка, -- успамінаў Дуглас. – Я быў узрушаны і напалоханы. Нічога сабе выпрабаваньне. Гэтая карцінка паўставала перад маімі вачыма яшчэ вельмі доўгі час”.

І Кірк Дуглас паступіў у каледж.

Я заўжды ганарыўся сваёй прыналежнасьцю да яўрэйства”, -- кажа ён, якому ўжо амаль сто гадоў і якога ўжо запісалі ў амаль біблейскія доўгажыхары (ня толькі сярод актораў, але і сярод блогераў). Але часам веравызнаньне і паходжаньне грала зь ім злыя жарты. Аднойчы ён прыйшоў у Ню-Ёркскі яўрэйскі тэатр паспрабаваць сябе на нейкую ролю. “Адзіная роля ў нашым тэатры, на якую вы прыдатныя, гэта роля нацыста”, -- сур’ёзна адказалі яму. “Я разважаў пра веру, сыходзячы з уяўленьняў чатырнаццацігадовага хлопчыка”, -- прызнаваўся Дуглас. Ён усяляк стараўся пазбавіцца ад навязьлівай рэлігіі продкаў. І толькі калі нарадзіўся іншы Дуглас, Майкл, якому таксама давядзецца зрабіцца вялікім акторам, але якому ўжо ніхто ня будзе прарочыць ролю рабіна, пра сваё паходжаньне давядзецца згадаць.

Усё вярнулася, калі Майкл спытаў, адкуль паходзіць ягоны дзядуля. Кірку Дугласу нічога не заставалася, як сказаць, што ён насамрэч мала пра гэта ведае. А потым…

Я зразумеў, што ня ведаю сваіх продкаў. Потым я ляжаў у сваім пакоі на ложку, дзе вісела калекцыя літаграфій Шагала, яго біблейская сэрыя. Я стаў чытаць пра яго герояў і зразумеў: вось мае продкі. У ва мне расло адчуваньне шчасьця – ад таго, што я адчуваў сваю роднасьць зь людзьмі на карцінах. Майсей, Абрам, Якаў…

Мой бацька быў родам з Магілёву, горада, які знаходзіцца зусім блізка ад Віцебска, дзе жыў Шагал – гэткае адкрыцьцё зрабіў Кірк Дуглас. Погляд на мапу, вядома, крыху амэрыканскі, “стоячы ля мапы Эўропы” – ясная рэч, ня ўсе беларусы пагадзіліся б, што Віцебск і Магілёў знаходзяцца побач. Але Дуглас і праўда зьдзіўляе – у параўнаньні з большасьцю актораў для яго існуюць і Шагал, і Віцебск, і Магілёў, і яму хапіла ведаў геаграфіі, каб не ляпнуць з наіўнай перакананасьцю ў вачах, што Магілёў – гэта дзесьці ў Маскоўскай вобласьці.

Так ці інакш, Кірк Дуглас вярнуўся да сваіх каранёў. У веры і ў геаграфіі. І ёсьць у гэтым аднаўленьне нейкай дзіўнай справядлівасьці. Дзякуючы амэрыканскаму кіно, у якім Кірк Дуглас быў і застанецца зоркай першай велічыні (а Майкл Дуглас – таксама першай, бо зорак другой велічыні на гэтым небе проста не бывае), мы ведаем Амэрыку значна лепш, чым амэрыканцы нас…

Магчыма, ва ўсім гэтым значна больш наканаваньня, чым можна сабе ўявіць.

Майкл Дуглас кажа, што нікім іншым, апрача як акторам, ён зрабіцца проста ня мог. Ягоны бацька быў актор, яго маці была акторка – яму не заставалася нічога іншага, як пачаць граць у школьным тэатры. Сын Кірка Дугласа адразу зразумеў, што быць акторам – гэта выклік фізыялёгіі: усё жыцьцё ён з задавальненьнем успамінае, як яго шыкоўна ванітавала перад выхадам на сцэну. Бацька заўжды ўражваў сына. У 1956 Кірк Дуглас працаваў у “Празе жыцьця” паводле Ірвінга Стоўна, Майкл прыйшоў у кінатэатр на прэм’ру і заварожана назіраў, як тата адразае сабе вуха – ён граў Ван Гога…

Па падліках Майкла, ягоны бацька зьняўся ў васьмідзесяці васьмі стужках. А сам ён у трыццаці. “Але тады былі іншыя часы…”

Часы і праўда былі іншыя.

Калі глядзіш на сьпіс фільмаў з удзелам Кірка Дугласа, кідаецца ў вочы ўзровень тэмаў і герояў, якіх спрабаваў ператравіць у сабе нястомны Галівуд. Падаецца, што раней усё ж галівудзкія прадусары менш баяліся брацца за “культурку”. Гамэр і Спартак, Ван Гог і Жуль Вэрн, сагі пра вікінгаў і вызваленьне Парыжу – зразумела, усё гэта толькі спробы прыстасаваць вялікія канфлікты і вялікае мастацтва да патрэбаў масавай культуры, але веліч прабіваецца скрозь спрошчаныя схемы і, такое адчуваньне, вымушае рэжысэраў, сцэнарыстаў і актораў усьведамляць, за што яны бяруцца. Кіно і праўда робіцца іншым: падладжваецца да чалавечай сьвядомасьці, замест таго, каб дыктаваць ёй волю і прымушаць яе ўключаць успрыманьне. Забыты інструмэнт пазнаньня.

А знакі быцьця чакалі.

У 1991 годзе вольны гелікоптэр, на якім ляцеў Кірк Дуглас, раптам спыніўся ў небе, задумаўся і вырашыў, што ўсё было няпраўдай і ён народжаны поўзаць. Двое спадарожнікаў, якія сядзелі побач з акторам, загінулі, а сам ён, атрымаўшы жудасныя траўмы, тым ня менш застаўся жывы.

Гэта быў момант, калі ён зноў пачаў разважаць пра бога.

Я зьняўся ў васьмідзесяці фільмах, напісаў некалькі кніг, я лічыў, што завяршыў на зямлі ўсе справы: чаму ж бог паклікаў не мяне, а гэтых двух маладзёнаў?” – расказваў ён пра пытаньне, якое некалькі гадоў не давала яму спакою. А потым здарыўся інсульт – і цяпер ужо не Шагал над ложкам, а ўласнае адлюстраваньне зірнула на актора: з роту цякла сьліна, твар быў колеру талага сьнегу. Напалову паралізаваны стары знайшоў у доме рэвальвэр і засунуў яго ў рот.

У мяне больш не было сілаў змагацца за жыцьцё”.

Але прасьцей было яшчэ раз зьняцца ў “Перастрэлцы ў Кэй-Корале”, чым застрэліцца. Нямоглы, разьбіты стары змог толькі ўдарыць дулам рэвальвэра сабе па зубах. І тады ён засьмяяўся.

Ужо ў 1996 ён прымаў “Оскара” за выдатныя заслугі перад кінематографам і нават сказаў невялікую прамову. А затым зьняўся ў “Брыльянтах”, дзе граў старога, якога напаткаў паралюш. Толькі абазнаныя ў ягонай гісторыі людзі ведалі: нічога граць Кірку Дугасу не даводзілася. Ён граў самога сябе – тут і цяпер.

Во амэрыканцы даюць…” – толькі і можна тут сказаць, паўтарыўшы сваіх бацькоў, савецкіх людзей, якія паглядзелі “Спартака” у 1967 годзе і запомнілі на ўсё жыцьцё ягонае аранжавае сьвятло ў цёмнай залі, зь якой не хацелася выходзіць. Бо Кірк Дуглас – гэта наш амэрыканец. Актор, які ўсё жыцьцё граў моцных і нязломных, жорсткіх у дачыненьні да ворагаў і шорсткіх у паводзінах з астатнімі людзей, індывідуалістаў і першаадкрывальнікаў, вольналюбівых і цікаўных. Якія нават у сваёй пабожнасьці знаходзяць сілы і ўсьмешку, каб сказаць нешта на першы погляд банальнае, але не зусім карэктнае:

“Жыцьцё немагчыма прадказаць. Гэта неспасьцігальная таямніца. Адплаціць за тое, што яно нам дае – адзінае, што мы можам зрабіць”.

Ці стаў бы Спартак Спартаком, калі ён верыў у наканаванасьць?

Альгерд Бахарэвіч

1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда
4. Марк Шагал. «Я нарадзіўся мёртвым ...»