4. Марк Шагал. “Я нарадзіўся мёртвым…”
Вялікім мастаком Марк Шагал зрабіўся, калі выключыў гравітацыю.
Узяў і выключыў – як выключаюць занадта яркае сьвятло ў пакоі або надакучлівы голас на экране. У першых жа ягоных лятучых, лёгкіх працах адчуваецца радаснае зьдзіўленьне чалавека, які зразумеў, што мае ўладу над сілаю прыцягненьня – і вось ужо ўсё навокал ўздымаецца, пырхае, лунае высока над дахамі, бліжэй да космасу, радзімы кожнага сапраўднага мастака. Усё, што ты любіш, усё, што хацеў бы забраць з сабою ў падарожжа. Бо кожны Шагалаў твор – гэта маленькае падарожжа ў тое неба, дзе пакуль што няма ні боінгаў, ні боязі вышыні. У нічыйнае неба над начным Віцебскам.
Гэта ня ўцёкі – проста зьмена пэрспэктывы. Гравітацыя замінала яму глядзець на сьвет так, як ён хацеў. І ня толькі яму – усім людзям гэтага сьвету, дзе ўладарыць дыктатура фізычных законаў. Дзесяцігодзьдзямі Шагал і ягоная любоў працягваюць нам руку: страх – гэта тое, ад чаго можна вылечыцца толькі мастацтвам.
У тым ліку дурны страх перад гісторыяй, геаграфіяй – і прыватнай біяграфіяй чалавека, лічыць якога сваім не адмовілася б ніводная нацыя. Але мастакі не бываюць сваімі або чужымі. Толькі вольнымі або мёртвымі.
…Тое, што Шагал нарадзіўся ў Беларусі, у цывілізаваным сьвеце прызнаваць ня любяць. Быццам ёсьць у гэтым факце нешта калі не ганебнае, дык нязручнае, няёмкае, няправільнае, недарэчнае. Быццам сам па сабе гэты факт – парушэньне нейкай негалоснай канвэнцыі, заключанай, што праўда, вельмі даўно і бяз нашага ўдзелу. Быццам ад таго, што Шагал нарадзіўся ў гэтай шчыгульнай краіне, яе тэрыторыя незаконным чынам павялічыцца, а значнасьць самога Шагала ў сьвеце паменшыцца. “1887, Віцебск, Раша”, шалясьцяць папяровыя гіды – і ніякіх табе дужачак, якія маглі б пацешыць нацыянальнае самалюбства, самае балючае і самае бессэнсоўнае з усіх відаў любові.
“Ён мой суайчыньнік”: сказаць гэта за мяжою – тое самае, што прызнаць сябе расейцам.
Вядома ж, сам Шагал наўрад ці лічыў, што месца ягонага нараджэньня – не Расея, а нейкая там Беларусь. Словаў “Беларусь”, “беларускі”, ня кажучы ўжо пра “Жыве Беларусь!”, у ягоных успамінах ня знойдзеш – затое няцяжка сустрэць такое падобнае і такое важнае, значна больш важнае за назвы любых краінаў і губэрняў слова “Бэла”. Ягонае першае і адзінае вялікае каханьне.
Зрэшты, з Расеяй у гісторыі Шагала ня ўсё так адназначна, нават калі слухаць толькі яго самога. “Хіба гэта Расея? Гэта мой родны горад”, -- напіша ён пра Віцебск. Такі вось пагляд на нацыянальную і дзяржаўную прыналежнасьць. Самому сабе выдадзены пашпарт, які ў Шагала нікому ўжо не забраць.
Ці зрабіўся б Шагал Шагалам безь беларускага Віцебска? Горада, у якім напрыканцы 19 стагодзьдзя палову насельніцтва складалі яўрэі, горада трыццаці цэркваў і шасьцідзесяці сынагогаў. “Сумнага і вясёлага горада”…
“Дзіцём неразумным я глядзеў на цябе з нашага парога. І ты ўвесь адкрываўся мне. Калі замінаў плот, я ўставаў на прыступачку. Калі і так не было відаць, залазіў на дах… І глядзеў на цябе, колькі хацеў.
Як жа мне собіла тут нарадзіцца?
Чым тут дыхаюць людзі?”
Цэрквы, платы, крамы, сынагогі, немудрагелістыя і вечныя пабудовы, як на фрэсках Джота. Вось чым тут дыхалі. Ці зрабіўся б ён наогул мастаком бяз гэтай правінцыйнасьці, бяз гэтай сваёй жудаснай “правіны”, уласнага беларускага яўрэйства? Той яўрэйскай іншасьці, якую зямная і бязьлітасная Беларусь даўно страціла. Ці змог бы Шагал распавесьці ўсяму сьвету казку пра гэтую страчаную краіну – ня надта пераймаючыся назвамі, топасам, нацыямі, мовамі? Мяркую, што не.
Горад у Шагала заўжды меншы за чалавека. Большае за яго – толькі тое амаль біблейскае карыта, глыбокае, з закругленымі краямі, куды зьмяшчаўся ўвесь гэты хлопчык, які значна пазьней зробіцца сусьветна вядомым мастаком. Карыта было першым, што ён пабачыў у жыцьці, тым месцам, якое ён запомніць да канца дзён.
А бацькі вось хацелі, каб ён зрабіўся гандлёвым агентам. Не, яны любілі і прызнавалі ягоны талент. Але: “восем ратоў, і ўсе на мне, дапамогі ні ад кога не дачакаеш!” – бурчэў бацька. І пры гэтым у руках кожнага з братоў і сясьцёр Шагала заўжды быў кавалак хлеба з маслам – сам Шагал іранічна называе гэта “вечным сымбалем дабрабыту”. Сам той хлопчык, сны якога мы пабачым на шагалавых карцінах (і сны гэтыя будуць паўтарацца, і ніводзін не паўторыцца цалкам), марыў стаць сьпеваком – кантарам у сынагозе або пайсьці ў кансэрватэрыю. Або танцорам – калі езьдзіў да дзеда ў Лёзна, пад Магілёў, заўжды танцаваў, ды з такім захапленьнем, якога ніхто не чакаў ад вузкаплечага і кучаравага хлопца, самое нараджэньне якога маці лічыла цудам.
А яшчэ ён пісаў вершы – і ўсе іх хвалілі. Дзяцінства Шагала прайшло ў любові і сьветлым, як прыдзьвінскія вечары, смутку – і, па ягоным прызнаньні, ён сам ня ведаў, куды яму падацца. Пакуль не пабачыў карцінку, якую ад няма чаго рабіць скапіяваў з часопіса “Нівы” аднаклясьнік. “І я так магу” – сказаў сабе будучы геній, самаўпэўнены, як усе сапраўдныя мастакі, і баязьлівы, як усе хлопчыкі.
І перамаляваў.
Так яго ўпершыню назвалі мастаком. Назвалі такія самыя дзеці, як ён – але з гэтага ўсё і пачалося. Зь перайманьня.
Потым была школа віцебскага мастака Юрыя Пэна. “Скажыце, гэта прыбытковае рамяство?” – спытала маці, якую Шагал за руку прыцягнуў да яго ў майстэрню. “Што вы, ні купіць, ні прадаць”, -- цынічна адказаў Пэн. – “А ў мальца вашага схільнасьць да жывапісу ёсьць…” Потым быў Пецярбург, дзе маладому мастаку стала ясна, што
“у Расеі ня маюць права на жыцьцё ня толькі яўрэі, але і мноства расейцаў, якія туляцца па завугольлях, як клапы”.
Проста ён ведаў, што занадта правінцыйны. Пры ўсёй сваёй любові да перамяшчэньняў больш за ўсё ён жадаў быць замкнёным у клетцы. Каб пісаць сваю правінцыйнасьць, свой сьвет, сваю любоў. Бывай, Віцебск! Я не хачу быць падобным да іншых. Я хачу бачыць сьвет па-свойму. Адключыць гравітацыю.
“Фарбы зьмешваюцца, ператвараюцца ў віно, і яно пеніцца на маіх палотнах”. Ён прадаваў карціны ў парыскіх парках – думаў пераймаць модныя сюжэты, а выходзіў усё роўна Шагал. Потым было вяртаньне ў Віцебск, і вайна, і рэвалюцыя, і выгнаньне зь Віцебску, і Пецярбург, і Масква…
“Ні царскай, ні савецкай Расеі я не патрэбны. Мяне тут не разумеюць. Я тут чужы…”
Потым быў Парыж. Потым была слава.
Неяк Шагал сказаў, што пасьля таго, як ён пакіне Віцебск, яго там, відаць, забудуць і зьнішчаць усе яго сьляды – хаця ён пакутваў і біўся, каб ператварыць тутэйшых людзей у творцаў.
Толькі ведаў бы ён, колькі яшчэ выгнаньняў з роднага гораду – не добраахвотных, а цалкам мэтанакіраваных і поўнай лютай, налітай “здаровай патрыятычнай крывёй” нянавісьці, яго будзе чакаць пасьля сьмерці. Першы пасьля вайны ў БССР артыкул пра Шагала, падрыхтаваны да стагодзьдзя з дня яго нараджэньня, у1987, быў забаронены аганізуючай цэнзурай. Але цэнзура – гэта было ня самае займальнае. У душах жывых беларускіх мастакоў пры згадваньні Шагала кіпелі і пеніліся такія фарбы, што пырскі мусілі абавязкова трапіць на яго яшчэ сьвежую магілу. Колер у фарбах чамусьці пераважаў карычневаты…
“Шагал – фармаліст, ён ніякі не вялікі мастак, ён проста заможны жыд, які ўцёк за мяжу ў цяжкі для радзімы час”, -- з ісьцінна патрыятычных пазыцый ацэньваў творчасьць Шагала клясык беларускага жывапісу Міхаіл Савіцкі, які не пераймаўся ні гравітацыяй, ні космасам, бо што такое космас, калі ёсьць камсамол, і што такое гравітацыя для гран-прызёра сацрэалізму. Абкамаўскі сакратар Грыгор’еў выступіў з палымянай прамовай, сэнс які зводзіўся да таго, што Шагал ня даў Віцебску ні даляра, ён сіяніст, і калі ўшанаваць яго ў Віцебску, пакрыўдзяцца арабы, а гэтага дапусьціць нельга. І наогул, падсумаваў Грыгор’еў – “тады ўжо лепш адразу Гітлеру помнік паставіць”. Гэта толькі на першы погляд дзіўнавата і нелягічна гучыць з вуснаў сакратара абкаму: але калі ўспомніць, што Гітлер таксама быў мастаком, дык усё становіцца на свае месцы.
Зь месцамі наогул праблемы не было. Нацыянальна сьвядомыя мастакі, прыхільнікі незалежнасьці і дэмакратыі, змагары супраць абкамаў, гаркамаў і райвыканкамаў, аказаліся на дзіва салідарныя з сваімі ворагамі: Шагал – яўрэй і да Беларусі ніякага дачыненьня ня мае. Яму ня месца ў беларускай культуры! Такая ў нас у Беларусі традыцыя: мераць чарапы мастакам дзеля трыюмфу нацыянальнага адраджэньня.
Аднак лінейка, якой узброіліся беларускія прыхільнікі Шагала, зламалася, ня вытрымаўшы здаровага сэнсу. На Беларусь Шагал усё ж вярнуўся. Пачаў працаваць музэй, адбыліся першыя выставы. Ужо на дзясятым годзе незалежнасьці палова ўдзельнікаў вялікага апытаньня ў “Зьвязьдзе” назвалі Шагала мастаком ХХ стагодзьдзя ў краіне. Але дзе-нідзе і цяпер пачуеш праведнае абурэньне:
“Шагал? Жыд, які ўслаўляў усё жыдоўскае. Такіх нам ня трэба. Ачысьцім родную Маці-Беларусь ад жыдоўскае погані!”
Лётаў? Тожа мне Карлсан! Знаем мы гэтых Карлсанаў. Шнэерсонаў і Рабіновічаў.
Ніхто асабліва не пратэстуе. Выгнаньне з мовы, гісторыі, з паветра, з прасторы – гэта так па-нашаму. Як і выгнаньне з глузду.
І тады і праўда хочацца пераехаць некуды ў правінцыю, да мора. Адключыць інтэрнэт. І заадно гравітацыю. Але я ня ведаю, дзе пульт кіраваньня. А ён – ведаў.
Альгерд Бахарэвіч
1. Жарэс Алфёраў. Як завяшчаў Вялікі Хтосьці
2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва
3. Надзя Хадасевіч-Лежэ. Чырвоная Джаконда