2. Айзэк Азімаў. Адвакат чалавецтва

Боўдзіла, даўбешка, асёл, курыныя мазгі, язык без касьцей!” Так кляне сябе за сваю дурасьць герой рамана Шолам-Алейхэма “Песьня песьняў”, наіўны закаханы малец. Кляне -- яшчэ ня ведаючы, што язык без касьцей можа давесьці ня толькі да нейкага там Кіева, але і да Ню-Ёрку, і да плянэты Вэсты, і наогул – да Канца Вечнасьці.

Трохгадовы Іцык Азімаў таксама гэтага сакрэту ня ведаў. Малому, сыну Юды і Ханы Азімавых, перад сном той твор не чыталі – не дарос яшчэ. Чыталі іншае – для малодшага дашкольнага ўзросту. Але вось празь дзесяцігодзьдзі Іцык, які зробіцца Айзэкам, раптам напіша пра сябе на сумоўі ў прэстыжным амэрыканскім каледжы:

Я балбатлівы, неўраўнаважаны і ня ўмею рабіць добрае ўражаньне на людзей”.

Напіша, між іншым, чыстую праўду. Быццам працытуе галоўнага казачніка свайго маленства. І канцы нябачнай вяровачкі сыйдуцца, і часткі сьвету на імгненьне памяняюцца месцамі, і рэха нарэшце даляціць да свайго адрасата.

А ў каледж Айзэка так і ня возьмуць. Яго возьмуць у пісьменьнікі – амаль што ў астранаўты, толькі “Паехалі!” гаварыць ня трэба. Трэба быць балбатлівым, неўраўнаважаным і рабіць кепскае ўражаньне – на літаратурных крытыкаў і іншых іншаплянэтнікаў.

Але гэта – кнігі, крытыкі, прэміі – будзе яшчэ зусім няхутка. А пакуль што 1923-і, і трохгадовы Іцык Азімаў жыве ў Пятровічах – самым дзіўным месцы ў галяктыцы.

Дзіўнае яно з шмат якіх прычынаў. Узяць хаця б адміністратыўную прыналежнасьць гэтага мястэчка: яшчэ нядаўна, у 1920-м, яно ўваходзіла ў Гомельскую вобласьць БССР, а цяпер ужо знаходзіцца ў Смаленскай вобласьці РСФСР, і невядома, куды яго прыпішуць заўтра. Геаграфічна гэта, вядома ж, Усходняя Беларусь, Магілёўшчына – і гавораць тут моваю, якую адразу і не ідэнтыфікуеш: свая пятровіцкая гаворка, у якой украінец пачуе украінскую, расеец – расейскую, беларус – сваю, “самую славянскую”, “баравую” і “жытнюю”, амаль што мінэральную (а таксама суконную, посконную і даматканую – на двары дваццатыя, і Ільф і Пятроў ужо шукаюць крэслы для свайго сюжэту). Зрэшты, дома ў Азімавых гавораць толькі на ідыш, што не замінала паразуменьню з суседзямі. Расейскай Іцык Азімаў так і не навучыцца. Была некалі і такая Беларусь. Ня верыце? Я таксама.

У 20-х гадах жыхары Пятровічаў ганарыліся сваёй унікальнасьцю. І рэч была ня толькі ў мясцовым паветры, якое жыхары Пятровічаў называлі гаючым і прадавалі ў Клімавічах і Смаленску па пяць рублёў за вядро. Тут ганарыліся і сваёй талерантнасьцю, хоць ніхто ў Пятровічах ня ведаў такога слова. У мястэчку стаялі побач царква, касьцёл і тры сынагогі, і ніводзін тубылец не крыўдаваў на ўяўную дыспрапорцыю. Цяпер там засталася толькі царква – а недалёка ад яе мэмарыяльны камень, надпіс на якім паведамляе, што менавіта тут дзесьці ў 1922-1923 бегаў галяком сымпатычны бляндын Іцык, будучы заканадаўца робатаў і самы вялікі фантаст стагодзьдзя, у якім, здаецца, немагчыма ўжо было нешта выдумаць. Кажуць, на тым камені была медная шыльда, але яе некалькі разоў кралі – давялося захоўваць у былым сельсавеце. Кралі, вядома, выключна каб праверыць паходжаньне мэталу – раптам яно не зямное? Фантастыку ўсе чыталі.

…У 1923 годзе Азімавы пакінулі дзіўнае мястэчка Пятровічы, каб ужо ніколі сюды не вярнуцца. Сястра Ханы Азімавай даслала ім запрашэньне пераехаць да яе ў Ню-Ёрк – так адной цудоўнай раніцай Іцык Азімаў зрабіўся Айзэкам, і ніколі не шкадаваў пра гэта. Бо пісьменьнікі-фантасты не шкадуюць чалавецтва – яны ім камандуюць. “Я забараняю чалавецтву варагаваць”, -- такім быў указ Вялікага Айзэка. – “Нянавісьць мусіць быць зьнішчаная”.

Людзі Айзэка не паслухалі. А вось робатам – давялося.

Наогул, людзі, якія нараджаюцца ў Беларусі, рэдка выбіваюцца ў вялікія начальнікі. Звычайна слухаюцца яны, а законы для іх пішуць іншыя. З Айзэкам Азімавым усё адбылося ня так. Можа, таму што ён зьехаў занадта рана. А можа, таму што народжаным тут людзям ніколі не карцела камандаваць кімсьці і падпарадкоўваць сабе падобных. Іх цягне да іншых сфэраў – больш творчых і карысных для грамадзтва. Напрыклад, беларусы любяць зазіраць у чужыя кішэні і зайздросьціць чужой славе. Арганізаваць траўлю, накінуцца натоўпам на аднаго (тут кажуць – талакой), пакорпацца ў чужой бялізьне – гэта нашае, роднае, беларускае. Калі правільна паліваць – буяе, цьвіце і пахне. Ня будзем забывацца і на манію велічы – у таленавітых людзей яна перарастае ў веліч маніі, а ў малых нацыяў – у схільнасьць да маніхейства.

Да сусьветнай пустаты беларусаў заўжды цягнула, і Азімаў не адзінокі ў сваёй празе акунуцца ў касьмічныя плыні. Язэп Драздовіч, Барыс Кіт, Кавалёнак з Клімуком, Аліса Селязьнёва… Скарына на знакамітай гравюры выглядае, як капітан касьмічнага карабля, затрыманага галяктычным ДАІ за стаянку ў непаложаным месцы. Нават Хрыстос у беларускай літаратуры не прыяжджае і не прыходзіць, а прызямляецца, быццам нейкі прышэлец. Але хопіць бэсьціць беларускае – Пятровічы даўно ўжо частка Смаленскай вобласьць Расеі, дык пры чым тут мы, і пры чым тут стопрацэнтны амэрыканец Азімаў?

Ён свае законы вынайшаў – і іх прыняў на ўзбраеньне ўвесь сьвет. Магчыма, гэта адзіны такі выпадак з ураджэнцам Беларусі.

Робат ня можа зрабіць чалавеку шкоду ці сваім бязьдзеяньнем дапусьціць, каб чалавеку была зробленая шкода.

Робат мусіць падпарадкоўвацца камандам чалавека, калі гэтыя каманды не супярэчаць першаму закону.

Робат мусіць клапаціцца пра сваю бясьпеку ў той меры, у якой гэта не супярэчыць першаму і другому закону.

Цікава, калі з мэтаю экспэрымэнту ў гэтыя законы ўвесьці слова “беларус” – што яно мусіць замяніць: робата або чалавека? Я заўжды падазраваў, што мы – іншаплянэтнікі. Ну, ці, прынамсі, людзі не адсюль. Бо зямляне ня могуць быць такімі цярплівымі. Азімаў пацьвердзіць. Ён ведае, што і ў робатаў ёсьць душа.

Сапраўды, робаты ў Азімава – гэта таксама людзі. Новая раса, выгадаваная чалавекам сабе на бяду і на бізнэс-праекты. Выгадаваная тады, калі сам панятак “раса” для чалавецтва перастаў быць актуальным. Як і кожны філёзаф (а кожны філёзаф – у нейкім сэнсе аўтар science fiction), ён заклікаў не сьпяшацца лічыць праблему вырашанай, пакуль яна выдуманая не да канца. І, як такі сабе расіст новай фармацыі (а кожны фантаст, які стварае няісныя сусьветы, робіцца расістам) – ён умее выклікаць веру ў чалавека-зямляніна і гордасьць за яго. “Няважна, якое ў цябе грамадзянства – амэрыканскае ці савецкае, важна, што ты чалавек!” – казаў Азімаў, як сапраўдны ўраджэнец Пятровічаў. Дзясяткі тысяч савецкіх грамадзянаў, адданых чытачоў Азімава, пагадзіліся з аўтарам, уздыхнулі і эмігравалі ў Злучаныя Штаты. Не перастаўшы пры гэтым быць людзьмі. Што і меркавалася давесьці, дарэчы. Некалі я напісаў, што Азімаў ведае, дзе ў чалавека кнопка, і як лёгка яна выключаецца. У гэтым гуманізм Айзэка Азімава – бо чалавеку, паводле Азімава, нічога іншага не застаецца, як быць гуманістам. А насамрэч – замаскаваным скептыкам.

Бо быў яшчэ адзін закон рабатэхнікі, які Азімаў прыдумаў значна пазьней і даў яму парадкавы нумар “0”:

Робат ня можа зрабіць чалавеку шкоду, толькі калі ён не дакажа, што ў выніку гэта будзе карысна для ўсяго чалавецтва.

Калі тут няма закліку да забойства, то я – робат. І калі тут няма любові да чалавецтва – таксама.

Народжаны ў адной зь зямных імпэрыяў, ён усё жыцьцё пісаў пра імпэрыі касьмічныя. Грамадзянін ЗША і ангельскамоўны пісьменьнік, ён зь лёгкасьцю дае сучаснай беларускай літаратуры глебу для сумнеўных аналёгій і сьмелых алюзій. Калі я пісаў эсэ пра беларускі лён, я ня мог утрымацца, каб не прыгадаць раман Азімава “Касьмічныя плыні”. Плянэта Флярына знакамітая сваім кыртам – расьлінай, якая толькі ў гэтым куточку Галяктыкі ўяўляе сабой матэрыял непараўнальнай прыгажосьці і трываласьці. Кырт – “гонар і праклён Флярыны”. Флярыну акупавала імпэрыя Трантар – і выкачвае з Флярыны яе багацьці. Трантарыянская артыстакратка, замест таго, каб красавацца на балях у новых кыртавых сукнях, вырашае напісаць пра кырт кнігу, выклікаючы з боку суайчыньнікаў толькі зьдзек і кпіны. Гэта цяпер падаецца наіўна-рамантычным і прыдатным хіба для таннага кіно. А чытаючы гэта ў васьмідзясятых, ва ўзросьце, калі ад добрай фантастыкі займае дух, можна было ўспрыняць любую высакародную ідэю: ад нацыянальнага вызваленьня да зачаткаў фэмінізму.

Таму дзякуй, Айзэк Азімаў, мы, савецкія падлеткі, былі тваімі студэнтамі. Мы ведалі, што нам ніколі не пабываць у Амэрыцы – але мы пабывалі на Флярыне і Вэсьце, на Трантары і яшчэ чорт ведае дзе, а адтуль нельга вярнуцца тым, якім ты быў раней.

Некалі ягоныя бацькі хацелі, каб ён зрабіўся лекарам. Ня выйшла – Азімаў, у якога гвалту ў творах ня больш, але і ня менш, чым трэба амэрыканскаму пісьменьніку, меў гемафобію. І акрафобію меў таксама: ён баяўся выйсьці на ўласны балькон – чалавек, які выпраўляўся ў такія вышыні, куды не дастае нават божанька, калі хоча ўзяць з паліцы кніжку. Калі Азімаў памёр, Курт Вонэгут сказаў з маркотнай усмешкай: “Наш Айзэк цяпер на нябёсах” – і лічыў гэта сваім самым удалым жартам.

Альгерд Бахарэвіч

1. ЯК ЗАВЯШЧАЎ ВЯЛІКІ ХТОСЬЦІ