Адзін з нас

Нешта змяняецца ў тваёй свядомасці, калі даведваешся, што беларускае паходжанне маюць выбітны канадскі хакеіст Уэйн Грэцкі, амерыканскі акцёр Харысан Форд, французскі мадэл'ер Іў-Сэн Ларан, альбо сусветная зорка журналістыкі Лары Кінг... Ты ўсведамляеш, што краіна, якая дала свету такую колькасць геніяў, мае і абавязаная стаць іншай – цывілізаванай, сучаснай, мудрай.

Беларускі Свабодны тэатр распачаў праект «Адзін з нас» каля дзесяці год таму, калі выдаў першую кнігу эсэ пра вялікіх людзей, якіх дала свету Беларусь. А два гады таму вырашылі аднавіць гэты праект, дадаўшы да яго частку суб'ектыўнага погляду, і запрасілі да напісання новай кнігі аднаго з выбітных беларускіх пісьменнікаў – Альгерда Бахарэвіча. Кніга гатовая, і мы вырашылі да выхаду яе ў папяровым варыянце апублікаваць усе 30 глаў на сайце moc.media.

Кожны панядзелак вы зможаце чытаць новую главу кнігі «Адзін з нас», прысвечаную камусьці з выбітных асобаў беларускага паходжання.

1. ЯК ЗАВЯШЧАЎ ВЯЛІКІ ХТОСЬЦІ

Белоруссия родная,
Украина золотая!
Наших братьев в беде не оставим мы,
Неразрывен великий народ.
Савецкая песьня

Калі б 31 ліпеня 1914 году да адчыненага акна “Кафэ дзю Круасан” на Манмартры не падышоў чалавек, не дастаў бы пісталет і ня стрэліў бы ў аднаго з наведнікаў, нашага героя-беларуса маглі б зваць зусім па-іншаму.

Сашам, напрыклад, або Сірожам.

Але яму далі імя Жарэс – такім было прозьвішча застрэленага парыжаніна, лідэра францускіх левых. Так нябожчык праз шаснаццаць гадоў пасьля сваёй сьмерці зрабіўся хросным бацькам – і такое бывае на сьвеце.

А калі дадаць, што старэйшы брат Жарэса Алфёрава, будучага нобэлеўскага ляўрэата, меў імя Маркс – робіцца і зусім вусьцішна. Можна перайменаваць горад або вуліцу, можна з чыстай душой скінуць помнік, можна перапісаць падручнік – а паспрабуй адмовіцца ад імя, якое табе далі бацькі. Далі, нібы ўзялі зь цябе абавязацельства. Жыві і працуй, як завяшчаў вялікі… І не забудзь перакуліць сьвет. Не забудзь зрабіць усіх шчасьлівымі, сынку.

Брат Жарэса Алфёрава Маркс Алфёраў загінуў у другую сустветную, ва Ўкраіне. “Вы адзін народ, расейцы і ўкраінцы, нельга вас было падзяляць”, -- з горыччу скажа больш чым праз паўстагодзьдзя Жарэсу Алфёраву амэрыканскі калега. Паўздыхалі, напэўна, пацокалі языкамі… Нельга было. Вось некалі былі часы: савецкая навука квітнела, фізыкі рабілі адкрыцьцё за адкрыцьцём, і на ўсіх прасторах вялікай Расеі, у Кіеве, Мінску, Віцебску… Што, і гэта ўжо не Расея? Як так? – жахаецца амэрыканскі калега. О май гад, няшчасныя рускія, нельга было вас падзяляць.

З тымі, хто лічыць, што нельга было падзяляць адзіны вялікі расейскі народ, Жарэс Алфёраў паўсюдна будзе лёгка знаходіць супольную мову. Незалежна ад таго, хто гэтыя людзі – амэрыканскі прафэсар, маразматык-сталініст, верны гебэльсавец… Або нават гістэрычны дыктатар адной невялікай, але вельмі гордай дзяржавы. Імя якой – Рэспубліка Беларусь – не абавязвае ні да чаго – ня тое што Расея-матушка, у якую стрэлілі каварныя ворагі, калі яна даядала апошнюю ватрушку ў кавярні гісторыі.

Так, Віцебск і Менск – гэта тыя гарады, дзе Жарэсу Алфёраву выпала гадавацца. У Віцебску ён нарадзіўся, у Менску вучыўся, скончыўшы тут 42-ю школу, якая цяпер носіць яго імя (прывітаньне Менску з Парыжу 1914!). У школе тапілі печкі, і вучні самі калолі і пілавалі дровы, а дзесьці далёка вучоныя мужы біліся над атамнай бомбай. Уся краіна думала, дзе ўзяць энэргію: каб сагрэцца, каб верыць, каб цяпло напоўніла страўнік, каб забіваць сабе падобных. Пазьней Алфёраў будзе працаваць у інстытуце, у якім Курчатаў распрацоўваў сваю бомбу… Але пакуль што за вокнамі Менск, а на вокнах – тутэйшы арнамэнт. Дровы не замінаюць думаць пра разумнае, добрае, вечнае – напрыклад, пра катодны асцылограф. Ужо ў дзесяцігадовым узросьце будучы вучоны змайстраваў свой першы дэтэктарны прыймач, а настаўнік фізыкі Якаў Мэльцэрзон так уразіў Жарэса Алфёрава сваім прадметам, што ягоны адданы вучань паступіў у Ленінградзкі ўнівэрсытэт.

Зорка Жарэса ўзышла над зямлёю.

Што яна прынесла? Сучасныя зямляне – няўдзячныя істоты, яны неяк не задумваюцца пра тое, што шмат якія малюпасенькія фіговінкі ў іхных прыладах з кнопкамі прыдумаў і распрацаваў Жарэс Алфёраў. Узяць хаця б нашыя мабільнікі. Кажуць, што гэта ўсё ён начараваў: каб камунікацыя спрасьцілася настолькі, што зьмяніўся сам панятак часу. Мы больш ня ўмеем чакаць, мы хочам адразу ведаць адказы на ўсе пытаньні. І пажадана, каб варыянтаў адказаў было ня менш за тысячу.

Вядома, вінаваты ня толькі ён. Але Алфёраў і праўда спрычыніўся да гэтых цудаў, нават назвы якіх цяжка запомніць паспалітаму чалавеку. Гетэрапераходы ў паўправадніках – што гэта значыць, на якой гэта мове?

Паўправадніковыя прыстасаваньні на аснове гетэраструктураў дазволілі ствараць вельмі магутныя і кампактныя канструкцыі” – пішуць у навукова-папулярных кніжках. “Магутныя і кампактныя” – вось гэта мы разумеем. Галоўнае – ведаць, якую націскаць кнопку, каб кіраваць часам.

Гэта тое, што найбольш цэніцца ў нашым стагодзьдзі. І нам бы вельмі хацелася, каб навукоўцы былі талерантныя і прытомныя людзі, не запэцканыя ў палітычны алей. Але чамусьці да канца не выходзіць. Не атрымліваецца падзяліць Алфёрава-вучонага і Алфёрава, які хваліць бяздарнага дыктатара Лукашэнку за тое, што не разваліў беларускую навуку. Нобэлеўскага ляўрэата Алфёрава – і таго Алфёрава, які думае думы ў пуцінскай думе. Алфёрава, які нарадзіўся ў горадзе Шагала – і Алфёрава, які падтрымлівае зюганаўскіх “краснамордых” прастарэлых рэвалюцыйных матросаў. Гэта адзін чалавек.

Гэты чалавек жыве ў такім сабе царстве-гаспадарстве, Саюзным гасударстве, і ніхто, апрача яго, ня ведае, дзе знаходзіцца такая краіна. Гэта яго першымі кідаюцца віншаваць галоўныя беларускія прапагандысты, ён – падарунак для любой дыктатуры, а пагатоў для “хазяіна землі белорусской”, фізыка-самавучкі, які дае народу ўсё, у чым той мае патрэбу: вы хацелі дождж? Я даў вам дождж.

Беларусь – единственная в СНГ республика, где нет никаких вопросов с русским населением и вообще нет национальных проблем. Это отметил вице-президент Российской Академии наук, председатель президиума Санкт-Петербургского научного цетра РАН Жорес Алферов. Президент Беларуси назвал Жореса Алферова своим самым большим поклонником, а по отдельным вопросам – самым толковым оппонентом”.

Гэтую песьню беларусы вымушаныя слухаць кожны год. З Жарэсам Алфёравым нічога ня зробіш. Ён пераможца, ён перакуліў сьвет, а мы Беларусь перакуліць ня можам, усё нейкія нацыянальныя праблемы выдумляем. Мы бясьсільныя супраць навук. Ды і як можна нешта зрабіць з ляўрэатам ордэна Францішка Скарыны, ганаровым грамадзянінам Менску і Віцебску? Напэўна, Жарэса Алфёрава можна толькі перайменаваць.

Застаецца цярпець ягоныя жартачкі. Жарты чалавека, які ведае больш пра паўправаднікі і гетэрапераходы, чым пра любоў, справядлівасьць і роўнасьць.

Я люблю пажартаваць на гэтую тэму, -- кажа ён. – Нармальна – гэта калі гетэра, а ня гома. Гетэра – нармальны шлях разьвіцьця прыроды”.

Кожны добры жарт – таксама нанатэхналёгія. Намёк вучонага зразумець няцяжка. Вось ён, навуковы, нобэлеўскі падыход. Гома – гэта не па-савецку. Гома – гэта сьмерць, выраджэньне. Жыві і працуй, як завяшчаў вялікі гетэрасэксуальны…

Прозьвішча хай кожны падставіць сам.

Нобэлеўская прэмія Алфёрава – відаць, апошняя буйная ўзнагарода, атрыманая савецкай навукай. Бо савецкае ня скончылася ў 1992-м, як дзевяностыя ў Беларусі ня скончыліся ў 2000-м. Савецкае яшчэ доўга будзе з намі і ў нас. Але яно ўжо нічога не вызначае. Хуткасьць, зь якой зьмяняецца сьвет, даўно ўжо не вымяраецца ў словах. Хто пасьпявае за гэтымі зьменамі, той гаворыць іншай мовай, у якой няма месца цемрашальству і рабству. Беларусь спазьняецца – і можна колькі заўгодна хваліць посьпехі беларускай навукі: сама па сабе, у вечным параўнаньні з савецкай, яна прыкладна тое самае, што дровы ў параўнаньні з атамнай бомбай.

Жарэс Алфёраў любіць гаварыць пра Беларусь. Здаецца, ён нават ганарыцца сваім беларускім паходжаньнем. Так жыхары мэтраполіі, якія нарадзіліся ў калёніях, ганарацца экзатычнымі рысамі біяграфіі: мора, пальмы, коркавыя шаломы… Ну, ці кашулькі вышываныя – якая розьніца. Невядома, ці хадзіў Жарэс Алфёраў у вышыванай кашулі ў 50-х гадах, калі гэта было модна. Але ў дакумэнтах, у графе “нацыянальнасьць”, заўсёды пісаў “беларус”. Чаму б і не напісаць…

Родина моя, Белоруссия, Песни партизан, сосны да туман.

Кожны мой прыезд на радзіму для мяне – падзея, -- кажа Жарэс Алфёраў. – Вельмі добра пачуваюся ў роднай для мяне рэспубліцы…

Чаму? Ня толькі таму, што тут жывуць “родныя людзі”. А яшчэ і вось чаму…

Асабліва моцна я адчуваю гэта сёньня, калі адбылася адна з самых вялікіх трагедый у гісторыі ХХ стагодзьдзя, ды і ўсяго чалавецтва – развал Савецкага Саюза. Гэта быў агромністай моцы ўдар па тым, што я называю вялікай расейскай цывілізацыяй. Яна несла расейскую культуру іншым народам…

Здаецца, для яго СССР таксама быў “магутнай і кампактнай кантрукцыяй”. Якую зламалі хуліганы, стылягі, бітнікі, агенты ЦРУ.

Савецкі Саюз – вельмі пасьпяховая спроба стварэньня дзяржавы сацыяльнай справядлівасьці, -- не стамляецца паўтараць Жарэс Алфёраў. І нахвальвае далей краіну мудрых кіраўнікоў і цудам ацалелых навукоўцаў. – Родная Беларусь – прыклад для ўсіх, адзіная рэспубліка, якая захоўвае і нясе наперад традыцыі…”.

Традыцыі. Яны плывуць у будучыню, пагойдваючыся на хвалях часу. І нас нясе разам зь імі. Як плястыкавыя пакецікі, як неадкрытыя яшчэ малекулы, як шчэпкі.

Альгерд Бахарэвіч

2. Айзэк Азімаў - Адвакат чалавецтва